24 красавiка 2024, Серада, 4:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Скірмунт: Прэм'ер-міністр БНР, які ўмеў спыняць агонь

2
Раман Скірмунт: Прэм'ер-міністр БНР, які ўмеў спыняць агонь

Цікавыя факты пра дзеяча БНР, які нарадзіўся 151 год таму.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Раман Скірмунт нарадзіўся 25 красавіка 1868 года ў родавым маёнтку Парэчча пад Пінскам.

Па-ранейшаму постаць Рамана Скірмунта адцяняецца ягоным палітычным партрэтам, хоць біяграфія гэтага незвычайнага чалавека заслугоўвае шматтомнага рамана. Пра асабістае жыццё прэм'ера Урада БНР, «Белсату» расказвае доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук.

Біяграфічную кнігу пра аднаго з самых яркіх палітыкаў БНР гісторык Аляксандр Смалянчук задумаў яшчэ 20 гадоў таму. У выніку шматгадовага грунтоўнага даследавання зусім нядаўна выйшла з друку новае 700-старонкавае выданне «Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Разам з прафесарам мы зазіраем за заслону палітычнай дзейнасці Скірмунта і бачым там звычайнага чалавека, які жыў, кахаў, у якога былі свае страхі, таленты і надзеі.

ДОКТАР ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК, ПРАФЕСАР АЛЯКСАНДР СМАЛЯНЧУК. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Наступная прэзентацыя біяграфіі Рамана Скірмунта адбудзецца ў Варшаве 13 лістапада ў «Collegium Civitas», зала 1222 (Палац культуры і навукі, плошча Дэфіляд 1). Пачатак а 18-й.

Беларускі дзеяч з «вялікіх паноў»

4 сыноў і 6 дачок у сям'і Скірмунтаў неабходна было забяспечыць годнай спадчынай і пасагам. Таму бацька Рамана Скірмунта, патомны літоўскі шляхціч, спыніў традыцыю і стаў прадпрымальнікам. Сям'я была вельмі багатая. Фінансавы зварот толькі адной суконнай фабрыкі прыносіў прыбытак 300 тыс. рублёў. Гэта былі каласальныя ў тыя часы грошы. Аднак Першая сусветная вайна перакрэсліла багацце Скірмунтаў.

Пасля няўдачы з праектам БНР Скірмунт адышоў ад палітыкі і жыў у сваім маёнтку, дзе займаўся гаспадаркай, будаваў храм і лякарню.

РАМАН СКІРМУНТ У ІТАЛІІ (ПАЧАТАК XX СТ.)

Палітык трох дзяржаваў

Дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расейскай імперыі, потым стваральнік Урада Беларускай Народнай Рэспублікі, а яшчэ пазней сенатар ІІ Рэчы Паспалітай. Якія насамрэч былі ягоныя погляды? Пытанне такой рэзкай палітычнай перамены і стала прычынай даследаванняў пра гэтую асобу. Нездарма кніга носіць назву «Грамадзянін Краю». Раман Скірмунт спрабаваў утварыць новую «краёвую» ідэалогію, новую нацыю, да якой належалі б усе патрыёты гістарычнай Літвы.

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГІ АЛЕСЯ СМАЛЕНЧУКА Ў ГАРОДНІ. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Пры гэтым «краёўцы» імкнуліся дэмакратызаваць паняцце так: «грамадзянін краю», заклікаючы ў рух не толькі эліту, але і мяшчанаў, сялянаў і працоўных. Гэта была спроба супрацьстаяць новым нацыянальным рухам: польскаму, расейскаму і ў першую чаргу літоўскаму, якія расколвалі гістарычную Літву. «Краёўцы» спрабавалі захаваць цэласнасць былой Літвы, утварыць нацыю палітычнага тыпу, дзе галоўным крытэрам нацыянальнай прыналежнасці была не мова, а патрыятызм да гістарычнай Літвы як сваёй радзімы. Такім «краёўцам» Раман Скірмунт фактычна і быў усё жыццё.

Да беларускага руху агітаваў Багдановіч

Самы складаны выбар у жыцці Рамана Скірмунта – гэта быў беларускі выбар. Ён далучыўся да беларускага руху ў снежні 1916 года, калі цэлы гэты «рух» у Менску быў прадстаўлены адной арганізацыяй – Беларускім таварыствам дапамогі пацярпелым ад вайны. Не апошнюю ролю пры гэтым згуляла агітацыя з боку Максіма Багдановіча, з якім Скірмунт супрацоўнічаў з верасня 1916 г. да свайго ад'езду ў Ялту на лячэнне і фактычна да смерці Багдановіч быў сакратаром харчовай камісіі, якой кіраваў Скірмунт.

СКІРМУНТ У ПАРЭЦКІМ ПАРКУ (1930-Я ГГ.)

Прэм'ер без дыпломаў, які граў Моцарта «без нотаў»

Уся сістэмная адукацыя Рамана Скірмунта, акрамя хатняй, – тры класы Рыжскай нямецкай гімназіі. Ён нават дыплом не атрымаў аб сярэдняй адукацыі. Воляй бацькі Аляксандра 15-гадовага Рамана забралі з гімназіі. Ён павінен быў пераняць абавязкі кіравання маёнткам, каб у будучыні забяспечваць фінансава ўсю сям'ю. Тут важная крыніца інфармацыі – біяграфія, якую Раман Скірмунт пісаў сам, калі балатаваўся ў Сенат ІІ Рэчы Паспалітай.

«Таемнае» каханне і пазашлюбныя сыны

Дакладна вядома, што Раман Скірмунт ніколі не ажаніўся. Адзіная крыніца інфармацыі пра ягоныя рамантычныя стасункі – успаміны вяскоўцаў. У вёсцы пра «таемнае каханне пана» апавялі не адразу, з вялікай павагай захоўваючы таямніцу. Гаворка ідзе пра ўдаву фурмана Кацярыну Цярэшку, якая была ў маёнтку «гаспадыняй дому». Жанчына нібыта нарадзіла Скірмунт чатырох сыноў. У вёсцы іх уважалі дзецьмі пана і па-вулічнаму называлі «скірмунтовымі».

КНІГА «РАМАН СКІРМУНТ (1868–1939). ЖЫЦЦЯПІС ГРАМАДЗЯНІНА КРАЮ». ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Быў вельмі сціплы і саромеўся выступаць на публіцы

Вядомаму палітычнаму дзеячу Раману Скірмунт, як ні дзіўна, было заўсёды цяжка выступаць на публіцы. Аднойчы ў размове з улюбёнай пляменніцай Вацлавай Скірмунт прызнаўся, што зайздросціць яе лёгкасці ў кантактах з людзьмі, бо сам у кампаніях адчувае сябе няёмка і часта не можа паказаць свае найлепшыя якасці. Акрамя таго, ён дадаў, што калі б меў такі ж лёгкі характар, то шмат чаго мог бы дамагчыся. Беручы да ўвагі, колькі Скірмунт павінен быў выступаць перад публікай, цяжка сабе ўявіць, што кожны раз павінен быў пераадольваць унутры сябе гэты чалавек, які ўсё ж адчуваў адказнасць перад радзімай.

РАМАН СКІРМУНТ. ФОТА З КНІГІ АЛЯКСАНДРА СМАЛЕНЧУКА / БЕЛСАТ

Прыняў смерць з годнасцю

У 1939 г. Рамана Скірмунта забілі мясцовыя «актывісты савецкай улады». На загад камісара тры мужыкі вывелі яго разам са шваграм Баляславам у лес і расстралялі. Калі Раману прапанавалі павярнуцца спінай, каб стрэліць у патыліцу, ён адказаў:

«Я ніколі ад людзей не адварочваўся і ад вас не адвярнуся». Гэта былі апошнія ягоныя словы, пасля якіх Скірмунт глядзеў у вочы сваім забойцам.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках