18 красавiка 2024, Чацвер, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мальта перахапіла груз з Расеі з лівійскімі дынарамі на $ 1 мільярд

18
Мальта перахапіла груз з Расеі з лівійскімі дынарамі на $ 1 мільярд

Грошы надрукаваў расейскі Дзяржзнак.

Урад Мальты перахапіў больш як $ 1 млрд «кантрафактнай» (counterfeit) лівійскай валюты, якая была надрукаваная Дзяржзнакам, гаворыцца на сайце Дзярждэпартамента ЗША, паведамляе РБК.

Перахоп партыі лівійскіх дынараў быў ажыццёўлены 26 траўня, гаворыцца ў паведамленні, у пераліку на амерыканскую валюту мальтыйскія ўлады канфіскавалі $ 1,1 млрд.

Заказ на друк кантрафактных грошай паступіў ад «нелегальнай паралельнай арганізацыі», непасрэдна грошы надрукаваў Дзяржзнак, паведамілі ў Дзярждэпартаменце. «Цэнтральны банк Лівіі, асноўны офіс якога знаходзіцца ў Трыпалі, – адзіны легітымны цэнтральны банк Лівіі», – адзначаецца ў паведамленні Дзярждэпа.

Таксама ў Дзярждэпартаменце адзначылі, што «плынь кантрафактнай лівійскай валюты, надрукаванай у Расеі, у апошнія гады пагоршыла эканамічныя праблемы Лівіі». У Вашынгтоне пацвердзілі цвёрдасць супрацоўнічаць з ААН і замежнымі партнёрамі для стрымання дзейнасці, якая «падрывае суверэнітэт і стабільнасць» Лівіі.

«Гэты інцыдэнт зноў падкрэслівае неабходнасць для Расеі спыніць яе дэстабілізоўныя дзеянні ў Лівіі», – заявілі ў Дзярждэпартамэнце.

РБК накіраваў запыты ў Дзяржзнак і МЗС Расеі.

Расея афіцыйна друкуе валюту для іншых краінаў. На сайце Дзяржзнака паведамляецца, што акцыянернае таварыства вырабляе банкноты на заказ цэнтрабанкаў і нацыянальных банкаў іншых краінаў.

Для Лівіі Масква друкуе гатоўку з 2016 года, яна прызначаная для лівійскага паралельнага ўрада на чале з ягоным фактычным лідарам, камандавальнікам Лівійскай нацыянальнай арміі маршалам Халіфой Хафтарам. У абедзвюх частках Лівіі дзейнічае свой цэнтрабанк, а валюта, якую друкуе Дзяржзнак для адміністрацыі Хафтара, трохі адрозніваецца ад дынараў, якія друкуе для афіцыйнага ўрада брытанская фірма De La Rue. Лівійскі афіцыйны ўрад не абвяшчаў надрукаваныя ў Расеі дынары нелегальнымі.

У кастрычніку 2019 года агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на мытныя звесткі Расеі, што краіна павялічыла пастаўкі новых аддрукаваных банкнотаў Лівіі на ўсход краіны. Так, з лютага да чэрвеня Расея выправіла амаль 4,5 млрд дынараў ($ 3,22 млрд у курсе на той перыяд) чатырма партыямі.

Агульнадаступная мытная статыстыка сведчыць, што ў 2018 годзе Расея паставіла ў Лівію 151,8 т банкнотаў, а у 2019 годзе – 272,4 т. Усяго, паводле звестак расейскай мытні, у 2016–2019 гадах Расея паставіла ў Лівію ў агульнай колькасці амаль 843 т банкнотаў. Зыходзячы з сярэдніх суадносінаў 16 млн лівійскіх дынараў на тону банкнотаў, паводле звестак Reuters, Расея паставіла з 2016 года не меней за 13,5 млрд дынараў, або $ 9,5 млрд паводле актуальнага курсу.

Мальта ўжо другі раз перахапляе лівійскую валюту. У лістападзе 2019 года з'явіліся паведамленні, што ўлады Мальты затрымалі кантэйнеры з «неафіцыйнымі» лівійскімі банкнотамі, як мяркуецца, з Расеі, паведамляў Guardian.

Мальта сцвярджае, што гэта ніяк не звязана з міжнароднай палітыкай, а выключна юрыдычнае пытанне – там прызнаюць толькі ўрад у Трыпалі.

У Лівіі прадаўжаецца грамадзянская вайна, якая пачалася пасля скідання і забойства Муамара Кадафі ў 2011 годзе. У краіне ўтварыліся два палітычныя цэнтры: Урад нацыянальнай згоды, на чале якога стаіць Фаіз Сарадж, і ўсходні ўрад, якім кіруе прэм'ер-міністр Абдала Абдурахман ат-Тані пры падтрымцы генерала Халіфы Хафтара.

Расея выступае за дыялог паміж прызнаным ААН урадам, што базуецца ў Трыпалі, і адміністрацыяй Хафтара, якая займае ўсходнюю частку краіны.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках