13 жнiўня 2020, Чацвер, 13:48
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнку найлепш самому сысці ў адстаўку проста цяпер

43
Леанід Заіка: Лукашэнку найлепш самому сысці ў адстаўку проста цяпер
Фото: tut.by

Гэта не выпадкова, што Качанава раней на «водаканале» працавала.

Менск ахоплены водным калапсам. Пачынаючы з чацвярга, 24 чэрвеня, у менчукоў з кранаў ідзе «атручаная» вада. Спачатку надзвычайнае здарэнне адбылося ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, а 25 чэрвеня геаграфія непрыдатнай для піцця вады пашырылася на часткі Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёна. Праблемы з вадой прадаўжаліся і ў пятніцу, 26 чэрвеня, а кіраўнік Менгарвыканкама заявіў, што не ведае, у чым прычына.

Сітуацыю для Charter97.org пракаментаваў жыхар Менска, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

– Як сітуацыя з вадой у Вас, Леанід Фёдаравіч? Што ўвогуле, на Вашу думку, адбылося?

– У мяне ўвогуле ніякай вады няма. Я сваім знаёмым адправіў паведамленні, што п'ю віскі і каньяк. Шмат назапасілася спіртнога для дэзынфекцыі, вось і мыем рукі віскі. Спатрэбіліся таксама вільготныя сурвэткі.

Я заўсёды казаў, што ў нас у дзяржаве ўсе займаюцца не сваёй справай. У краіне ёсць выдатны інжынер водазабеспячэння і каналізацыі – жанчына, якая цяпер узначальвае «савет рэспублікі», Наталля Качанава. Яна вучылася на інжынера сістэмаў ЖКГ, потым была дзяжурным інжынерам водазабеспячэння ў Полацку. Як толькі яе забралі з гэтай сістэмы – з вадой пачаліся праблемы... Пайшла служыць Лукашэнку – і не стала прафесіяналаў на сваіх месцах.

– Ці ў адной «Качанавай» тут праблема? Ці няма ў гэтым нечага больш значнага, чым проста тэхнагенная аварыя?

– Разумееце, з гледзішча, напрыклад, службы вонкавай выведкі Расеі, такія падзеі, як пакінуты без вады буйны горад, цалкам магчымыя.

Таму што там спецыялістаў у дыверсійных аперацыях вучаць, як парушыць сістэму водазабеспячэння, як паралізаваць працу тых ці іншых інфраструктурных аб'ектаў на тэрыторыі любой краіны. Гэта спецыяльныя метады і задачы, якія лёгка зрабіць добра падрыхтаванаму чалавеку. Дастаткова ўкінуць невялікую колькасць, скажам, парфумы Chanel №5 у менскі водаправод – і ўсе пачнуць бегаць. Так што я не выключаю і гэтай версіі.

– А як Вы ацэньваеце наступствы гэтага надзвычайнага здарэння? У Менску ў гарачыя дні сталі шматтысячныя чэргі па ваду. Людзі ў іх непрыязна адгукаюцца пра ўладу...

– Тут я бачу пісьменную логіку падзей.

У Менску былі вялізныя чэргі, людзі падпісваліся ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў...

Гэта значыць, калі скласці лагічна пісьменную канструкцыю, то атрымліваецца: людзі стаялі ў чэргах, уладам гэта не падабалася. Улада зусім па-дурному распачала спробы, каб людзі ўвогуле не стаялі ў чэргах на праспекце. Лагічна?

Яны (не важна хто, важная логіка падзей) ім адказалі: добра, тады людзі ў іншую чаргу пастануць, яшчэ большую. Яны і з'явіліся, як кара для ўладаў – у спякоту, з пустымі бітонамі, па ваду. Пісьменна ўсё.

– Чаму для ўладаў стала ўсё больш з'яўляцца такіх «чорных лебедзяў», як водны калапс у сталіцы?

– Яшчэ ў годзе 2004–2005 мае знаёмыя з ліку маскоўскіх навукоўцаў, якія мелі кантакты ў Крамлі, казалі мне, што Лукашэнка Пуціна ўжо дастаў.

Кадравыя пастановы Крамля павінны былі раней ці пазней адбыцца. Усё, кропка незвароту для Лукашэнкі пройдзеная. Ён зрабіў занадта шмат абмылаў.

Лукашэнка, кажучы мовай Абамы, перайшоў чырвоную рысу. Пасля гэтага супраць яго пачало дзейнічаць некалькі магутных чыннікаў. Звярніце ўвагу: тыя, хто працаваў пры Лукашэнку, з'ехалі ў Расею. Гэта амаль усе генералы, гэта Урал Латыпаў, гэта людзі, якім ён хацеў давяраць, гэта людзі са спецслужбаў – пачынаючы ад Латыпава і да апошніх фігурантаў ягонай службы бяспекі. Таму я думаю, што ішоў працэс збірання інфармацыі пра сапраўдны стан рэчаў. Гэта значыць пра тое, што Лукашэнка можа зрабіць у процівагу Маскве. Думаю, што ў Крамлі яго ўжо палічылі чалавекам спісаным. Ён яшчэ не кульгавая качка, але павінен разумець, што яму найлепш самому сысці ў адстаўку проста цяпер і не ўдзельнічаць у выбарах увогуле.

Давайце звернемся да апошняга візіту Лукашэнкі ў Маскву.

Я ўважліва ўсё гэта аналізую, таму што яшчэ ў СССР мне даводзілася вывучаць працы спецыялістаў у саветалогіі і крэмлелогіі. Гэта была вялікая праца экспертаў, якія вылічалі, хто стаіць, скажам, ля Хрушчова або Брэжнева, якія фігуры, на якой адлегласці, на якіх сустрэчах.

Я вельмі ўважліва глядзеў відэазапіс параду, усе паўтары гадзіны, вывучаў жэсты Лукашэнкі. Паводле звестак традыцыйных даследаванняў гэтай аналітыкі, Лукашэнка ў сукупнасці – сапраўды спісаны матэрыял. Гэта разумеюць кіраўнікі іншых краінаў.

Ён сам наіўны пры ўсіх ягоных так званых хітрыках. Ён думае, што яго ўратуе нейкі цуд, які ратаваў некалькі разоў. Напрыклад, атака на вежы-блізняты 11 верасня 2001 года, калі ён затрымаў Ірыну Хакамаду і Барыса Нямцова, і нешта яшчэ ў іншых выпадках, калі ён «нарываўся». А цяпер я ўпэўнены, што яго ўжо нічога не ўратуе. Мне цікавы ўжо сітуацыйны аналіз, калі Лукашэнкі палітычна не стане.

Яго можна адправіць жыць у любімыя Арабскія Эміраты. Усе б скінуліся яму на квіток. Гэта ўсё адчувае наменклатура. Я магу пра гэта казаць пасля ўважлівага вывучэння, як глядзіць і як рэагуе на ягоны выступ блізкае кола, пачынаючы з прэм'ера і віцэ-прэм'ера.

Супраць яго даволі пісьменна ўсё зроблена. Адзін з выпускнікоў МДІМА Валерый Цапкала ідзе на выбары як апанент. Другі выпускнік МДІМА Раман Галоўчанка цяпер – прэм'ер-міністр. Скажыце, у якой краіне нехта прайшоў бы міма гэтых фактаў? А потым, хто цяпер прэзідэнт Казахстана? Ён таксама сканчаў МДІМА. МДІМА – гэта буйная навучальная ўстанова, дзе выведка і контрвыведка жылі абняўшыся. Далёка хадзіць не трэба. У прафесіянала заўсёды паўстануць такія ацэнкі.

– Як на Вашую думку будуць развівацца падзеі? Ці магчыма, што гэтым летам або сёлета адбудзецца нешта беспрэцэдэнтнае?

– Я ўпэўнены, што Лукашэнка павінен сысці. Няма вады ў Менску – так, гэта не самы моцны чыннік супраць яго. Але ёсць і іншыя спосабы. А калі падысці да гэтага больш якасна, то ён сыдзе «праз стан здароўя».

Яму цяпер павінна быць 66 гадоў. Гэта досыць складаны ўзрост. Да 65 гадоў у Беларусі дажывае ўсяго толькі 48% мужчынаў. Гэта значыць, гэта кропка адліку. Даволі складана перажыць 65–66 гадоў з пункту гледжання здароўя і той нагрузкі, якая ёсць і можа быць. А калі чалавек увесь час паразітаваў на сваім здароўі, заўсёды казаў: «Ну што, пабяжым?» – такога кшталту рэчы заўсёды небяспечныя. Як толькі ты пачынаеш бравіраваць сваім здароўем, то атрымаеш на поўную праграму.

У яго назіраюцца праблемы, мяркуючы нават з вонкавага выгляду. Цяпер на яго будзе накатвацца яшчэ большы псіхалагічны прэсінг.

У апошні час з яго яшчэ і заявы непрадуманыя выскоквалі, калі ён стаў гаварыць афіцэрам і генералам пра тое, што войска «павінна садзейнічаць усталяванню парадку ў краіне». Гэта было каласальным парушэннем прынцыпаў любой ваеннай дактрыны. Армія, пачынаючы з статута NATO і іх падыходаў, ніколі ва ўнутраных працэсах не павiнна ўдзельнчічаць. А тут ён пра гэта сказаў: маўляў, будуць «дапамагаць усталёўваць парадак». Ну ўсё, хлопцы. Гэта памылка, якая будзе каштаваць яму шмат чаго. Ні адзін афіцэр не будзе выконваць нейкія загады, якія будуць накіраваныя супраць насельніцтва Беларусі. Яны гэта цудоўна разумеюць.

Узгадайце, як была заснаваная група Альфа. Калі Барыс Ельцын аддаў загад пра захоп апазіцыйнага парламента, яны не пайшлі без пісьмовага загаду. У адплату іх расфармавалі. Гэта ўсё засталося ў памяці афіцэраў і генералаў.

Сітуацыя для Лукашэнкі пачынае балансаваць на мяжы.