У Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці ўведзены маскавы рэжым
3- 2.06.2020, 11:42
- 20,009
Мясцовым жыхарам таксама рэкамендавана не выязджаць за межы раёна.
Мясцовы райвыканкам выдаў адмысловы загад «у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй і для мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, на тэрыторыі раёна», паведамляе «Радыё Свабода».
Мера будзе дзейнай да яе скасавання. Кантроль за яе выкананнем даручаны галоўнаму санітарнаму лекару раёна.
На сайце мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі гаворыцца, што выкарыстанне масак насельніцтвам падчас наведвання грамадскіх месцаў абавязковае.
Жыхарам раёна рэкамендавана «пазбягаць выезду за межы адміністрацыйнай тэрыторыі, за выключэннем крайняй неабходнасці».
Кіраўскі раён быў адным з першых у Магілёўскай вобласці, дзе выявілі каранавірус. 4 красавіка галоўная санітарная лекарка вобласці Святлана Нячай паведаміла, што COVID-19 захварэў «рабочы-мігрант, які вярнуўся з Масквы».
На працягу наступных двух месяцаў не было паведамленняў пра вострую каранавірусную сітуацыю ў гэтым раёне. Пакуль не ўдаецца даведацца, колькі цяпер людзей заразілася COVID-19. На сайце Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі такой статыстыкі няма.