19 красавiка 2024, Пятніца, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Цыганкоў: Атмасфера наэлектрызаваная

68
Віталь Цыганкоў: Атмасфера наэлектрызаваная
Фота: ТАСС

Частка людзей настроена досыць радыкальна.

Пра гэта палітолаг Віталь Цыганкоў распавёў у эфіры "Радыё Свабода":

- На Камароўцы збіралі подпісы і за Бабарыку, і за Казлова, але менавіта чарга ахвотных падпісацца за Ціханоўскую дайшла ад Камароўкі да вуліцы Якуба Коласа, расцягнуўшыся амаль на кіламетр. Амаль усе гэтыя людзі былі ў масках - я думаю, гэтым яны наўмысна паказвалі сваю цывілізаванасць і сур'ёзнае стаўленне да праблемы каранавіруса. Было больш людзей з бел-чырвона-белай сімволікай. Людзі разумеюць, што Ціханоўскую могуць не зарэгістраваць. Але яны палічылі неабходным прыйсці, стаць у гэтую чаргу, каб прадэманстраваць сваё абурэнне і сваю салідарнасць.

У тых, хто прыйшоў, як мне здаецца, два матывы. Першы - даняло такое жыццё і такі кіраўнік. Другі - выказаць абурэнне тым, што адбываецца апошнія дні, абурэнне затрыманнем Ціханоўскага. Пакуль ніякія палітычныя лідары не заклікаюць да нейкіх радыкальных дзеянняў, таму пакуль мы бачым толькі такую форму пратэсту.

Чарга, якую мы ўбачылі, была рэкордна вялікая. Натуральна, значная частка людзей прыйшла менавіта ў сувязі з апошнімі навінамі. Пакуль гэта ўсё яшчэ проста збор подпісаў, хоць у такой форме людзі відавочна выказваюць свой пратэст і абурэнне, а не проста "падпісваюцца". І мяне ўражвае, што людзі гатовыя прастаяць 2-3 гадзіны толькі для таго, каб зрабіць гэты грамадзянскі ўчынак.

Як мне здаецца, на сёння значная частка людзей больш радыкальна настроеная, чым палітычныя лідары. Таму яны выбіраюць сваім кандыдатам менавіта Ціханоўскага. Па-мойму, сёння для тых людзей, якія прыходзяць падпісвацца, усе альтэрнатыўныя кандыдаты - «свае». Я бачыў як людзі, пастаяўшы падпісацца за Ціханоўскую, пастаялі ў меншай чарзе, каб падпісацца за Бабарыку.

Як мне здаецца, і «памяркоўныя» кандыдаты адчулі, што ў гэтай выбарчай кампаніі людзі патрабуюць не нейкіх праграм рэформаў, ня геапалітычнага выбару, а проста вызначэння наконт таго, «за» ці «супраць» Лукашэнкі. Напрыклад, той самы Цапкала, які ў першыя дні сваёй кампаніі казаў пераважна пра рэформы і Сінгапур, зараз ужо пачаў даваць з'едлівыя каментары з нагоды «козачак і каровак» Лукашэнкі.

На пікеты прыйшлі самыя розныя людзі, самых розных слаёў. Пераважна маладыя, ад 20 да 40 гадоў - відавочная большасць. Пераважна рускамоўныя, гэта не палітычныя актывісты. Гэта пераважна новыя для палітыкі людзі, часам яны прызнаюцца журналістам, што выйшлі на пратэст упершыню ў жыцці.

Мне здаецца, што атмасфера наэлектрызаваная, яна на грані. У кожны момант можа здарыцца, што людзі не толькі будуць нешта крычаць, а могуць сілавым чынам адказаць міліцыі. Мы ўжо бачылі, як людзі ў Гародні расхіствалі тую міліцэйскую машыну. Я думаю, што гэта людзі, якія выходзілі на антыдармаедскія пратэсты ў 2017 годзе, якія выходзяць ад злосці і роспачы. Нельга сказаць, якая частка гэтых людзей настроена досыць радыкальна, але тое, што яны з'явіліся, гэта факт.

Яшчэ ўвосень, калі для большасці палітыкаў і аналітыкаў было відавочна, што «выбары» не будуць несці ніякай інтрыгі - я з гэтым спрачаўся, бо бачыў 2 рэчы: падзенне папулярнасці Лукашэнкі і эканамічныя праблемы, якія не развязваюцца. І цяпер, як мне здаецца, гэтая кампанія ўжо вельмі адрозніваецца ад усіх папярэдніх.

Па-першае, з 2001 года не было такіх кандыдатаў, як Цапкала і Ціханоўскі. Па-другое, феномен Ціханоўскага. Блогераў было шмат, быў, напрыклад, Максім Філіповіч, але гэта было не падчас выбараў. А тут з Ціханоўскім усё супала. І гэта не «праект», самі людзі нарадзілі гэты праект, яны самі штурхалі Ціханоўскага ў кожным стрыме да больш актыўных і палітычных дзеянняў.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках