25 красавiка 2024, Чацвер, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская лекарка: Мы ідзём у акопы, а ўлада ваюе на чужым боку

19
Беларуская лекарка: Мы ідзём у акопы, а ўлада ваюе на чужым боку
ФОТА: ABW.BY

Ёсць два сцэнары развіцця эпідэміі каранавіруса ў Беларусі.

У Беларусі ўсё больш медыкаў захворваюць і паміраюць ад каранавіруса, але афіцыйная статыстыка хавае колькасць медработнікаў, якія сталі ахвярамі пандэміі COVID-19.

Сайт Charter97.org наважыў даведацца аб рэальнай сітуацыі ў беларускай медыцыне і пагутарыў з прафесійнай лекаркай, актывісткай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аленай Церашковай.

- Медыкі, як і звычайныя людзі, не застрахаваныя ад заражэння каранавірусам. Мы не жалезныя.

Акрамя таго, не ва ўсіх установах патрэбны ўзровень забяспечанасці сродкамі індывідуальнай абароны. На жаль, недастаткова свядома ставяцца да гэтай хваробы і пацыенты, і медперсанал, які часам недаацэньвае сур'ёзнасць сітуацыі.

Сур'ёзнасць у тым, што доўгі час чалавек, які патэнцыйна небяспечны для астатніх, не ведае, што ён хворы. У COVID-19 працяглы інкубацыйны перыяд. Вельмі цяжка доўгі час пільнавацца cанітарных нормаў. Асабліва, калі ствараецца ўражанне, што няма рэальнай небяспекі вакол. На жаль, гэта пачуццё падводзіць многіх. У тым ліку - медработнікаў, якія не ведаюць, што з'яўляюцца ўжо небяспечнымі для калег і пацыентаў.

Сярод маіх знаёмых ёсць калега-лекар, які памёр ад каранавіруса. Гэта вядомы выпадак. Памёр лекар УГД Ілля Лямеза. На жаль, я не ведаю падрабязнасцяў. Вельмі шкада, ён быў выдатны спецыяліст і проста цудоўны чалавек. Мы яго не забудзем.

Колькасць заражаных і памерлых медыкаў увесь час расце, мы чуем то пра адзін выпадак, то пра іншы. Агульныя лічбы, вядома, уладамі хаваюцца.

- Як выглядае праца беларускага лекара падчас пандэміі каранавіруса?

- Усё больш лекараў тэрапеўтычнага профілю пераходзіць на працу непасрэдна з хворымі на каранавірус. Лякарні дзеляцца на «брудныя» і «чыстыя» зоны. Лекары не пакідаюць аддзяленняў у перыяд працы. Усё вельмі сур'ёзна ставяцца да гэтага.

Паўтаруся, інкубацыйны перыяд СOVID-19 вельмі працяглы. Ніхто з нас дакладна не ўспомніць, што было два тыдні таму. Вы таксама не ўспомніце, ці маглі перасякацца з кімсьці, быўшы недастаткова абароненымі. Таму цяпер усё сур'ёзна. Выходзячы на працу мы ідзём «у акопы», а ўлада ваюе на чужым боку.

- Шырокі распаўсюд атрымала выказванне «Застаньцеся дома, калі не хочаце, каб вас інтубаваў гінеколаг». Якая сітуацыя з кадрамі ў беларускай медыцыне?

- Калі чалавек патэнцыйны пераносчык віруса, ён не можа працягваць выконваць свае абавязкі лекара або медсястры. Таму ў некаторых месцах нагрузка на медыкаў павысілася шматкроць. Гэта не значыць, што «гінеколагі будуць інтубаваць», але, каб прасачыць за пацыентам, трэба лішні раз да яго падысці, спытаць, як ён сябе адчувае. Нават калі ты нічога яму не робіш, то кантроль яго стану вельмі важны. Таму, вядома, брыгада не будзе складацца з адных траўматолагаў або гінеколагаў.

Праводзіцца навучанне на выпадак, калі сітуацыя сапраўды стане крытычнай, каб лекары разумелі, што адбываецца, каб адэкватна рэагаваць. Пакуль у гэтым сэнсе катастрофы няма. Назіраем, стараемся адпавядаць, праходзяць кансультацыі, надаецца тэрміновая дапамога. Нам сапраўды цяжка.

Так, многім лекарам давялося перапрафілявацца. Але што да працы непасрэдна з хворымі, медыцынская адукацыя на этапе вучобы досыць універсальная. Фактычна, першыя пяць гадоў праграма для траўматолагаў, гінеколагаў і тэрапеўтаў адзіная. Толькі потым пачынаецца спецыялізацыя. Таму нельга сказаць, што няпрофільны лекар абсалютна не разумее, што адбываецца цяпер. Рэч у тым, што ў сваім ранейшым паўсядзённым практычным жыцці ён сустракаўся з іншымі дыягназамі, але ўсе мы мелі справы з выпадкамі не толькі ў нашых спецыяльнасцях, але і пабочнымі. У прынцыпе, мы арыентуемся, што ў такім выпадку трэба рабіць і ведаем, у каго пракансультавацца для больш дакладнага і тэрміновага дыягназу.

- Якая сёння сітуацыя са сродкамі індывідуальнай аховы ў шпіталях?

- У кожнай лякарні па рознаму. Ведаю, што прыязджаюць валанцёры. У тым ліку - у нашым аддзяленні яны пыталіся, што трэба. Мы на той момант былі забяспечаныя, таму пастараліся не моцна адцягваць іх рэсурсы на сябе. Добра, што людзі бяруць на сябе адказнасць і функцыі, якія павінна браць на сябе дзяржава.

У рэгіёнах сітуацыя значна горшая, чым у Менску, асабліва ў раённых лякарнях.

- Як змянілася стаўленне да лекараў падчас эпідэміі?

- Заўсёды былі людзі, якія паважалі лекараў і ўважалі іх за сваіх патэнцыйных выратавальнікаў, і былі тыя, якія ўважалі лекараў за сваю «прыслугу». Нашы ўлады ніколі не клапаціліся пра тое, каб быць карэктнымі ў дачыненні да лекараў. Хутчэй, яны нас эксплуатавалі.

Пандэмія толькі абвастрыла агульную сітуацыю. Мы канстатуем, што ўлада чарговым разам нам нахаміла.

- Які ваш прагноз развіцця сітуацыі з COVID-19 у Беларусі?

- Сітуацыя ў Беларусі будзе развівацца паводле законаў эпідэміялогіі. Ёсць два сцэнары развіцця пандэміі. Гэта будзе адбывацца нягледзячы на тое, што заяўляе кіраўніцтва нашай краіны. Калі будуць прыняты захады ізаляцыі, забарона масавых мерапрыемстваў - колькасць выпадкаў інфікавання знізіцца. Калі гэтага не будзе зроблена, то мы атрымаем абвастрэнне сітуацыі. Ад гэтага проста не сысці. Альбо будуць створаныя ўмовы для ізаляцыі, альбо будуць створаны ўмовы для распаўсюджвання інфекцыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках