29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Людзі стаміліся ад сталай хлуснi

12
Зміцер Бандарэнка: Людзі стаміліся ад сталай хлуснi
ФОТА: EURORADIO

Краіна прыйшла ў рух.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка адказаў на пытанні YouTube-канала Форуму свабоднай Расеі. Варта адзначыць, што размова была запісаная да арышту блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гародні.

Charter97.org прыводзіць стэнаграму размовы са скарачэннямі.

- Беларуская ЦВК паведаміла аб новым рэкордзе: аж 55 ініцыятыўных груп сёлета падалі заяўкі на рэгістрацыю. З чым вы звязваеце такую актыўнасць?

- Сёння беларусы ў стане разбуджанага рою. Казаць пра беларускае балота не даводзіцца. Гэта звязанае са шматгадовай стомленасцю ад рэжыму Лукашэнкі і ад гэтых беспардонных, нахабных дзеянняў уладаў падчас сусветнай пандэміі і эпідэміі ў Беларусі. Ад усіх гэтых парадаў, суботнікаў, ад гэтай бясконцай хлусні і абсалютна неадэкватных паводзін сённяшняй першай асобы. Ёсць актыўнасць знізу, і ўлады на хаду прыдумляюць, як з гэтай актыўнасцю змагацца. Паспрабавалі ўсё давесці да абсурду, нарэшце спыніліся на 15 зарэгістраваных.

- Вы ўжо адзначылі, што 15 груп атрымалі рэгістрацыю, і мы бачым, досыць шырокі спектр людзей, ахвотных заняць прэзідэнцкае крэсла. Гэта і сам Лукашэнка, і, апроч яго, былы банкір, былы чыноўнік Лукашэнкі, прадстаўнікі сістэмнай апазіцыі, прадстаўнікі несістэмнай апазіцыі, якія нават праводзілі ўласныя праймерыз. Акрамя таго, кандыдаты пратэсту, якія заклікаюць людзей выйсці на вуліцы, і нават музыка фолк-метал гурта. На вашы прагнозы, колькі чалавек усё ж пройдуць у фінальны бюлетэнь?

- Мне здаецца не гэтак важна, колькі будзе зарэгістравана людзей, а важна, што адбудзецца ў Беларусі, хто пераможа. Важна яшчэ, ці будуць удзельнікі гэтай выбарчай кампаніі выконваць захады сацыяльнага дыстанцыявання і нейкія карантынныя захады. Мы бачым, што некаторыя кандыдаты гэта робяць хоць бы праз клопат пра ўласнае здароўе, уласную бяспеку, а ёсць некаторыя, як той жа Лукашэнка, якія цалкам гэта ігнаруюць. Ужо адзначалі людзі, што прыходзяць у кватэры: «Вы за Лукашэнку? Хочаце падпісацца?». Без масак, без нічога. Такіх персанажаў проста выганяюць. Мне здаецца, гэта найбольш важна. Колькасць, колькі далей пройдзе, не такая важная, напэўна.

Галоўнае чаканне - ці зарэгіструюць Бабарыку (у тым, што ён збярэ подпісы, я не сумняваюся), і ці зможа сабраць подпісы аб'яднаная каманда Ціханоўскага-Статкевіча. Там, сапраўды, вельмі шмат людзей, гатовых да актыўных пратэстных дзеянняў. Ад гэтага будзе залежаць развіццё сітуацыі ў ліпені-жніўні.

- Вы ўжо згадалі Віктара Бабарыку, былога кіраўніка праўлення «Белгазпрамбанка». Таксама другі папулярны кандыдат - Валерый Цапкала, у мінулым чыноўнік Лукашэнкі, які кіраваў Паркам высокіх тэхналогій. Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі называюць іх стаўленікамі Лукашэнкі альбо Масквы, каб стварыць ілюзію выбару, альбо, каб паўплываць на беларускую сістэму. Вы падзяляеце гэтыя сумневы ў дачыненні да Бабарыкі і Цапкалы? Чые гэта конікі?

- Цапкала мне ніколі не падабаўся. Ён мільгаў у палітыцы то ў камандзе Лукашэнкі, то ў камандзе Шушкевіча ў розныя гады. Рабіў заявы, што Беларусь стане азіяцкім цмокам...

Бабарыка, на мой погляд, значна больш цікавая постаць. Хоць тое, што чалавек за 20 гадоў прапрацаваў у «Белгазпрамбанку», філіяле «Газпрома», напэўна, гэта не проста так. Я веру ў тое, што людзі часам робяць нелагічныя ўчынкі або пад уплывам новай інфармацыі мяняюцца, пачынаюць рызыкаваць, падводзяць жыццёвыя вынікі. Бабарыка мой аднагодак, таксама 1963 года нараджэння, мне зразумелая ягоная псіхалогія.

Толькі ёсць пытанне: ці гатовы Бабарыка служыць Беларусі і беларускаму народу, спаліць за сабой масты таксама, як гэта зрабілі ў свой час Саннікаў, Статкевіч, Пазняк, Някляеў і іншыя людзі? Інакш не атрымаецца, бо ідзе бітва Дабра і Зла. Можна нейкі час, як зэкі кажуць, «прапятляць», але потым наступіць момант ісціны. Мажліва, ёсць Божая іскра ў Віктара Дзмітрыевіча, і ён пойдзе да канца разам з беларусамі, якія хочуць зменаў у краіне.

- Акрамя таго, Лукашэнка балатуецца на свой 6-ы тэрмін. Справядлівымі і сумленнымі выбары былі прызнаныя апошнім разам у 1994 годзе. Як вы мяркуеце, як Віктар Бабарыка адрэагуе на, думаю, што ўжо адназначна, фальсіфікацыю чарговых выбараў, калі ён адзначыў, што папярэднія выбары не маглі быць сфальсіфікаваныя?

- Я хацеў бы сказаць, што Лукашэнка ідзе на 7-ы тэрмін, бо першы тэрмін быў у 1994-1996 гадах, калі яшчэ дзейнічала Канстытуцыя 1994 года. З 1996 да 2020 года ён ужо кіраваў адпаведна з новай Канстытуцыяй з ягонымі пашыранымі паўнамоцтвамі. Мне падабаецца ў моладзі лозунг «7-ы тэрмін у Лукашэнкі можа быць толькі ў турме». Гэта справядлівы вынік ягонай дзейнасці за ўвесь час.

Што да Бабарыкі, напэўна, часткова адказаў ужо ў папярэднім адказе. Я спадзяюся на лепшае. Мне здаецца, што ён цяпер выступае ў вобразе прафесара, у вобразе батаніка. Такі актыўны батанік, які атрымаў камунікацыю з народам. Гэта самае страшнае, што можа быць для Сістэмы, якія б там сілы за Бабарыкам не стаялі і якія матывы ім бы не рухалі.

Мы ведаем з гісторыі, што, напрыклад, у лідара польскай «Салідарнасці» Леха Валенсы ў жыцці таксама былі розныя сітуацыі. Як мінімум, калі быў ключавы момант у гданьскай верфі і ён абвясціў пра канец страйку, жанчыны, у тым ліку там былі этнічныя беларускі, яму не далі зрабіць гэта. «Ты не маеш права, мы не можам дзеля адной верфі, дзе мы дамагліся свайго, спыніць страйк, бо на нас спадзяецца ўся Польшча», - казалі яны. Дык вось, на Бабарыку з кожным днём, калі ён будзе паслядоўным, будуць спадзявацца ўсё больш і больш беларусаў. І гэта будзе ўплываць на ягоныя ўчынкі.

- Свая аўдыторыя таксама склалася ў блогера Сяргей Ціханоўскага, які выступаў у рэгіёнах, рабіў жывыя эфіры і гутарыў з людзьмі. На час падачы дакументаў у ЦВК яму прысудзілі адміністрацыйны тэрмін, таму замест яго дакументы падала ягоная жонка. Цяпер Сяргей усё адно выходзіць на пікеты і падтрымлівае сваю жонку. Да яго ў нядзелю Менску на плошчу сабраліся тысячы людзей, каб паставіць свой подпіс. Як вы мяркуеце, у чым феномен Ціханоўскага? Што яго чакае ў будучыні, бо ўлады ўжо ўжываюць рэпрэсіі, як да яго, так і ягоных прыхільнікаў.

- У Менску былі перадвыбарчыя мерапрыемствы і больш маштабныя. Хоць нават за Саннікава ў 2010 годзе, за якога адразу першапачаткова былі чэргі, такіх не было. Гэта і ёсць індыкатар таго, што беларусы прачнуліся. Краіна прыйшла ў рух.

Паглядзіце на беларусаў. Хто ведае, ад плошчы Якуба Коласа да Камароўкі - паўкіламетра. Яны дысцыплінавана сталі ў чаргу ва ўмовах эпідэміі, ва ўмовах каранавіруса, падчас чумы. Гэта беларускі феномен. І стаялі, і чакалі некалькі гадзін, каб падпісацца. А яшчэ больш мяне ўразіў пікет у Слуцку, дзе сотні гараджан прыйшлі, каб паставіць подпіс за жонку Ціханоўскага. Як кажа Павел Севярынец, беларусы ў нечым славянскія немцы, і яны сваёй дысцыплінаванасцю паказваюць, што мы супраць гэтай улады, мы гатовыя стаяць у чарзе, нам дазволілі, мы будзем здзяйсняць законныя дзеянні.

Гэта да пары да часу. Я ніколі не забуду, як у красавіку 1991 года ўжо пасля расстрэлаў у Вільні, у Рызе, пасля ўжо рэакцыі, якая панавала ў СССР, у Менску адбыўся самы масавы старйк, і сотні тысяч рабочых выйшлі на вуліцу. Тады гэтага ніхто не чакаў. Таму я ведаю, я сам бачыў, што беларусы могуць быць вельмі рашучымі, вельмі адчайнымі.

Ім падабаецца Ціханоўскі, які не пабаяўся казаць рэзкія рэчы. У адрозненне ад лідараў апазіцыі, якіх многія ведалі, ён больш кажа народнай мовай. Ён і ў сваіх жывых эфірах кажа так, як кажуць беларусы. Гэта пэўнае падабенства з тым, як Лукашэнка дзейнічаў у 1994 годзе, ён размаўляў на трасянцы, гэта было блізка людзям вясковым, выхадцам з невялікіх гарадоў, якія перасяліліся ў вялікія гарады. Тое ж самае сёння. Ціханоўскі - гэта чалавек з народу, зразумелы, папулярны ў Youtube, Вконтакте, «Одноклассниках». Пакуль Бабарыка, мусіць, болей чалавек-Facebook, калі казаць аб каналах інфармацыі.

- Дадам, што Сяргей Ціханоўскі прыдумаў лозунг «Стоп-таракан» і паўстаў пэўны сімвал - хатні тапак. Людзі выходзілі з гэтым тапкам, сімвалізуючы, што яны таксама хацелі б прыціснуць ім таракана.

- У свой час я быў дырэктарам у рэкламе ў беларускай фірме «Дайнова». Як рэкламнік магу сказаць, што гэта геніяльна. Я ведаю, што гэта нават не ягоная каманда прыдумала, яны проста гэта пачулі, а потым адчулі, што гэта людзям сёння трэба. Гэта людзям падабаецца.

- Вы каардынуеце кампанію «Еўрапейская Беларусь». Якая стратэгія вам здаецца найбольш выйгрышнай, улічваючы абставіны дыктатуры. Што рабіць: удзельнічаць у выбарах, байкатаваць альбо выходзіць на вуліцы?

- Мы часцей за ўсё парламенцкія кампаніі байкатавалі. Летась «Еўрапейская Беларусь» прыняла пастанову актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, максімальна выкарыстоўваючы легальныя магчымасці, у хаўрусе з іншымі нашымі партнёрамі па Беларускаму нацыянальнаму кангрэсу, у першую чаргу, з «Народнай Грамадой» Мікалая Статкевіча.

Нашы актывісты ўбачылі, што можна стаяць на вуліцы, можна вельмі жорстка крытыкаваць уладу, вельмі жорстка выказвацца ў дачыненні да Лукашэнкі і табе за гэта нічога не будзе. Таму што такі час непаслушэнства. Актывісты нашы казалі, што беларускае грамадства падобнае на вогнішча, складзенае з мокрых дроў, і наша задача - яго запаліць.

Кампанія «Еўрапейскай Беларусі» і кампанія Статкевіча, фільм Nexta «Лукашэнка. Крымінальныя справы», акцыя блогера Nexta, берасцейскія акцыі пратэсту, акцыі ў Светлагорску, у Магілёве... Дзень ушанавання герояў-каліноўцаў у Вільні - усё гэта не прайшло дарма.

Калі б не было эпідэміі, думаю, што «Еўрапейская Беларусь» магла б вылучыць свайго кандыдата. Магчыма, гэта была б Ірына Халіп, можа быць, хто-небудзь іншы. Падчас эпідэміі складана было прымаць такую пастанову. Мы планавалі, што будзе паляпшэнне ў эпідэміялагічнай сітуацыі дзесьці ў ліпені-жніўні, І на гэта настройваліся. Цяпер нашы людзі ўдзельнічаюць у тым, што адбываецца ў Беларусі, і рыхтуюцца, не пабаюся гэтага слова, да вызначальнай бітвы за Беларусь.

Але, сапраўды, эпідэмія прымушае думаць, у тым ліку, і пра чалавечыя ахвяры. Я нядаўна размаўляў з Мікалаем Статкевічам, ён выдатна разумее, што адбываецца, выдатна разумее, як рызыкуе. І ён, і мы заклікаем сваіх прыхільнікаў, актывістаў выконваць захады дыстанцыі, як толькі гэта магчыма, насіць маскі, пальчаткі.

Гэтая адчайная рашучасць беларусаў ужо выплюхнулася. Людзі паказваюць, што будуць змагацца нават ва ўмовах эпідэміі. Як часта гэта бывала ў нашай гісторыі. Былі бітвы, былі паўстанні, былі баі, а паралельна была эпідэмія. Цяпер у чымсьці такі паўтор сітуацыі. Адзінае, медыцына цяпер значна лепшая.

- Безумоўна, у Крамлі цяпер таксама назіраюць за тым, як у Беларусі праходзіць перадвыбарная кампанія. Як вы мяркуеце, што будзе больш выгаднае Маскве: сёмы тэрмін нязгодлівага Лукашэнкі ці ўсё ж новы прэзідэнт, з якім, магчыма, будзе лягчэй дамовіцца?

- Думаю, што розныя вежы Крамля будуць падтрымліваць розных кандыдатаў. Мне цяжка ўявіць, што Масква не будзе падтрымліваць чалавека, які 20 гадоў кіраваў філіялам яго асноўнага профільнага прадпрыемства і профільнага банка. Я кажу пра Бабарыку. Гэта можа быць фігура, вакол якой можа быць дамоўленасць тых жа Расеі і ЗША ці нават усяго Захаду для пераходнага перыяду. Лукашэнка ўжо шмат разоў падманваў Пуціна. Усім бачная яго абсалютная неадэкватнасць. Па вялікім рахунку, ён ажыўляецца толькі тады, калі гаворка заходзіць пра хакей, біятлон і г.д. У галоўных пытаннях, якія цікавяць беларусаў, ён вярзе лухту. У Расеі гэта таксама разумеюць.

Разумее гэта і беларуская наменклатура, бо існуе вельмі моцнае расслаенне ў Беларусі. Людзі ненавідзяць чыноўнікаў, і для беларусаў сімвалам гэтага калгаснага разгулу з'яўляюцца Дразды. Магчыма, для беларускай наменклатуры такі чалавек, як Бабарыка, багаты, з домам, які нават па драздоўскіх мерках з'яўляецца не маленькім, можа стаць прымальнай фігурай.

Мы, беларускія патрыёты, гэта ўсё бачым, але мяркуем, што першы крок - гэта зламаць лукашысцкую сістэму. Другі крок - гэта свабодныя выбары. Я думаю, у гэтай сітуацыі крызісу, пандэміі, недахопу рэсурсаў Расея можа пайсці на такі варыянт. Але так, далей нацыянальныя дэмакратычныя сілы будуць весці сваю працу, гутарыць з народам і народ будзе выказвацца. А Масква, напэўна, будзе спрабаваць праводзіць сваю палітыку.

Адначасова не ўважаў бы Бабарыку чыёйсьці марыянеткай. Мы ведаем, што на пераломных этапах гісторыі часта з'яўляюцца і новыя лідары, і людзі ўжо дасведчаныя, здольныя здзяйсняюць такія дзеянні, якія здзіўляюць вельмі многіх.

Самае галоўнае, што хацеў бы сказаць: ва ўсіх камандах і ў Ціханоўскага, і ў Бабарыкі, і ў іншых я бачу натхнёныя вочы і адначасова халодную рашучасць. Людзі прымаюць пастановы, сыходзяць у адпачынак, укладваюць свае рэсурсы, час, кампетэнцыі. Мы бачым краіну ў руху.

Найлепшая падтрымка для арыштаванага ў Гародні блогера Youtube-канала «Краіна для Жыцця» Сяргея Ціханоўскага - прысутнасць на пікетах, якія праводзяцца ва ўсёй краіне ў ягоную падтрымку.

Падрабязны расклад пікетаў у Менску і рэгіёнах Беларусі на 30 і 31 траўня глядзіце тут.

Сайт Charter97.org заклікае ўсіх выконваць захады сацыяльнай дыстанцыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках