29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

4 красавіка 1557 года нарадзіўся канцлер ВКЛ Леў Сапега

1
4 красавіка 1557 года нарадзіўся канцлер ВКЛ Леў Сапега

Леў Сапега быў кіраўніком замежнай і ўнутранай палітыкі Вялікага княства літоўскага.

Сын Івана Сапегі, старасты Драгічынскага, падстарасты Аршанскага і Багданы, князёўны Друцкай-Сакалінскай, ён атрымаў добрую адукацыю: вучыўся ў кальвінскай школе ў Нясвіжы, потым 3 гады (1570-1573, у 13-16 гадоў) у Лейпцыгскім універсітэце. Добра ведаў польскую, нямецкую і лацінскую мовы, піша euroradio.fm.

У 1581-1585 гадах быў вялікім пісарам земскім, у 1585-1589 гадах падканцлерам, з 1589 да 1623 год (34 гады запар!) канцлерам, з 1623-га ваяводам віленскім, з 1625-га - вялікім гетманам. Спачатку ён вызнаваў праваслаўе, потым кальвінізм (з 14 гадоў), а ў 29 гадоў перайшоў у каталіцызм. Такі досвед абумовіў верацярпімасць Льва Сапегі.

Найважнейшыя яго дасягненні наступныя:

1. Разам з канцлерам О. Валовічам і падканцлерам К. Радзівілам ён у 1581-1582 гадах стварыў Трыбунал ВКЛ. Такім чынам у ВКЛ былі падзеленыя тры галіны ўлады - заканадаўчая (Паны-Рада, Вальны сейм), выканаўчая (Канцылярыя вялікага князя, ваяводы і старасты), судовая (Трыбунал).

2. Заняўшы пасаду старшыні камісіі Сейма ВКЛ, падрыхтаваў, адрэдагаваў тэкст і выдаў Статут ВКЛ 1588 года. Нагадаю, што згодна з гэтым Статутам нашы продкі жылі 254 гады!

3. Як камісар караля рашуча падтрымаў у Берасці ў 1596 годзе царкоўную унію, дзякуючы якой у дзяржаве ўдалося спыніць звады на рэлігійнай глебе.

4. Уклаў у 1618 годзе Дэўлінскае замірэнне з Масквой, вельмі выгаднае для ВКЛ.

Яшчэ адно ягонае дзеянне мае вялікае значэнне для гісторыкаў. На загад Сапегі за 13 гадоў (1594-1607) 20 пісараў перапісалі ўсе кнігі Метрыкі ВКЛ (дакументы з архіва Канцылярыі вялікага князя), большасць якіх захавалася. Гэта больш за 160 тамоў!

У Статуце 1588 года Сапега не пагадзіўся з пастановамі Люблінскага Сейму фармальна і фактычна.

Фармальна. Статут атрымаў сілу закона не праз пастанову «супольнага» сейма польскай і літоўскай шляхты (як патрабавала Люблінская унія), а ў выніку зацвярджэння яго каралём Жыгімонтам III, як заўсёды было ў ВКЛ да Люблінскай уніі. Акрамя таго, прывілей, якім кароль зацвердзіў Статут, меў дзяржаўную друкарку толькі ВКЛ, подпісы караля, канцлера Сапегі і вялікага пісара Гаўрылы Войны. Тым самым Сапега выключыў магчымасць юрыдычных прэтэнзій да Статуту.

Фактычна. Пры выданні Статута трэба было змясціць у ім тэкст Люблінскай уніі і іншыя пастановы сейма 1569 года, але яны абмяжоўвалі правы ВКЛ як самастойнай дзяржавы, і Сапега іх не надрукаваў. Проста, але вельмі шыкоўна!

Акрамя таго, Статут захаваў тры артыкулы, якія выклікалі абурэнне польскай шляхты:

- артыкул 4 (у частцы 3), якая абавязвае вялікага князя захоўваць у нязменным выглядзе межы ВКЛ;

- артыкул 12 (у частцы 3) аб парадку раздачы пасад, маёнткаў і староства ў Вялікім княстве; усё гэта можна было даваць «толькі Літве, Русі, Жмудзі, сваякам старажытным і выхадцам Вялікага княства Літоўскага». Калі б нейкі замежнік атрымаў зямлю шляхам дарэння, ён мог бы карыстацца ёю толькі пасля клятвы на вернасць Вялікаму княству, але ні на якія пасады «дапушчаны, ні ад гаспадара ўстаноўлены» быць не мог;

- артыкул 1 (у частцы 4) аб выкарыстанні беларускай мовы ва ўсіх земскіх установах Вялікага княства («А писаръ земъскъй Маета поруску літарамі і словы Руска ўсі лісты выписы і позвы писати а не иншимъ езыкомъ і словы»).

Пасля таго, як кароль Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут 28 студзеня 1588 года, Сапега за свой кошт надрукаваў Статут і разаслаў ва ўсе гарады і мястэчкі, якія былі цэнтрамі 8 ваяводстваў і 19 паветаў ВКЛ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках