29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Нават 3% рэйтынгу Лукашэнкі накручаныя

45
Андрэй Саннікаў: Нават 3% рэйтынгу Лукашэнкі накручаныя
Фота: «Радыё Свабода»

Людзі ўжо патроху бяруць уладу ў свае рукі.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org для праекта «Змена ўлады» заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Паважаныя чытачы! Вы можаце падпісацца на канал «Хартыі-97» на Youtube charter97video. Для гэтага трэба зайсці на старонку charter97video і націснуць чырвоную кнопку «Падпісацца». Калі вы хочаце атрымліваць паведамленні пра новыя відэа на канале charter97video, то націсніце «званочак».

Глядзіце праграму таксама на Vimeo.

– Здаецца, у Беларусі пачынаюць адбывацца тэктанічныя зрухі. Наспявае рэвалюцыйная сітуацыя?

– Яна ўжо наспела, і тэктанічныя зрухі сапраўды адбываюцца. І адбываюцца ўжо не першы год. Можна было нагадаць некалькі этапаў апошняга часу, не кажу ўжо пра тое, што ў 2010 годзе мы назіралі ўздым усяго грамадства супраць дыктатуры.

2017 год – гэта масавыя пратэсты, самыя масавыя, мабыць, з часоў перабудовы, у сувязі з так званым дэкрэтам аб дармаедах. Аднак пратэсты былі супраць Лукашэнкі і супраць ягонага рэжыму – гэта адназначна было відаць на ўсіх акцыях. Потым мінулы год, у сувязі з палітычнай кампаніяй, звязанай з так званымі парламенцкімі выбарамі – дзеянні апазіцыі вызначылі рэальны рэйтынг Лукашэнкі, які быў меншы за 5%, гэта мы ўсе ўбачылі. І нарэшце гэты год, калі рэжым праводзіць палітыку генацыду падчас пандэміі, то-бок перайшоў у адкрыты наступ ужо на жыцці людзей.

Так, сітуацыя рэвалюцыйная, і ўсе надзеі звязаныя з гэтым годам і з тым, што беларусы нарэшце здолеюць выкарыстаць выгадны момант для змены ўлады і для паляпшэння жыцця ў краіне.

– Рэйтынг Лукашэнкі, гавораць, ужо на ўзроўні 3%.

– Я думаю, што нават гэтыя 3% накручаныя, таму што павінны былі працаваць і боты, і тролі. Але я хацеў бы звярнуць увагу на гэтыя рэйтынгі, якія з'явіліся адразу ж пасля абвяшчэння прэзідэнцкай кампаніі, пасля таго як з'явіліся прэтэндэнты на ўдзел у гэтай кампаніі. У Лукашэнкі няма нават гэтых 3%, і асноўныя адсоткі ідуць за тых кандыдатаў, якія кажуць пра змены ў краіне.

Сёння Лукашэнка саступае нават мяшку з цыбуляй. Прычым саступае ў чыстую, таму што мех з цыбуляй таксама не можа кіраваць дзяржавай, але цыбуля карысная для здароўя, а Лукашэнка сёння пагражае і здароўю, і жыцця людзей.

– Ці ёсць нейкая міжнародная адказнасць за адмову ад выканання рэкамендацый Сусветнай арганізацыі здароўя? У Беларусі вельмі цяжкая сітуацыя з каранавірусам, а Лукашэнка дэманстрацыйна адмаўляецца выконваць патрабаванні САЗ.

– Безумоўна, ёсць міжнародная адказнасць. І гэтая міжнародная адказнасць звязаная з абавязальніцтвамі Беларусі ў міжнародных дамовах. Гэта і Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, гэта і міжнародныя пакты аб грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных правах. Сума механізмаў досыць вялікая, проста грамадзянам трэба больш актыўна звяртацца да іх дапамогі. Не спадзявацца, што нехта за іх будзе падымаць пытанні пра тое, што Лукашэнка забівае іх сваякоў, блізкіх і знаёмых.

Ёсць ужо прэцэдэнты, калі людзі, якія знаходзяцца ў адноснай бяспецы за мяжой Беларусі, падаюць у суды і пракуратуру ў сувязі са смерцю сваякоў, у сувязі з хамскім стаўленнем гэтай улады да смерцяў грамадзянаў Беларусі.

Я думаю, што гэта якраз той шлях, калі мы зможам настаяць і на міжнароднай адказнасці Лукашэнкі перад законам, не толькі ўнутраным.

– Цяпер дыктатар здзяйсняе чарговае злачынства і збіраецца праводзіць выбары падчас эпідэміі. Чаго ён дамагаецца гэтым?

– Па-першае, гэта сапраўды злачынства, таму што ён нават наблізіў дату, каб сканцэнтраваць усё тое згубнае, што ён творыць сёння ў Беларусі, у як мага больш кароткі перыяд часу. Што я маю на ўвазе? У Беларусі праводзіцца палітыка свядомага заражэння грамадзянаў. Ён спадзяецца на тое, што якраз гэта і будзе спрыяць падтрымцы рэжыму. Ён ігнаруе ўсе рэкамендацыі, не ўжывае захадаў засцярогі ў Беларусі, спадзеючыся на памяншэнне, па-першае, актыўных выбарнікаў.

І па-другое, ён ладзіць закрытыя выбары, гэта значыць пры адсутнасці міжнародных назіральнікаў (а іх не будзе, гэта ўжо ясна, пра гэта было абвешчана). Гэта будуць цалкам закрытыя выбары, з дапамогай якіх Лукашэнка хоча зацвердзіцца зноў на пасаду кіраўніка Беларусі.

Але тое, што адбываецца сёння, паказвае, што ў яго гэты нумар проста не пройдзе.

– Як змяняць уладу ў Беларусі, калі ні адзін разважны чалавек не паверыць у тое, што ў Беларусі ёсць выбары?

– Па ўсіх кірунках людзі ўжо патроху бяруць уладу ў свае рукі. Сёння абсалютна відавочна, што гэты рэжым не толькі не спраўляецца з крызісам, не толькі не дапамагае людзям, ён нават не бескарысны – ён шкодны для людзей. Я думаю, што гэта абавязкова трансфармуецца ў перамены.

Я хачу растлумачыць пазіцыю «Еўрапейскай Беларусі»: мы актыўна ўдзельнічалі ў палітычнай кампаніі мінулай восенню і выявілі поўную адсутнасць падтрымкі Лукашэнкі, але ў гэты раз і ў сувязі з пандэміяй пастанавілі не вылучаць уласнага кандыдата. Але гэта не азначае, што мы не ўдзельнічаем ва ўсіх працэсах, якія сёння адбываюцца.

Асобна радуе, што прэтэндэнты сёння дэманструюць зусім іншае стаўленне да людзей, чым рэжым. Так, ёсць асцярогі, што ўдзел у выбарах будзе спрыяць заражэнню, але адказнае стаўленне прэтэндэнтаў, заклікі, якія мы ўвесь час чуем да прыхільнікаў тых ці іншых прэтэндэнтаў, выконваць захады засцярогі, выконваць сацыяльную дыстанцыю, насіць маскі, паказвае іх стаўленне, цалкам адрознае ад гэтага рэжыму.

Гэта значыць тое, што адбываецца – гэта сапраўды радуе. Зыходзіць ад людзей неймаверная нейкая энэргетыка, якая будзе ўзмацняцца, гэта відаць сёння.

– А як адбудзецца змена ўлады?

– Змена ўлады ўжо сёння магла б адбыцца, калі б у нас былі адказныя чыноўнікі. Таму што мы гаварылі з вамі, што няма ніякай падтрымкі ў Лукашэнкі ўвогуле, я думаю, яна проста мінусавая, і калі б знайшліся ва ўладзе сёння, у афіцыйных калідорах людзі, якія зразумелі, што трэба ствараць антыкрызісны камітэт для таго, каб выратаваць жыцці людзей, то ўсё адбылося б яшчэ хутчэй.

Я думаю, мы ўбачым рэальныя магчымасці змены ўлады вельмі хутка ў дадатак да тых, пра якія я казаў.

– Тады да сустрэчы ў вольнай Беларусі?

– Абавязкова! Жыве Беларусь!

Сайт Charter97.org заклікае ўсіх выконваць захады сацыяльнай дыстанцыі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках