25 красавiка 2024, Чацвер, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кватэрах затрыманых паводле «справы Ціханоўскага» ідуць ператрусы

38
У кватэрах затрыманых паводле «справы Ціханоўскага» ідуць ператрусы
СЯРГЕЙ ЦІХАНОЎСКІ НА СУСТРЭЧЫ Ў ГАРОДНІ
ФОТА: TUT.BY

Таксама ў каманды блогера знік аўтамабіль.

Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохдзённы тэрмін з моманту затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і сямі ягоных паплечнікаў у Гародні 29 траўня. Усе яны затрыманыя ў рамках крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт.364 КК РБ) і знаходзяцца ў менскім ізалятары на вул. Акрэсціна. Пасля заканчэння трох дзён на свабоду ніхто з затрыманых не выйшаў, бо тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны да 10 дзён з моманту затрымання. Цягам гэтага часу (да вечара 8 чэрвеня) затрыманым павінны выставіць абвінавачванні альбо вызваліць, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Спіс затрыманых у межах крымінальнай справы паводле арт.364 КК РБ:

1. Ціханоўскі Сяргей

2. Разнічэнка Яўген

3. Фурманаў Дзмітрый

4. Навумік Уладзімір

5. Вушак Вяргілій

6. Арановіч Аляксандр

7. Калмыкоў Сяргей

8. Баброўскі Васіль

9. Сакаў Арцём (знаходзіцца ў ІЧУ Гародні)

Што вядомае на 2 чэрвеня?

29 траўня ў Гародні падчас правядзення пікету для збору подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у пікеце. Затрыманне адбылося пасля таго, як некалькі жанчын спрабавалі стварыць канфліктную сітуацыю. Інцыдэнт скончыўся ўмяшаннем міліцыі, дэманстрацыйным падзеннем супрацоўніка міліцыі на зямлю і затрыманнем Ціханоўскага і іншых удзельнікаў пікету АМАПам. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

Падчас перадвыбарчага пікету для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. Таксама, імаверна, затрыманыя людзі з каманды праекта «Краіна для жыцця».

30 траўня Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам у Гародні следчымі распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (на падставе арт.364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Увечары таго ж дня стала вядома, што Сяргея Ціханоўскага, а таксама яшчэ семярых затрыманых перавезлі з Гародні ў Менск у ізалятар часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.

Як паведаміла «Вясне» Святлана Ціханоўская, стала вядома, што восем затрыманых увечары 29 траўня ў Гародні, у тым ліку яе мужа блогера Сяргея Ціханоўскага, перавезлі з гродзенскага ізалятара ў Менск. Распачатая крымінальная справа на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

31 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай аб прызнанні Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго, а таксама вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых у Гародні грамадзян, калі яны непасрэдна не ўчынялі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

1 чэрвеня стала вядома аб затрыманні ўдзельнікаў каманды праекта «Краіна для жыцця» Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна. Паводле папярэдняй інфармацыі, Сярогіна пазней адпусцілі, а Арцём затрыманы Ленінскім аддзелам унутраных спраў Гародні на 3 дні ў рамках крымінальнай справы. Але якой менавіта справы - пакуль невядома.

Увечары 1 чэрвеня стала вядома, што ў гарадзенскай кватэры аднаго з затрыманых Уладзіміра Навуміка адбываецца ператрус. Падчас яго былі канфіскаваныя ноўтбук, флэшкі. Ператрус праводзілі супрацоўнікі міліцыі.

Ператрусы прайшлі ў кватэрах ў Яўгена Разнічэнкі, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага.

Таксама невядомыя людзі забралі аўтамабіль тэхнікай, на якім прыехала ў Гародню каманда Сяргея Ціханоўскага. Аўто належыць гомельскаму актывісту Уладзіміру Кузняцову, які даў яе ў часовае карыстанне блогеру. Уладзімір напісаў заяву аб выкраданні ягонага аўто.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках