25 красавiка 2024, Чацвер, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Кіраўска кажуць пра сотні інфікаваных каранавірусам

4
Жыхары Кіраўска кажуць пра сотні інфікаваных каранавірусам

У горадзе ўвялі маскавы рэжым.

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй кіраўніцтва Кіраўскага райвыканкама ўвяло дадатковыя захады для спынення распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Галоўная дзяржаўная санітарная лекарка Кіраўскага раёна Яўгенія Уласава распавяла «Белсату», што захады будуць дзейнічаць, пакуль сітуацыя не палепшыцца.

Са слоў галоўнай лекаркі Кіраўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яўгеніі Уласавай, спецыяльную пастанову прыняў Кіраўскі райвыканкам.

«Я не валодаю інфармацыяй, наколькі сітуацыя з захворваннямі ў Кіраўску адрозніваецца ад іншых раёнаў. Сітуацыя такая ж, як і ўсюды, гэта адзінае, што я магу сказаць. Статыстыку мае толькі Міністэрства аховы здароўя. Таму я не магу сказаць, колькі інфікаваных у Кіраўску», - сказала галоўная санітарная лекарка Кіраўскага раёна Яўгенія Уласава.

ПАСТАНОВА КІРАЎСКАГА РАЙВЫКАНКАМА. ФОТА: KIROVSK.GOV.BY

Тым часам мясцовы райвыканкам абавязаў жыхароў раёна абавязкова выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі абароны. Установам раёна дазваляецца не абслугоўваць кліентаў, якія не маюць масак. У гандлёвых аб'ектах уводзіцца абмежаванне колькасці наведвальнікаў. Цалкам у раёне забаронены выязны гандаль, рэкамендуецца абмежаваць правядзенне масавых мерапрыемстваў.

У мясцовым райвыканкаме атрымаць каментар вакол сітуацыі з абмежаваннямі і з захворваннямі COVID-19 «Белсату» цягам дня не ўдалося. Намеснікі старшыні райвыканкама або знаходзяцца на лістку непрацаздольнасці, ці іх не было на працоўным месцы.

Мясцовыя жыхары кажуць, што менавіта райвыканкам і стаў адным з эпіцэнтраў заражэння каранавірусам.

«Ведаю, што довадаў таму няма, але людзі ў нас кажуць, што ў райвыканкаме адбыўся нейкі вялікі ці то сход, ці то семінар. І прыехалі людзі з усяго раёна і падчас сустрэчы многія заразіліся. Інфікаваны каранавірусам і намеснік старшыні райвыканкама. Дарэчы, раней на карантыне было мясцовае райпа», - распавёў Аляксандр, жыхар Кіраўска.

Карэспандэнт «Белсата» спрабаваў датэлефанавацца да намесніцы райвыканкама Таццяны Бяляўскай, але сакратарка пацвердзіла, што яна на лістку непрацаздольнасці.

Жыхары горада кажуць, што напраўду колькасць інфікаваных у раёне даволі вялікая.

«Кажуць, што ў нас больш за 160 чалавек заразіліся. Райвыканкам закрылі і ўвялі паўсюды маскавы рэжым», - распавяла «Белсату» жыхарка горада Яўгенія.

ПАСТАНОВА КІРАЎСКАГА РАЙВЫКАНКАМА. ФОТА: KIROVSK.GOV.BY

Характэрна, што пастанова райвыканкама з'явілася 29 траўня, але падпісаная яна прамінулай датай. Абмежаванні ў раёне ўвялі з 25 траўня і захады будуць дзейнічаць да асобага загаду мясцовай улады.

«Панікі не чуваць, толькі распавядаюць, што той падхапіў інфекцыю, або той. Вось, напрыклад, мой сябар з жонкай на тым тыдні захварэлі, але яны ў лёгкай форме, лечацца дома. Ну а так сапраўды, з нядзелі ў нас ужо без масак у краму не пускалі», - распавядае жыхар Кіраўска Аляксандр.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках