25 беларускіх лекараў звярнуліся да суайчыннікаў
67- 4.04.2020, 10:58
- 129,164
Пандэмія каранавірусу тычыцца кожнага з нас.
Больш за два дзясяткі лекараў Беларусі розных спецыялізацый з уласнай ініцыятывы запісалі троххвілінны відэазварот да беларусаў. У ім яны расказалі, як паводзіць сябе ва ўмовах пандэміі каранавірусу, каб засцерагчыся ад захворвання самім і зберагчы блізкіх, і заклікалі не выходзіць на вуліцу без неабходнасці.
Сайт Charter97.org прыводзіць тэкст звароту:
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
Мы, лекары, звяртаемся да вас і просім вас аб падтрымцы.
Пандэмія каранавіруснай інфекцыі ахапіла практычна ўсе краіны свету, на жаль гэтая доля не абышла і нашай роднай Беларусі.
Гэта тычыцца кожнага з нас.
Але нават калі ў вас няма прыкметаў захворвання, вы можаце быць крыніцай інфекцыі. Менавіта вы можаце заразіць іншых, у тым ліку і сваіх блізкіх.
Для некаторых людзей гэтае захворванне з'яўляецца больш небяспечным і можа стаць смяротным.
Гэта людзі, старэйшыя за 60 гадоў, пацыенты з хранічнымі захворваннямі любога ўзросту і медыцынскія супрацоўнікі.
І менавіта вы можаце захаваць здароўе сабе і сваім блізкім. Выконвайце простыя рэкамендацыі.
Максімальна абмяжуйце зносіны з іншымі людзьмі.
Не хадзіце ў госці да пажылых сваякоў, бацькоў, не пасылайце да іх вашых дзяцей, якія могуць быць крыніцай інфекцыі.
Растлумачце сваім пажылым бацькам і пераканайце іх у тым, што яны павінны застацца дома.
Забяспечце іх усім неабходным, каб ім не трэба было зусім выходзіць з дому. Для іх – гэта можа быць адзіны шанец перажыць гэтую пандэмію.
Унікайце месцаў збору людзей, не хадзіце ў кіно, тэатры, рэстараны.
Калі вам неабходна наведаць месца з вялікай колькасцю людзей, то выкарыстоўвайце маску. Па прадукты пасылайце толькі аднаго чальца сям'і, а найлепш скарыстайцеся службай дастаўкі.
Не звяртайцеся да лекараў без вострай неабходнасці, цяпер не час для планавых медаглядаў і кансультацый! Калі трэба звярнуцца ў паліклініку або лякарню, надзявайце маску.
Мыйце часцей рукі або выкарыстоўвайце дэзынфекцыйныя сродкі. Не чапайце твар рукамі. Чхаць і кашляць толькі ў хустку або згін локця.
Калі ў вас з'явіліся прыкметы прастуды, не бяжыце адразу ў паліклініку. Застаньцеся дома і лячыце як звычайную прастуду – піце больш вадкасці і прымайце гарачкапаніжальныя.
Не трэба адразу рабіць тэсты на каранавірус. Пры пагаршэнні стану патэлефануйце свайму лекару або выклікайце хуткую дапамогу.
Не панікуйце. Паніка – гэта стрэс, які прыводзіць да знясілення арганізма і робіць яго больш адчувальным да інфекцый і захворванняў.
Для чаго ж патрэбныя такія жорсткія захады?
Усё для таго, каб запаволіць распаўсюджванне інфекцыі.
Чым больш павольна інфекцыя будзе распаўсюджвацца, тым павольней будзе расці колькасць цяжка хворых, якім спатрэбіцца рэанімацыйная дапамога і штучная вентыляцыя лёгкіх.
І тады мы, лекары, зможам выратаваць больш пацыентаў!
Выконваючы гэтыя простыя правілы вы можаце захаваць жыццё і здароўе сабе і сваім блізкім.
Дапамажыце нам, каб мы змаглі дапамагчы тым, каму мы патрэбныя».