23 красавiка 2024, aўторак, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Марчык: Усе гатовыя да змены ўлады

22
Віктар Марчык: Усе гатовыя да змены ўлады
ФОТА: «НАША НІВА»

Да пераменаў прывядуць не «выбары», а Плошча.

У дзясятках гарадоў Беларусі адначасова праходзяць масавыя пікеты за кандыдатаў пратэсту. Сваімі ўражаннямі пра апошнія падзеі ў краіне з Charter97.org падзяліўся актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» са Слоніма Віктар Марчык:

- Я ўжо шмат гадоў удзельнічаю ў выбарчых кампаніях у Беларусі, але такіх чэргаў да альтэрнатыўных кандыдатаў не назіраў ніколі. Краіна ўскалыхнулася, людзі сапраўды пачалі прачынацца, ім ужо не заплюшчыш вочы і не залепіш вушы.

За 26 гадоў сістэма ўлады Лукашэнкі дэградавала цалкам, у краіне ўсё разрабавана і параскрадана - менавіта верхавінай улады, ягонымі найбліжэйшымі паслугачамі.

Са сваіх назіранняў, магу сказаць: сітуацыя ў Беларусі блізкая да рэвалюцыйнай. Пераменаў хочуць ужо не проста актыўныя грамадзяне і лідары апазіцыі, а практычна ўсё насельніцтва. Больш за тое, практычна ўсе разумеюць, што перамены наступяць не на "выбарах", а на Плошчы. І аб выхадзе на Плошчу гавораць ужо тыя людзі, якія раней зусім не цікавіліся палітыкай.

Лукашэнку становіцца ўсё цяжэй утрымаць сваю бандыцкую і распусціўшую чужыя грошы ўладу. У прынцыпе, за яго чапляцца мае сэнс ужо толькі для яго і невялікай купкі людзей, якіх у выніку змены ўлады будуць судзіць за парушэнні Канстытуцыі і крымінальныя злачынствы.

- У чым асаблівасць пратэстных пікетаў у вашым рэгіёне?

- Я браў удзел ва ўсіх слонімскіх пікетах для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Вядома, першае, што мяне ўразіла - гэта іх масавасць. Пры гэтым адначасова людзі паказваюць зборшчыкам за Лукашэнку «дулю ў кішэні». Мне вядомыя неаднаразовыя выпадкі на слонімскіх прадпрыемствах, калі працоўныя шчыра казалі начальству: «Не, за Лукашэнку не будзем - і кропка». Такіх масавых адмоваў падпісвацца за яго не было яшчэ ні ў адной выбарчай кампаніі.

Актывісты «Краіны для жыцця» і журналісты іх незалежных СМІ былі на нашых пікетах і размаўлялі з людзьмі. Мне і самому было цікава, чаму слонімцы так масава прыходзяць і падпісваюцца. Практычна кожны першы кажа: усё, годзе, пара мяняць гэтую сістэму, за Лукашэнкам ніякіх паляпшэнняў не будзе. Жанчыны часта кажуць пра тое, што гэтая ўлада разбіла іх сем'і: мужоў яны бачаць раз на паўгода, калі тыя прыязджаюць з заробкаў.

Яшчэ больш жорстка свае прэтэнзіі да Лукашэнкі на пікетах выказваюць рабочыя, якія ў нас у рэгіёне жыляцца за мінімалку - $130-140 на месяц. Гэтыя людзі ўпэўнены, што ўлада іх падманула. Яны так і кажуць: "Я таксама хачу есці, як Лукашэнка, чырвоную рыбу, чорную ікру, хоць бы раз на год ездзіць на цёплыя моры». Ведаеце, гэта і ёсць класічная рэвалюцыйная сітуацыя - як у падручніках. Просты рабочы бачыць у гэтай уладзе звычайных злачынцаў, якія яго абабралі.

Яшчэ больш падліла алею ў агонь недарэчная правакацыя супраць Сяргея Ціханоўскага і ягоны арышт у Гародні. Людзі збіраліся групамі на вуліцах і абмяркоўвалі гэта: хтосьці смяяўся з недалужнай пастаноўкі уладаў, але многія яшчэ больш узлаваліся. Лукашэнка зрабіў сабе толькі горш, людзей шакавала гэтая нахабства, у нас проста ўсё завіравала, на пікеты стала прыходзіць яшчэ больш народу.

Я ў гэтай сувязі хачу сказаць людзям у пагонах: не выконвайце бяздумна злачынных загадаў улады. Тым самым і вы становіцеся злачынцамі. І калі зменіцца ўлада - а яна зменіцца неўзабаве - вы будзеце з ёй на лаве падсудных. І тады не дапамогуць словы: «Ну вы ж разумееце... Нам загадалі... Мы самі не хацелі...». Не спрацуе! Абавязкова будзе разбіральніцтва і давядзецца адказаць па ўсёй строгасці закона. Усё адно, ці носіце вы пагоны, ці сядзіце ў кабінетах, або «лічыце» галасы ў камісіях... Проста ўжо цяпер зрабіце выбар на карысць сваёй будучыні.

- Чаму вы так упэўненыя, што ўлада зменіцца ўжо неўзабаве?

- Я даўно назіраю за дзеяннямі Лукашэнкі - і акурат апошнім часам вакол яго ўсё пачало фатальна раскідвацца і сыпацца. Паглядзіце, ён жа робіць памылку за памылкай.

Наогул, па натуры Лукашэнка - баязлівец. Ён цяпер вельмі баіцца і праз гэтага паводзіць сябе яшчэ больш неадэкватна. Ён цяпер не давярае найбліжэйшаму атачэнню і баіцца кожнага выпаду ў свой бок. Ён пачынае нервавацца і дрыжаць ад найменшых ваганняў паветра вакол сябе. Увогуле, ён жудасна баіцца і здзяйсняе шматлікія памылкі.

А людзі бачаць гэта. Ён чакае ад тэлевізара нейкага эфекту, а выходзіць наадварот: людзі бачаць яго нервовыя кіданні і адначасова смяюцца, адчуваюць шок і злуюцца. Яго «варушэнні вусамі» ўжо нікога не палохаюць - толькі яшчэ больш заводзяць.

Нават тых людзей, якія былі да яго больш-менш лаяльныя або, як яны мяркуюць, «трымалі залатую сярэдзіну», Лукашэнка ад сябе адштурхнуў. Апошні яго электарат ужо заўважыў, што ў яго ўнутры. А нутро ў яго - гнілое.

Мне даводзіцца бываць у кабінетах мясцовых чыноўнікаў. Практычна ўсе яны - людзі разважныя, разумеюць, што сітуацыя ў краіне мяняецца. У прыватных размовах яны так і паведамляюць: «Мы ўсё разумеем, але ў адкрытую супраць яго выступіць пакуль не можам - інакш нас проста прыбяруць». Іх пазіцыю можна расцэньваць як чакальную. Але адно можна сказаць дакладна: вертыкаль улады ў рэгіёнах ужо практычна ўся супраць Лукашэнкі.

Я ведаю з камунікацыі, што ім самі гэта ўсё ўжо вельмі надакучыла. І на выбарах - гэта дакладныя звесткі - яны будуць галасаваць супраць Лукашэнкі. Свой выбар яны ўжо фактычна зрабілі. І ён - супраць Лукашэнкі, хоць яны і самі знаходзяцца ў ягонай сістэме.

Тое ж самае я магу сказаць і пра шараговых супрацоўнікаў і малодшых афіцэраў слонімскай міліцыі. Тэстам сталі нашы пікеты за Святлану Ціханоўскую. Пры жаданні яны маглі зладзіць на іх усялякую правакацыю, падаслаць п'янага, зладзіць скандал і гэтак далей. Але нічога такога не адбылося. Наадварот, стаўленне да ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных кандыдатаў было падкрэслена ветлівым.

- Як паўплывала на стаўленне да ўлады эпідэмія каранавіруса?

- У вас у раёне утварыўся буйны асяродак інфекцыі - Жыровіцкі манастыр. Гэтая праблема імгненна стала вельмі актуальнай для людзей.

Усе выдатна разумеюць, што афіцыйная статыстыка заніжаецца ў разы. Калі людзі бачаць, як іх сваякі захворваюць, а многія потым і паміраюць, а на тэлевізіі ім нахабна хлусяць, ды яшчэ і абражаюць памерлых - незадаволенасць гэтай уладай пачынае зашкальваць.

І вінавацяць найперш асабіста Лукашэнку. Зрэшты, гэта і справядліва: ён фактычна запусціў гэтую заразу ў нашу краіну і дазволіў ёй бескантрольная распаўсюджвацца. І ўсе гэтыя смерці ад каранавіруса - менавіта на ягоным сумленні.

У нас у горадзе людзі гавораць пра гэта адкрыта. І я іх разумею: у мяне самога падчас эпідэміі памерла родная цётка. Вядома, у дыягназе слова «каранавірус» дзеля статыстыкі схавалі, але хавалі ў закрытай труне. Так што зразумела, ад чаго гэта адбылося.

Лукашэнка сапраўды ператварыўся ў «Сашу тры адсоткі» - калі не менш. Мяне многія ведаюць у горадзе, я займаюся і юрыдычнай падтрымкай грамадзян, і гуманітарнай дапамогай. З-за актыўнай пазіцыі мне, як я ўжо казаў, даводзіцца бываць і ў кабінетах мясцовых чыноўнікаў. Таму магу дакладна сказаць: усё гатовыя да змены ўлады. І нават мясцовыя кіраўнікі, хто не «ў брудзе», гатовыя яе мяняць. Тым больш, што яны разумеюць: прафесіяналы, не заплямленыя злачынствамі супраць народа, будуць патрэбныя і пасля змены ўлады.

Так што людзі на пасадах, якія не парушаюць закон, не баяцца змены ўлады - яны яе чакаюць.

- Як, на вашу думку, трэба дзейнічаць, каб перамены адбыліся?

- Трэба, як казаў Мікалай Статкевіч, зламаць гульню Лукашэнкі. Выкарыстоўваць гэтую выбарчую кампанію, каб паказаць: нас - пераважная большасць.

А ў канцы, калі Лукашэнка не сыдзе сам і будзе «ссінелымі пальцамі хапацца за крэсла» - мірны, масавы выхад на Плошчу. І побач з людзьмі павінны быць цяперашнія альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты. І калі мы ў адзін момант выйдзем гэтак жа масава, як зараз выходзім на пікеты, паверце мне, з намі будуць і міліцыянты, і вайскоўцы. Яны павінны бачыць сваіх сваякоў і знаёмых на Плошчы.

Бо практычна ўсе ўжо разумеюць: трэба змяніць у краіне ўсяго толькі аднаго чалавека - і ўсё будзе добра. Хай не адразу, але пачнуцца працэсы перамен. І нашы дзеці будуць жыць у іншай, цудоўнай краіне - у цэнтры Еўропы, такой жа, як Бэльгія або Францыя.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках