25 красавiка 2024, Чацвер, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ не падтрымлівае ідэю Трампа запрасіць Пуціна на саміт G7

5
ЕЗ не падтрымлівае ідэю Трампа запрасіць Пуціна на саміт G7
ДОНАЛЬД ТРАМП

Для вяртання РФ у «вялікую сямёрку» Маскве трэба спачатку змяніць свой курс, мяркуюць у ЕЗ.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль у аўторак, 2 чэрвеня, раскрытыкаваў прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа запрасіць Расею на наступны саміт G7. РФ не зможа вярнуцца ў групу «вялікай сямёркі» датуль, пакуль яна не зменіць свой курс, падкрэсліў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падчас выступу ў Брусэлі, паведамляе DW.

ЗША як краіна-гаспадыня саміту G7 сёлета, могуць толькі накіроўваць разавыя запрашэнні на сустрэчы, якія праходзяць у рамках гэтага мерапрыемства, але не зменяць яго фармат, нагадаў дыпламат.

Ідэя Трампа ў змене фармату G7

Першапачаткова планавалася, што 46-ы саміт G7 пройдзе з 10 да 12 чэрвеня ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Кэмп-Дэвідзе. Аднак у сакавіку на фоне пандэміі каранавіруса Вашынгтон заявіў пра намер замяніць вочную сустрэчу сусветных лідараў стасункамі ў фармаце відэаканферэнцыі.

Пазней Трамп прапанаваў усё ж вярнуцца да вочнага фармату саміту, заявіўшы, што ён мог бы стаць прыкметай вяртання Амерыкі да звыклага ўкладу жыцця. Аднак канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (Angela Merkel) адмовілася ад паездкі ў Вашынгтон на фоне пандэміі COVID-19.

30 траўня Дональд Трамп агучыў ідэю адкласці саміт «вялікай сямёркі» да восені і пашырыць яго фармат «да G10 або G11», запрасіўшы на яго Расею, Паўднёвую Карэю, Аўстралію і Індыю.

Са слоў Трампа, саміт G7 у пашыраным фармаце мог бы адбыцца ў верасні - перад пасяджэннем Генеральнай Асамблеі ААН або пасля яго. «Ці, магчыма, я зраблю гэта (правяду саміт G7- Рэд.) адразу пасля выбараў», - дадаў Трамп. У лістападзе 2020 года ў ЗША павінны прайсці выбары прэзідэнта краіны, і, мяркуючы з усяго, Трамп практычна не сумняваецца ва ўласным пераабранні.

Рэакцыя Масквы на ідэю Трампа пашырыць фармат G7

1 чэрвеня Трамп паведаміў праз тэлефон прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну пра свой намер запрасіць Расею на сустрэчу «вялікай сямёркі», аднак у Крамлі стрымана адрэагавалі на гэтую ідэю, піша агенцтва Reuters.

Як заявіла 2 чэрвеня афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава, Масква мяркуе, што ідэя Трампа правесці саміт G7 у пашыраным складзе «ідзе ў правільным кірунку». У той жа час Расея мяркуе, што ў саміце павінен браць удзел і Кітай, удакладніла спікерка. «Відавочна, напрыклад, што без удзелу Кітая наўрад ці магчыма рэалізаваць сур'ёзныя пачынанні глабальнага значэння», - цытуе Захараву газета «Известия».

Чальцамі «вялікай сямёркі», акрамя ЗША, з'яўляюцца Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Італія, Канада і Японія. Расея была выключаная са складу гэтай групы ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках