25 красавiка 2024, Чацвер, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пераключыў увагу са смерцяў людзей на «выбары»

23
Лукашэнка пераключыў увагу са смерцяў людзей на «выбары»
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Беражэм адно аднаго і рыхтуемся выйсці на вуліцы.

Тысячы беларусаў задыхаюцца і паміраюць у перапоўненых лякарнях. Браму для заражэнняў адкрыў Лукашэнка. Ён жа абвесціў «выбары»...

Пераключыў увагу – са смерцяў людзей на «выбары», піша сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец у «Фэйсбуку».

Не трэба займацца самападманам, сябры. Ваш голас у РБ ужо больш за дваццаць гадоў нічога не значыць, на «выбарах» абсалютная фальсіфікацыя – як і са статыстыкай пра COVID-19. Змяніць сітуацыю можа іншае – грамадзянскае непадпарадкаванне, негвалтоўны супраціў, доўгі масавы пратэст, як у Берасці. Барацьба, цвёрдасць, салідарнасць.

Вазьміце сябе ў рукі. Калі не вы – то ніхто.

Дзве палітычныя сілы, якія цяпер раздзіраюць Беларусь – камунізм Лукашэнкі і імперыялізм Крамля – узаемазвязаныя і аднолькава варожыя ў дачыненні да Беларусі. Яны руйнуюць краіну і знішчаюць народ: рэжым фізічна, а Крэмль ментальна.

Таму – яшчэ раз: асновай для новай Беларусі можа быць толькі нацыянальная ідэя. Яе ядром – хрысціянскія маральныя каштоўнасці, беларуская мова і еўрапейская перспектыва. Новае беларускае Адраджэнне.

Беларусь прачынаецца. Мы павінны супрацьпаставіць грубаму гвалту, ціску, затрыманням і арыштам – няўдзел у справах зла. У гэтым сіла бяссільных, як пісаў Вацлаў Гавэл. У гэтым салідарнасць, як казаў Ян Павал ІІ і паўтараў польскі народ.

Бацькі не аддаюць дзяцей у школы. Супрацоўнікі не ідуць на парады і спартакіяды. Лекары ратуюць жыцці і не хаваюць праўду. Настаўнікі не фальсіфікуюць. Цэрквы і касцёл не добраслаўляюць падман. Сацыяльныя сеткі на поўныя грудзі дыхаюць салідарнасцю, як лёгкія здаровага чалавека.

Урэшце людзі не ўдзельнічаюць у спектаклі Ярмошынай.

Гэта не проста байкот. Задача – каб большасць беларусаў усвядоміла сябе большасцю, якая не выконвае загады дыктатара. Менавіта гэты псіхалагічны эфект у жніўні здольны даць вызначальны штуршок для масавых мірных пратэстаў і нацыянальнай забастоўкі. Сіла нараджаецца ў разуменні адзінства і перамогі. І тады сэрца пачынае біцца ў барабанным рытме.

Пустыя «выбарныя ўчасткі» азначаюць поўныя вуліцы і плошчы.

Цяпер – беражэм адно аднаго, не падпарадкоўваемся злу, аб'ядноўваемся і рыхтуемся выйсці. Няхай Лукашэнка сыходзіць разам з пандэміяй.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках