24 красавiка 2024, Серада, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўзмацнілі байкот тэхнічнага агляду

25
Беларусы ўзмацнілі байкот тэхнічнага агляду
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА ONLINER.BY

Плынь аўто на станцыях тэхнічнага абслугоўвання ўпала яшчэ на 40%.

Пакуль праект указа аб так званым дарожным падатку застаецца непадпісаным, беларускія кіроўцы далей ігнаруюць тэхнічны агляд. Нагадаем, дакумент прадугледжвае адвязванне дзяржаўнага збору ад працэдуры тэхнічнага агляду, яго ўжо некалькі разоў анансавалі, але да падпісання не дайшло. Цяпер жа сітуацыю пагоршыў і каранавірус, піша tut.by.

- Плынь аўтамабіляў на станцыях тэхнічнага агляду ўпала прыкладна на 40% у параўнанні з мінулым годам. Гэта значыць, падзенне было ў 2019 годзе, сёлета яно яшчэ большае, - расказаў дырэктар УП «Белтэхагляд» Юры Лянчэўскі. - І я не бяруся прагназаваць, што будзе далей, і як мы гэтую сітуацыю выцягнем. Я дапускаю, што тыя кіроўцы, якія чакалі новага ўказа, пасля таго, як яго нарэшце падпішуць, усё ж такі пройдуць тэхнічны агляд.

Нагадаем, паводле ацэнак УП «Белтэхагляд», летась тэхнічны агляд прайшлі 1 млн 150 тысяч аўтамабіляў, пры тым, што ў краіне было зарэгістравана 4 млн 380 тысяч транспартных сродкаў.

Лічбы за першыя тры месяцы гэтага года выглядаюць гнятліва. Але красавік, кажуць спецыялісты, выглядае яшчэ горш. За палову месяца - адразу мінус 40% ахвочых прайсці агляд. Са слоў Юрыя Лянчэўскага, такога ніколі не было. І калі так будзе далей, то «Белтэхагляду» проста няма чым будзе выплачваць супрацоўнікам заробак.

- Шмат хто дагэтуль тэлефануе і пытаецца, калі ўжо будзе новы парадак выплаты збору. Асабліва шмат было тэлефанаванняў у сакавіку, калі актыўна раскуплялі новыя аўтамабілі праз падзенне рубля. Для пакупцоў гэтае пытанне было асабліва актуальным, бо ім праходзіць тэхнічны ляд трэба раз на два гады і збор выплачваць у падвойнай суме. Вось яны б з задавальненнем аплацілі са зніжкай ці за некалькі этапаў, - разважае Юрый Лянчэўскі.

На недзяржаўных станцыях тэхнічнага агляду кажуць проста: самаходаў няма.

- Прыязджаюць толькі тыя, каму трэба ехаць праз мяжу. Легкавікі прынцыпова ігнаруюць агляд. Шмат якія станцыі скарацілі працоўны дзень, адпраўляюць людзей у неаплатныя адпачынкі. Усе ходзяць адзін за адным і пытаюцца, што будзе з дзяржаўным зборам. Плюс, вядома, сваю ролю адыгрывае і каранавірус. Тут ужо зусім не да агляду, - пацвярджаюць тэндэнцыю на адной са сталічных станцый.

Не праходзяць тэхнічны агляд і юрыдычныя асобы. Ёсць інфармацыя, што ва ўрадзе разглядаецца пытанне аб падаўжэнні на два месяцы ўжо выдадзеных дазволаў для юрыдычных асоб - міжнародных вознікаў. Гэтыя захады дазволіць ім у перыяд пандэміі скараціць выдаткі і мінімізаваць кантакты на станцыях тэхнічнага агляду. Але калі такая пастанова будзе прынятая, гэта яшчэ больш пагоршыць становішча станцый, шмат якія з іх выжываюць акурат дзякуючы таму, што хоць бы вознікі рэгулярна праходзілі агляд.

Нагадаем, праект указа прадугледжвае падзел працэдуры праходжання тэхнічнага агляду і аплаты дарожнага збору. Кіроўца можа сам выбіраць перыяд аплаты з мінімальным крокам адзін месяц. Пры аплаце за год і больш належыць зніжка. Кантроль за аплатай плануецца весці пры дапамозе сродкаў фота- і відэафіксацыі, у тым ліку з функцыяй распазнання нумарных знакаў. Спачатку аўтамабілісты чакалі новы дакумент пад ліпень 2019 года, потым - пад студзень 2020 га.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках