29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Пік смерцяў ад каранавірусу ў Беларусі прыпадзе на канец траўня

22
Яўген Афнагель: Пік смерцяў ад каранавірусу ў Беларусі прыпадзе на канец траўня
ФОТА: БЕЛАПАН

Якія выбары?

Нягледзячы на жахлівую сітуацыю з каранавірусам у Беларусі, улады прызначылі дату правядзення «прэзідэнцкіх выбараў» на 9 жніўня. Замест карантынных мерапрыемстваў, якія рэкамендавала Сусветная арганізацыя здароўя, Лукашэнка толькі павялічвае колькасць масавых мерапрыемстваў. 9 траўня ў Менску прайшоў парад, дзе тысячы ўдзельнікаў, сагнаных з усіх куткоў краіны, знаходзіліся ў цэнтры сталіцы без масак.

Ці можна праводзіць выбарчую кампанію ў такіх умовах? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля.

- Напраўду, Лукашэнка панічна баіцца «выбараў», і пастанова аб іх правядзенні падчас эпідэміі звязана менавіта з разлікам, што каранавірус нейкім чынам дапаможа яму ўтрымацца ва ўладзе.

Cёння, калі ва ўсёй краіне заражаныя сотні тысяч чалавек, калі інфекцыя распаўсюджваецца жахлівымі тэмпамі, калі да піка эпідэміі яшчэ далёка, не можа ісці ніякай гаворкі пра «выбары». Нельга збіраць подпісы, нельга праводзіць агітацыю, бо такім чынам мы будзем падстаўляць людзей, будзем рызыкаваць жыццямі і здароўем нашых прыхільнікаў.

З іншага боку, сёння ўсе беларусы разумеюць, што гаворка ідзе пра выжыванне народа. Разумеюць, што ёсць канкрэтны вінаваты ў генацыдзе ў дачыненні да нашых грамадзян і імя яму - Лукашэнка. Менавіта ён адмовіўся своечасова рабіць захады для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі, адмовіўся ўводзіць карантын і сваімі заявамі паказаў, што адарваны ад рэальнасці, што знаходзіцца ў сваім маленечкім свеце.

Сёння большасці беларусаў не да "выбараў". Абсалютная большасць жыхароў нашай краіны абураныя тым, што адбываецца. Утойваецца праўда, а людзі кіпяць ад абурэння. Мы гэта бачым з паведамленняў, якія атрымліваем з усіх куткоў краіны, з настрояў звычайных жыхароў, далёкіх ад палітыкі.

Усе ж разумеюць, што беларускія ўлады хаваюць рэальную колькасць памерлых ад COVID-19. Паводле ацэнак блогераў, лекараў, незалежных СМІ, гэтая лічба ў шмат разоў пераўзыходзіць афіцыйныя звесткі.

Лукашэнкаўская прапаганда любіць параўноўваць Беларусь са Швэцыяй. Маўляў, там таксама не ўводзілі карантын. Але пры тым, што ў Швэцыі зачыненыя ўсе вышэйшыя школы і гімназіі, ёсць пэўныя карантынныя захады і людзей кожны дзень інфармуюць аб небяспецы, у гэтай краіне на сённяшні дзень больш за тры тысячы смерцяў ад каранавірусу. Улічваючы ўзровень медыцыны ў Беларусі, колькасць смерцяў у нас напраўду, думаю, значна больш, чым у Швэцыі.

Лекары кажуць пра больш, чым 35 тысяч выяўленых заражаных каранавірусам у Беларусі. Медыкі прызнаюць, што тэсты у нас робяць толькі ў Менску і часткова ў абласных цэнтрах, у раёнах такая працэдура адсутнічае. Атрымліваецца, што ўжо зыходзячы толькі з гэтых звестак можна казаць пра тое, што ў нас у краіне сотні тысяч хворых на COVID-19.

Паводле інфармацыі, якая паступае са Стоўбцаў, Докшыц, Лунінца, Пінска, Бешанковічаў, Віцебску і Баранавічаў, можна ўявіць, колькі людзей памірае ад каранавірусу ў Беларусі.

Яшчэ раз паўтаруся, што ў гэтай сітуацыі ёсць вінаваты, большасць беларусаў ведае, хто давёў краіну да катастрофы. Таму сёння нам трэба гаварыць пра суд над чалавекам, які паставіў пад пагрозу жыццё і здароўе нашых суграмадзян.

- Вы параўноўвалі навіны з рэгіёнаў пра каранавірус з «навінамі з франтавой зоны». Сітуацыя з эпідэміяй у Беларусі нагадвае вайну?

- Так, гэта вайна. З аднаго боку - беларускі народ, а з другога - Лукашэнка і каранавірус. Гэта, вядома ж, алегорыя, але дыктатар і вірус дзейнічаюць разам.

Беларусы ўзмоцнена супраціўляюцца. Мы бачым проста беспрэцэдэнтную хвалю салідарнасці і падтрымкі звычайных людзей, якая адрасавана медыкам. Менскія кавярні і бары гатуюць бясплатныя абеды. Валанцёры збіраюць грошы на дапамогу лекарам, купляюць маскі, супрацьчумныя касцюмы, рэспіратары, прывозяць ежу. У кампанію салідарнасці ўцягнутыя сотні тысяч беларусаў. Хтосьці купляе неабходныя тавары, нехта дапамагае грашыма, хтосьці ўсё арганізуе. На маёй памяці такога проста не было. Пра што гэта кажа? Беларусы спрабуюць даць адпор, самаарганізавацца і дзесьці атрымліваецца гэта зрабіць.

Хочацца адзначыць працу СМІ і незалежных блогераў. Калі б не яны - улады проста хавалі б інфармацыю на ўсе 100%, як гэта было ў самым пачатку эпідэміі. Думаю, вы памятаеце маўчанне Міністэрства аховы здароўя, а таксама статыстычныя загадкі і рэбусы ў яго выкананні. Толькі дзякуючы намаганням незалежных журналістаў і блогераў, якія выкрывалі хлусню, давалі праўдзівую інфармацыю, атрымалася перамагчы падман афіцыйных уладаў.

Так, безумоўна, Міністэрства аховы здароўя і ўлады і зараз працягваюць хлусіць, але ў іх усё горш гэта атрымліваецца. У наш час інфармацыю вельмі складана схаваць. Звычайныя людзі, СМІ, сумленныя журналісты і лекары распавядаюць пра сітуацыю з каранавірусам больш і значна лепш, чым усе дзяржаўныя СМІ.

- Як змянілася сітуацыя ў Беларусі праз эпідэмію каранавіруса?

- Сёння супраць Лукашэнкі выступаюць абсалютна ўсе - і прыхільнікі саюза з Расеяй, і прыхільнікі незалежнасці, і тыя, хто яшчэ ўчора казаў, што не цікавіцца палітыкай. Беларусаў аб'ядноўвае непрыманне хлусні, падману і цынізму з боку ўладаў. Яшчэ адзін чыннік, які паказвае змены ў беларускім грамадстве - салідарнасць простых беларусаў з лекарамі, якія знаходзяцца на перадавой.

Каранавірус вельмі паўплываў на Беларусь. Краіна ўжо ніколі не будзе ранейшай. Мы ніколі не вернемся да сітуацыі, якая была ў студзені гэтага года.

Эпідэмія закранула практычна кожную сям'ю, бо ў тых, хто заразіўся і памерлых ёсць сябры, сваякі, блізкія ім людзі. Пасля гэтага проста немагчыма прыняць тое, што кажуць афіцыйныя ўлады і чыноўнікі на месцах. Гэта проста велізарны пласт людзей - пераважная частка жыхароў краіны.

Хачу адзначыць і дзеянні апазіцыі падчас эпідэміі каранавірус. Лідары апазіцыі падтрымалі ініцыятыву Народнага карантыну, які дазволіў выратаваць тысячы жыццяў беларусаў. Калі б не гэта, сітуацыя была б значна горшая. Народны карантын павінен працягвацца і ўзмацняцца. Cамае галоўнае для нас сёння - зберагчы жыццё суайчыннікаў. Павінны спыніцца рост колькасці заражаных і памерлых.

Кожны павінен разумець, што ёсць чалавек, для якога жыццё людзей нічога не вартае. І ён гэта выдатна паказаў за апошнія месяцы. Людзей заганялі на суботнікі, падкуплялі, шантажавалі, пагражалі на месцах працы і вучобы, каб сабраць масоўку смяротнікаў, якія рызыкавалі сваім жыццём і здароўем, каб пацешыць самалюбства дыктатара на парадзе.

Вялікдзень і суботнік ўжо прывялі да ўсплёску колькасці заражэнняў і смерцяў. Цяпер нам трэба чакаць новага ўсплёску праз парад і іншыя мерапрыемствы ў Дзень Перамогі. Думаю, пік смерцяў ад каранавіруса ў Беларусі прыпадзе на канец траўня.

Усім гэтым Лукашэнка паказаў, што жыццё беларусаў для яго - гэта нішто. Але народны гнеў, які цяпер спее, абавязкова выльецца ў масавыя пратэсты, калі эпідэмія пойдзе на спад. Наша галоўная задача сёння - выратаваць жыццё і здароўе максімальнай колькасці нашых суайчыннікаў, а заўтра - дамагацца суду над Лукашэнкам за генацыд беларускага народа.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках