18 красавiка 2024, Чацвер, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якой краіне першай дастанецца вакцына ад каранавірусу?

4
Якой краіне першай дастанецца вакцына ад каранавірусу?

На распрацоўку прэпарату вылучаюцца велізарныя сродкі.

На распрацоўку прэпарату, які створыць у чалавека імунітэт да COVID-19, розныя краіны разам вылучаюць велізарныя сродкі. Пры гэтым кожная спадзяецца, што яе насельніцтва першым атрымае прышчэпку ад SARS-CoV-2, паведамляе Deutsche Welle.

7 400 000 000 эўраў... На онлайн-саміце, які праходзіў з ініцыятывы Еўракамісіі ў пачатку траўня, такую суму ахвяравалі дзясяткі краінаў і міжнародных арганізацый на паскарэнне распрацоўкі вакцыны ад каранавірусу. У суботу, 27 чэрвеня, адбудзецца яшчэ адно глабальнае дабрачыннае мерапрыемства для збору сродкаў на тыя ж мэты – канцэрт з удзелам зорак сусветнай эстрады. На запрашэнні кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен адгукнуліся Шакіра, Coldplay, Джэніфер Хадсан, Ашэр, Джасцін Бібер, Quavo, Chloe x Halle, Джэй Бальвін, the Queens і многія іншыя.

Ілона Кікбуш, якая пачала працаваць у Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) 30 гадоў таму і выкладае цяпер у жэнеўскім Інстытуце міжнародных даследаванняў, не ўзгадае такога энтузіязму. «Гэта рэвалюцыя, – сказала яна ў інтэрв'ю Deutsche Welle. – З'явілася агульная воля, якой у ранейшыя часы ніколі не было».

Але пры ўсім адзінстве кожная краіна спадзяецца стаць першай, насельніцтва якой атрымае прышчэпку ад SARS-CoV-2.

Урады робяць стаўку на розныя фірмы

На прыкладзе брытанскай фармацэўтычнай фірмы AstraZenka відаць, якая вострая канкурэнтная барацьбы вядзецца паміж краінамі ў пагоні за вакцынай. Фірма ўжо распрацавала шматспадзеўны прэпарат. «У верасні мы будзем ведаць, ці ёсць у нас дзейсная вакцына, ці не», – падзяліўся з карэспандэнтам ВПС кіраўнік AstraZenka Паскаль Сарыёт.

Але ўжо цяпер шмат мільёнаў дозаў яшчэ не дапушчанага да выкарыстання прэпарату забранявалі за сабой урады Вялікай Брытаніі, ЗША, Глабальнага альянсу вакцынаў і імунізацыі (GAVI), а таксама супольна Нямеччына, Францыя, Італія і Нідэрланды. Але незразумела, хто атрымае гэтую вакцыну першым, калі яна і на самай справе будзе дзейснай.

Таму ўрады розных краінаў робяць стаўкі адразу на некалькі перспектыўных «коней». І гэта правільная стратэгія, кажа Аляксандар Нуйкен з кансалтынгавай фірмы EY. «Да гэтага часу зусім не ясна, хто прыйдзе першым, – заявіў ён карэспандэнту Deutsche Welle, – таму добра, што дзяржаўныя субсідыі размяркоўваюцца шырокім веерам». Аналітыкі EY мяркуюць, што з больш чым 160 праектаў, якія цяпер вядуцца ў розных краінах для стварэння вакцыны, 97 адсоткаў не будуць даведзеныя да стадыі сертыфікацыі.

У ЗША паляванне на вакцыну вядзе генерал

У ЗША гонка за вакцынай набывае рысы ваеннай аперацыі. Кіраўніцтва даручана чатырохзорнаму генералу Густаву Перно – вайсковаму спецыялісту ў лагістыцы і кіраўніку камандавання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сухапутных войскаў Злучаных Штатаў. Генерал атрымаў ад вашынгтонскай адміністрацыі 10 мільярдаў даляраў, каб да студзеня ў краіне было дастаткова дозаў, каб зрабіць прышчэпкі ўсім амерыканцам.

Урад Нямеччыны пайшоў яшчэ далей – 300 мільёнаў еўраў увайшло ў дзель патэнцыйнага вытворцы вакцыны фірмы CureVac, якой дзесяць дзён таму дазволілі праводзіць клінічныя выпрабаванні яе новага прэпарату. Пры ягоным стварэнні была выкарыстаная так званая RNA-тэхналогія (рыбануклеінавая кіслата, РНК), пры якой вакцына ўтрымлівае часткі генетычнага матэрыялу вірусу.

CureVac з нямецкага Тубінгена ўваходзіць у лік тых 16 фірмаў, якія, паводле звестак САЗ, ужо афіцыйна тэстуюць свае вакцыны на людзях. Мяркуецца, што ўрад ФРГ выдаткаваў згаданыя 300 мільёнаў з тым, каб апярэдзіць замежных канкурэнтаў, якія таксама паклалі вока на гэтую біятэхналагічную кампанію.

Галоўныя спаборнікі – ЗША і Кітай

Акрамя AstraZenka, CureVac і яшчэ адной нямецкай фірмы з Майнца да лідараў у распрацоўцы вакцыны адносяцца таксама некалькі амерыканскіх і кітайскіх фармацэўтычных прадпрыемстваў. І спаборніцтва паміж ЗША і Кітаем у гэтай сферы становіцца ўсё больш вострым.

І ў Вашынгтоне, і ў Пекіне разумеюць, што ад таго, хто першым атрымае вакцыну ад каранавірусу, у вызначальнай ступені залежыць перазагрузка нацыянальнай эканомікі. Дэвід Фідлер з Рады міжнародных стасункаў (Council on Foreign Relations) у гутарцы з Deutsche Welle не выключыў, што ў ход могуць пайсці і метады шпіянажу, каб атрымаць доступ да найноўшых навуковых дасягненняў у гэтай сферы.

Пры ўсім сваім аптымізме Ілона Кікбуш мяркуе ЗША і Кітай не самымі надзейнымі хаўруснікамі міжнароднага альянсу, аб'яднанага імкненнем як мага хутчэй дамагчыся поспеху ў справе распрацоўкі вакцыны ад каранавірусу.

Фінансавыя рызыкі фармацэўтычных фірмаў

Ёсць сумневы і ў зацікаўленасці саміх фармацэўтычных і біятэхналагічных фірмаў у міжнародным супрацоўніцтве. Ініцыятыва САЗ «Act Accelerator» або створаная GAVI платформа Covax, накіраваная на тое, каб зрабіць вынайдзеную калі-небудзь вакцыну здабыткам усяго свету і абмежаваць для гэтага патэнтнае права, наўрад ці выкліча ў іх вялікі энтузіязм.

З аднаго боку, кажа Аляксандар Нуйкен з EY, фармацэўтычная галіна ўсведамляе сваю адказнасць, яна прыкладае незвычайныя намаганні, але, з другога – урэшце вынаходніцтва і вытворчасць вакцыны павінна быць для такіх прадпрыемстваў выгаднымі. А фінансавая рызыка – вялікая, бо многія прадпрыемствы ўжо пачалі вытворчасць сваіх прэпаратаў у надзеі на тое, што ў выпадку поспеху клінічных выпрабаванняў і атрымання допуску да ўжывання яны змогуць хутка пачаць продаж сваёй унікальнай вакцыны ў розныя краіны свету.

Зрэшты, Нуйкен не спадзяецца, што вакцына ад каранавірусу з'явіцца яшчэ да канца года. Больш за тое, ён не выключае, што яе ўвогуле не будзе, як няма дагэтуль прышчэпкі ад СНІДу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках