20 красавiка 2024, Субота, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У шмат якіх гарадах чыноўнікі сабатуюць пастановы Лукашэнкі

37
У шмат якіх гарадах чыноўнікі сабатуюць пастановы Лукашэнкі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: БЕРАСЦЕЙСКІ ГАРВЫКАНКАМ

Спрацоўвае інстынкт самазахавання.

Пра гэта каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель заявіў у новай праграме Charter97.org «Змена ўлады».

- Рэжым Лукашэнкі шакаваў увесь свет сваёй маніякальнай жорсткасцю. Мы ведаем, што вы ўважліва сочыце за сітуацыяй з эпідэміяй. Што цяпер адбываецца ў краіне?

- У Беларусі працягваецца эпідэмія каранавіруса, прычым да піка ёй яшчэ далёка. Мы кожны дзень атрымліваем інфармацыю ад лекараў, ад сваякоў тых, хто заразіўся. Мы бачым, што вельмі вялікая колькасць заражаных, вялікая колькасць смерцяў і лічбы, якія называе афіцыйная статыстыка, ніяк не адпавядаюць рэчаіснасці.

Паважаныя чытачы! Вы можаце падпісацца на канал «Хартыі-97» на Youtube charter97video. Для гэтага трэба зайсці на старонку charter97video і націснуць чырвоную кнопку «Падпісацца». Калі вы хочаце атрымліваць паведамленні аб новых відэа на канале charter97video, то націсніце «Званочак».

Глядзіце праграму таксама на Vimeo.

Нашы знаёмыя лекары, якія працуюць у менскіх, віцебскіх, берасцейскіх шпіталях, кажуць зусім іншыя лічбы. Толькі выяўленых выпадкаў каранавіруса у Беларусі блізу 50 000. Пры гэтым, хачу падкрэсліць, што тэсты на каранавірус робяцца толькі ў Менску і ў абласных цэнтрах, і тое вельмі рэдка. У невялікіх гарадах, тым больш, у вёсках, раённых цэнтрах тэсты не робяцца. Рэальная колькасць заражаных, напраўду, можа быць сотні тысяч. Пра гэта кажуць самі лекары.

Тое самае можна сказаць пра смерці. Ужо былі ў незалежных СМІ навіны і інфармацыя пра тое, што адбываецца ў Стоўбцах, Докшыцах, Віцебску на могілках. Улады зрабілі высновы. Цяпер, напрыклад, у Менску, забаранілі хаваць памерлых ад каранавіруса, іх толькі крэмуюць. Мала таго, пахаванні дазволеныя толькі ў невялікіх вёсках, невялікіх гарадах. Гэта значыць, яны спрабуюць дэцэнтралізаваць пахаванні, каб схаваць рэальную карціну смерцяў. Напраўду, колькасць смерцяў значна большая, чым кажуць чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя і афіцыйныя ўлады.

- Як людзі ўспрымаюць тое, што адбываецца? Шмат хто кажа, што цяпер у Беларусі страшна жыць.

- Вельмі моцна змянілася стаўленне. У самым пачатку эпідэміі было прыкметна, што многія людзі ставяцца даволі легкадумна, слухаюць беларускую тэлевізію, вераць уладам. Цяпер ужо ў кожнай сям'і ёсць альбо сваякі, альбо знаёмыя, якія захварэлі на каранавірус, альбо сваякі, якія працуюць у школах, лякарнях, іншых установах, дзе ёсць ужо пацверджаныя выпадкі каранавіруса.

Зараз стаўленне зусім іншае, тым больш, людзі бачаць увесь час «хуткія дапамогі», якія ездзяць па горадзе (гэта тычыцца і Менска, і раённых цэнтраў), працуе «сарафаннае радыё», і пераважная большасць беларусаў, я ўпэўнены, ведае рэальную карціну. Пераважная большасць беларусаў не верыць афіцыйным уладам. Аб гэтым можна казаць абсалютна дакладна. Таму што людзі могуць скласці 2+2, бачаць колькасць заражаных, бачаць колькасць смерцяў, у рэшце, могуць падлічыць колькасць новых магіл на могілках і супаставіць гэтыя звесткі са звесткамі мінулага года.

Таму, напраўду, ёсць страх у людзей. Ёсць адчуванне, што проста ідзе генацыд народа і многія сацыяльныя групы абсалютна безабаронныя перад гэтым, асабліва, бюджэтнікі, войска, міліцыя, зняволеныя. З іншага боку, акрамя гэтага страху ёсць яшчэ нянавісць да Лукашэнкі, чыноўнікаў, Міністэрства аховы здароўя - проста да ўсіх, хто хавае інфармацыю.

Беларусы ўжо адзін раз прайшлі праз такое. Гэта быў 1986 год, калі выбухнула Чарнобыльская АЭС, калі ад іх сапраўды гэтак жа хавалі інфармацыю. Памяць пра гэта жывая. Пра гэта ведаюць нашы бацькі, ведаюць прадстаўнікі старэйшага пакалення. Таму непрыманне хлусні цяпер на значна больш высокім узроўні, чым было непрыманне хлусні пра Чарнобыль, якое, фактычна, прывяло да краху камунізму ў Беларусі ў свой час.

- То бок, на пытанне, хто вінаваты, беларусы адназначна адказваюць - улада?

- Адназначна адказваюць, што вінаватыя ўлады, што вінаваты канкрэтна Лукашэнка, які проста хлусіў пра тое, што «вірус не нясе пагрозы», што «яго няма». Вінаватае Міністэрства аховы здароўя, якое хавае інфармацыю, і не робіць патрэбныя дзеянні, крокі, каб людзі ведалі пра рэальную пагрозу. Вінавата Міністэрства адукацыі, якое гоніць дзяцей у школы, гімназіі, дзіцячыя садкі. Цяпер, сапраўды, вельмі вялікі ўсплёск заражэнняў менавіта ў навучальных установах. Гэта адбылося канкрэтна праз тое, што Міністэрства адукацыі ў свой час адмовілася ўводзіць карантын у школах і ўніверсітэтах.

Абсалютная большасць беларусаў разумее, што галоўны вінаваты ўсяго гэта Лукашэнка.

- А што чыноўнікі? Яны не хварэюць на каранавірус?

- Хварэюць чыноўнікі ў многіх райцэнтрах. Ёсць заражэнні ў райвыканкамах. Ёсць заражэнні нават у міністэрствах, мы пра гэта ведаем. У многіх гарадах, населеных пунктах чыноўнікі практычна сабатуюць пастановы Лукашэнкі, таму што, напэўна, проста спрацоўвае інстынкт самазахавання.

Мы ведаем, што ў свой час быў фактычна забаронены ўезд у Пінск, напрыклад. Мы ведаем, што абмежаваныя перамяшчэнні людзей у іншых раённых цэнтрах. Гэта робіцца ў піку цэнтральнай уладзе, бо Лукашэнка кажа, што «віруса няма» і «нічога рабіць не трэба». Але чыноўнікі на месцах у шматлікіх райцэнтрах, у многіх гарадах робяць на свой страх і рызыку нейкія захады, каб хоць бы крыху зменшыць наступствы эпідэміі.

- Якія магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі? Вы сказалі, што людзі вінавацяць ва ўсім Лукашэнку.

- Сцэнар можа быць толькі адзін. Гэта не першы трывожны званочак аб тым, што жыццё беларусаў для дыктатара нічога не значыць. Проста эпідэмія каранавіруса паказала маштаб стаўлення Лукашэнку да простых беларусах, да звычайных жыхароў краіны.

Цяпер ужо большасць людзей ведае пра тое, што іх жыццё можа спакойна быць аддадзенае ў ахвяру дзеля якога-небудзь параду, суботніка - проста дзеля ілюзіі стабільнасці Беларусі, якая важная для дыктатара. І наступствы могуць быць толькі адны. Як толькі эпідэмія пойдзе на спад, гэта нянавісць выплюхнецца на вуліцы.

Гэтая нянавісць выплюхнецца ў пратэст, выплюхнецца ў незадаволенасць, грамадзянскае непадпарадкаванне, бо людзі даведзеныя да мяжы. Гэта відаць з размоў з усімі людзьмі незалежна ад іх палітычных прыхільнасцяў. Гэта кажуць і прыхільнікі саюза з Расеяй, кажуць і прыхільнікі Еўразвязу - гэта кажуць усе абсалютна. Нас забіваюць, ідзе генацыд беларускага народа, нашае жыццё для дыктатара нічога не значаць. Гэтую сітуацыю трэба мяняць як мага хутчэй.

Гэта ўжо не пытанне захавання незалежнасці краіны, не пытанне дэмакратычных каштоўнасцяў і не пытанне шляху выбару развіцця краіны. Гэта пытанне выжывання беларусаў, як нацыі, і выжывання кожнага паасобку.

- Апошнім часам лідары апазіцыі сталі казаць аб неабходнасці стварэння Урада Нацыянальнага Выратавання пасля адстаўкі Лукашэнкі. Вы гатовыя ўвайсці ў гэты ўрад?

- Я думаю, што мы можам сфармаваць некалькі складаў ураду народнага даверу. Нават не адзін, бо ў нас стае разумных, адказных, смелых людзей і палітыкаў як у апазіцыі, так нават сярод чыноўнікаў дзейнай улады, каб паказаць нармальную, адэкватную альтэрнатыву таму, што зараз адбываецца ў краіне.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках