19 красавiка 2024, Пятніца, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жытло ў Менску ўзляцела ў кошце ўслед за далярам

44
Жытло ў Менску ўзляцела ў кошце ўслед за далярам

Ці пяройдуць забудоўнікі на рублі?

Кошты новага жылля ў Менску ірванулі ўслед за далярам і еўрам. За апошнія два тыдні «квадрат» падаражэў у рублях агулам на 15%. Большасць забудоўнікаў пераклалі курсавыя страты на «гаманцы» пакупнікоў. Але з'явіліся і тыя, хто зафіксаваў кошт у нацыянальнай валюце. Myfin.by высветліў, хто падтрымаў тэндэнцыю на дэдалярызацыю рынку жылля і колькі цяпер каштуюць кватэры ў новабудоўлях.

Прывязаць будаўніцтва жылля да рубля спрабуюць ужо даўно. Аднак камерцыйны рынак з большага пакуль непахісны - мерай каштоўнасці застаецца даляр (радзей - еўра). Разлікі хай і вядуцца ў беларускіх рублях, але толькі намінальна. Кошт метраў, як і заўсёды, фіксуецца ў замежнай валюце, а аплата адбываецца паводле курсу Нацбанку на момант аплаты.

Змяніць сітуацыю можа пандэмія каранавірусу. Рост курсу ўжо прывёў да рублёвага падвышэння коштаў жылля на 15%, што разам са зніжэннем даходаў насельніцтва здольнае абрынуць попыт на новабудоўлі. Падцяпліць рынак могуць хіба што забудоўнікі, гатовыя даверыцца рублям і ўзяць курсавыя страты на сябе.

Два забудоўнікі ўжо падлічваюць у рублях

Пакуль, зрэшты, такіх няшмат. У Менску перайсці на родную валюту наважыліся «А-100 Дэвелапмент» і «ТЭНКінвест». Першы «замарозіў» кошты ў рублях на кватэры ў «Новай Баравой», другі - у комплексе «4 сезоны» побач з Лагойскім трактам. Абодва забудоўнікі канвертавалі «квадраты» пры курсе 2,5 рубля за даляр, што прыкладна на 3% ніжэй за існыя каціроўкі. У «Новай Баравой» просяць ад 3700 рублёў за кв.м у двухпакаёвіку, у «4 сезонах - ад 3100. Калі праз месяц даляр умоўна «памужнее» да 3 рублёў, то гэта зэканоміць пакупнікам пятую частку кошту жылля.

- Пастанова для нас няпростая і шмат у чым рызыкоўная, але прыйшоў час падтрымаць пакупніка. Курс даляра вырас імкліва за апошні месяц, і тыя, хто гатовы быў учора будавацца, сёння адчувае недахоп грошай. Прывязка курсу да рубля дазволіць пазбегнуць такіх сюрпрызаў і больш упэўнена планаваць кватэрнае пытанне. Мы наважылі пачаць з «Новай Баравой», - тлумачаць у «А-100 Дэвелапмент».

У кампаніі адзначаюць, што пераход на рублі для іх будзе адносна бязбольным. Выдаткі будаўнікоў фармуюцца ў рублях, а большасць канструкцый - беларускай вытворчасці.

- Для забудоўнікаў, якія асвоілі поўны цыкл будаўніцтва, дэдалярызацыя - гэта не праблема. Што тычыцца нас, то амаль усе канструкцыі мы выпускаем на заводзе жалезабетонных канструкцый, які набылі мінулым летам. Там, дзе гэта не прыводзіць да зніжэння якасці, мы выкарыстоўваем у асноўным беларускія будматэрыялы. Паводле такой схемы паступаюць і іншыя забудоўнікі. Рынак як ніколі гатовы перайсці на рублі і ўзяць валютныя рызыкі на сябе, - перакананы забудоўнік.

Аднак большасць прыватных забудоўнікаў прадаўжаюць ацэньваць жыллё ў замежнай валюце. Цана фіксуецца ў далярах, у рублі яе пералічваюць паводле афіцыйнага курсу на дзень аплаты. Так, напрыклад, паступаюць «Тапас», «Айран» і Dana Holdings (апошні адданы еўра, курс якога яшчэ вышэйшы). Сярэдні кошт «квадрата» на рынку - блізу 1400 даляраў. Каб змякчыць падзенне попыту, многія забудоўнікі пачалі зніжаць кошт «метра» ў замежнай валюце і прапаноўваць зніжкі.

Практычна ўсе дэвелаперы прапануюць растэрміноўку. Але яна таксама прывязаная да даляра. Адсоткі не спаганяюць, але пры паслабленні рубля нагрузка на сямейны бюджэт можа ўзрасці: плата ў рублях вырасце, а заробак па змаўчанні застанецца ранейшым. У якасці альтэрнатывы - рублёвыя крэдыты на жытло пад 14-15% гадавых. Прадстаўнікі кампаній-забудоўнікаў кажуць, што цяпер у іх бяруць больш ахвотна растэрміноўкі.

Кошты жытла ў новабудоўлях Менска

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках