20 красавiка 2024, Субота, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забойчая баязлівасць

148
Забойчая баязлівасць
ФОТА: TVR.BY

Лукашэнку і ягоных халуёў будуць судзіць.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, галоўны лекар 1-й гарадской клінічнай лякарні Менска Дзмітрый Шаўцоў і галоўны лекар 6-й гарадской клінікі Ігар Юркевіч разам з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам нясуць персанальную адказнасць за наўмыснае заражэнне смяротнай інфекцыяй тысячаў беларускіх грамадзян.

8 красавіка міністр і галоўныя лекары сабраліся ў Нацыянальным прэс-цэнтры не для таго, каб, на прыклад іх калег ва ўсім свеце, распавесці праўду аб маштабах эпідэміі каранавіруса і заклікаць улады неадкладна ўвесці карантынныя захады. Яны ўвогуле не былі падобныя да лекараў, хутчэй, нагадвалі маёраў дзяржаўнай бяспекі.

Тры маркотныя функцыянеры ў строгіх гарнітурах цягам гадзіннага стрыму манатонна распавядалі беларусам пра тое, што ніякай эпідэміі няма, што іх родныя і блізкія паміраюць ад пнеўманіі ў рамках штогадовай статыстычнай «нормы», што захады, якія робяцца ўладай для абмежавання інфекцыі (дакладней, іх практычная адсутнасць) дастатковыя.

Пра тысячы хворых і, напэўна, ужо сотні памерлых мы, вядома, не пачулі.

Пра тое, што тэставанне на каранавірус масава не праводзіцца, вядома, не сказалі (сітуацыі ў Менску і рэгіёнах моцна адрозніваюцца).

Пра тое, што тэсты (расейскія ці толькі што «вынайдзеныя» беларускія) жудаснай якасці і не адчувальныя да новага вірусу - ні слова.

Пра тое, што лекарам не стае эфектыўных сродкаў абароны, і што сярод іх ужо сотні заражаных - ні намёку.

Сітуацыю ў Віцебску, дзе палае эпідэмія, назвалі «нежахлівай».

І галоўнае - не заклікалі да карантыну, які сёння з'яўляецца адзінай магчымасцю спыніць рост эпідэміі і выратаваць жыццё людзей.

Калі лік заражаных ідзе на тысячы, а памерлых ад «пнеўманіі» на сотні, план прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый, які ў гэты ж дзень, адразу пасля анлайну чыноўнікаў, прыняў Менскі гарвыканкам - гэта проста здзек са здаровага сэнсу. Гэта нават не палавіністыя захады, гэта пыл у вочы экспэртаў Сусветнай арганізацыі здароўя, якія (якое супадзенне!) акурат прыбылі з праверкай у Беларусь.

Мяркуйце самі.

Дзіцячыя садкі і школы не закрываюцца. Так, бацькам дазволена не пускаць туды дзяцей, але ці будзе арганізаванае дыстанцыйнае навучанне школьнікаў? Не паведамляецца.

Нейкія «элементы» дыстанцыйнага навучання прапісаны для ВНУ, тэхнікумаў і каледжаў, але ці будуць яны - таксама пытанне, бо там жа сказана, што неабходна «прыняць захады для знаходжання студэнтаў на месцы навучання без выездаў на месцы сталага пражывання». Гэта значыць навучэнцы будуць працягваць жыць у перапоўненых інтэрнатах па тры-чатыры чалавекі ў пакоі. І фармальная «забарона выкарыстання спартыўных збудаванняў гэтых устаноў староннімі асобамі» зусім ніяк не ўратуе студэнтаў ад заражэння.

Праца кавярняў і рэстарацый - гэта нават не смешна. «У аб'ектах грамадскага харчавання павінна быць забяспечана раз'яднанне наведвальнікаў, размяшчэнне сталоў для абслугоўвання наведвальнікаў на адлегласці не менш за 1,5 метра адзін ад аднаго». Знаходжанне ў закрытай прасторы, агульны посуд, ежа, прыгатаваная з магчымым парушэннем санітарна-эпідэміялагічных нормаў - усё гэта глупства, галоўнае - паўтара метра... паміж трунамі.

Гандлёвыя цэнтры застаюцца адкрытымі, забараняецца толькі правядзенне там «групавых прэзентацый» і «дэгустацый».

Гатэлі не закрываюцца. Кінатэатры будуць спраўна працаваць, і з размяшчэннем гледачоў на паўтара метрах адзін ад аднаго (асабліва калі людзі прыйшлі кампаніяй), упэўненая, сачыць ніхто не будзе.

Тое ж самае тычыцца грамадскага транспарту - колькасць людзей, якія знаходзяцца ў адным аўтобусе, трамваі ці вагоне метро, не рэгламентаваная.

Прадпрыемствы працягваюць працаваць, рэкамендавана толькі не пускаць у офісы ці цэхі людзей з прыкметамі прастуды і скасаваць семінары, нарады і службовыя выправы. Дарэчы, нарады, відавочна, скасавалі толькі для таго, каб зберагчы начальнікаў, бо працаўнікі будуць па-ранейшаму знаходзіцца ў агульных памяшканнях.

І нарэшце цырульні, тату-салоны, салоны прыгажосці, салоны перманентнага макіяжу і іншыя аналагічныя аб'екты будуць па-ранейшаму адкрытыя. У якасці меры засцярогі прапануецца інтэрвал паміж кліентамі на... 5 хвілін.

Вось на такія захады здолелі наважыцца баязлівыя беларускія чыноўнікі падчас самай маштабнай сусветнай пандэміі за апошняе стагоддзе. Не здзіўлюся, калі нават яны будуць скасаваныя, як толькі Беларусь пакіне дэлегацыя САЗ.

І сёння мне хочацца ўжо не гаварыць, а крычаць: лекары, медсёстры, калегі-журналісты, не маўчыце! Распавядайце праўду пра тое, што адбываецца. Маўчанне забівае. І калі сёння вы асабіста не знаёмыя з ахвярамі каранавіруса, то заўтра могуць памерці вашы родныя.

А Лукашэнку і ягоных халуёў, я ўпэўненая, будуць судзіць. Толькі непрыняцце захадаў для выратавання людзей цягне мінімум на тры артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках