28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80-гадовыя бабулі клянуць Лукашэнку

5
80-гадовыя бабулі клянуць Лукашэнку
АНЖАЛІКА КАЛАТАЗІШВІЛІ

Людзі чакаюць пераменаў як мага хутчэй.

Актывістка з Слаўгарада, інвалідка першай групы Анжаліка Калатазішвілі расказала прэс-службе грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", чым жыве горад і што кажуць людзі пра тое, што адбываецца ў Беларусі:

– У нас цяпер складаная сітуацыя ў горадзе ва ўсіх дачыненнях. Узяць той жа "кавід". Хворых у нас вельмі шмат, лякарні перапоўненыя, уся інфармацыя хаваецца. Людзі з бессімптомнай формай ходзяць на працу. Усё пушчана на самацёк.

У нас у горадзе адсутнічаюць спецыялісты, якія могуць кваліфікавана дапамагчы, таму многіх хворых з цяжкай формай Covid-19 вязуць у Магілёў.

Учора ў маёй знаёмай памёр бацька ад пнеўманіі, яна ездзіла яго забіраць з морга ў Магілёў. Ён быў медыцынскім работнікам.

– А што людзі кажуць з нагоды выбараў?

– Я магу сказаць толькі тое, што чую ад сваіх суседзяў. Яны кажуць, што Лукашэнка ўжо ўсіх дастаў. Паглядзіце, нават з нагоды правакацыі ў Гародні ўсё ж усе ведаюць, ва ўсіх ёсць інтэрнэт, усе бачаць, што адбываецца ў краіне і ўсе супраць. Нават бабулі, якім 80 гадоў, і тыя незадаволеныя Лукашэнкам. Клянуць. Лукашэнку, я вам скажу шчыра, клянуць, нават не хочуць пра яго гаварыць. Я чула нават ужо ад чыноўнікаў, што галасаваць за яго яны не будуць.

У нас у горадзе жыць немагчыма. У мяне інваліднасць першай групы, цяжкая інваліднасць. Я атрымліваю 340 рублёў пенсіі. У зімовы перыяд мне даводзіцца палову з гэтых грошай аддаваць за камунальныя паслугі, пры тым, што я пражываю ў інтэрнаце.

Заробкі ў Слаўгарадзе не перавышаюць 350–400 рублёў, нават менш. Калі гэта калгасы, то ўвогуле сітуацыя безнадзейная, людзі проста выжываюць.

Горад невялікі, фактычна 8 тысячаў насельніцтва. Мы амаль усе адно аднаго ведаем, тых самых прадаўцоў на рынку, у краме. І вось я, напрыклад, магу пайсці ў краму, пазычыць паводле спісу, як і многія. Калі я пенсію атрымліваю, я прыходжу ў краму і аддаю пазыку. Так вельмі шмат людзей робіць. Недахоп грошай. Паелі, зноў няма грошай, зноў пайшлі запісаліся, зноў пазыкі. Вось так мы жывем.

Як людзі збіраюць дзяцей у школу. Ідуць бацькі, набіраюць на 2-3 месяцы растэрміноўку на рынку ці бяруць крэдыты, каб сабраць дзіця ў школу. Разумееце, як цяжка?

Таму людзі вельмі чакаюць пераменаў. Так, не ўсе пра гэта так адкрыта кажуць, як я, але перамены для людзей – гэта мара.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках