29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ксёндз з Ашмянаў, які ігнараваў каранавірус, знаходзіцца больш за два тыдні на ШВЛ

6
Ксёндз з Ашмянаў, які ігнараваў каранавірус, знаходзіцца больш за два тыдні на ШВЛ
Ксёндз Ян Пузына падчас Вербнай нядзелі 5 красавіка 2020 году
Фота: «Радыё Свабода»

Пасля яго шпіталізацыі касцёлы ў ашмянскім дэканаце зачынілі на каранцін.

Пробашч касцёла ў Ашмянах Ян Пузына трапіў у шпіталь з каранавірусам месяц таму. Ужо два тыдні ён знаходзіцца ў цяжкім стане. Раней ён параноўваў каранавірус са звычайным грыпам, піша “Наша ніва”.

«Ужо больш за два тыдні ксёндз Ян Пузына знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), уведзены ў штучную кому. Лекары кажуць, што стан яго здароўя стабільна цяжкі», — расказаў прэс-сакратар Гродзенскай курыі ксёндз Юрый Марціновіч.

Пасля шпіталізацыі ксяндза Пузыны касцёлы ў ашмянскім дэканаце былі зачыненыя на каранцін: не праводзіліся публічныя імшы і іншыя набажэнствы з удзелам вернікаў. Касцёлы былі адкрытыя для тых, хто хоча індывідуальна памаліцца. Цяпер яны зноў адчыненыя для ўсіх, службы праходзяць у звычайным рэжыме.

«Святары і вернікі, якія наведваюць святыні, прытрымліваюцца ўсіх рэкамендацый біскупа гродзенскага, а таксама мясцовых уладаў і службы аховы здароўя», — расказаў ксёндз Юрый Марціновіч. Паводле яго словаў, усе каталіцкія святары ашмянскага дэканату здаровыя і адчуваюць сябе добра.

Вялікія ўрачыстасці цяпер не арганізуюць

Ксёндз Юрый лічыць, што сітуацыя з ксяндзом Янам паўплывала на касцёл. Усе святары і вернікі стараюцца строга захоўваць правілы гігіены.

Ва ўсіх парафіях устрымліваюцца ад арганізацыі рэлігійных урачыстасцяў і іншых мерапрыемстваў з вялікай колькасцю ўдзельнікаў.

«У святынях праходзяць толькі імшы, на якіх прысутнічае не вельмі шмат людзей. Людзі застаюцца дома, шмат вернікаў удзельнічае ў нядзельнай і святочнай імшы анлайн. Усе душпастырскія акцыі і штогадовыя летнія ініцыятывы перанесены на пазнейшы час. Пакуль цяжка казаць пра канкрэтныя даты».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках