20 красавiка 2024, Субота, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Весткі з рэгіёнаў Беларусі нагадваюць франтавыя зводкі

28
Весткі з рэгіёнаў Беларусі нагадваюць франтавыя зводкі
Фота: tut.by

Гэта генацыд беларусаў.

Весткі з рэгіёнаў Беларусі сёння нагадваюць франтавыя зводкі. Віцебск. Капыль. Ворша. Менск. Мазыр. З кожным днём каранавірус захоплівае новыя населеныя пункты. Лякарні перапоўненыя, сродкаў абароны бракуе, пад пагрозай ужо жыцці лекараў. Усё гэта суправаджаецца маўчаннем і дэзінфармацыяй з боку ўладаў.

Аб памерлых ад каранавірусу мы даведаемся ад блогераў і незалежных СМІ. Пра тое, што адбываецца ў лякарнях - ад пацыентаў, якім кажуць, што ў іх звычайная пнеўманія.

Міністэрства аховы здароўя адмоўчваецца і загадвае рэбусы. Чыноўнікі скрозь зубы прызнаюць толькі тыя факты смерцяў, пра якія даведаліся журналісты. Карантын на афіцыйным узроўні ў Беларусі так і не ўвялі. Шэраг ВНУ, якія раней дазволілі сваім студэнтам вучыцца дыстанцыйна, вярнулі іх назад у аўдыторыі.

Прапагандысты часта спасылаюцца на досвед Швэцыі, якая не ўвяла ўсеагульны карантын. Пры гэтым, забываюць згадаць, што ў гэтай краіне закрытыя гімназіі і ўніверсітэты, дзейнічаюць абмежаванні ў транспарце, барах і рэстарацыях. Але нават пры гэтых захадах у Швэцыі - прыкладна такой жа па насельніцтву краіне, як і Беларусь - на сёння зафіксаваныя 5466 пацверджаных выпадкаў каранавірусу. 282 чалавекі памерлі.

Медыцына ў скандынаўскіх краінах - на вышэйшым узроўні. Уявіце цяпер, якая рэальная сітуацыя з каранавірусам у Беларусі.

Каранавірус паражае цэлыя сацыяльныя групы. Першыя выпадкі заражэння былі выяўленыя ў студэнтаў менскіх ВНУ. Вядома пра пацверджаныя дыягназы ў выкладчыкаў сярэдніх школ. Ад інфекцыі памерла настаўніца школы пад Капылём, пацверджанае заражэнне ў настаўніцы менскай школы №159, з розных рэгіёнаў краіны нам паведамляюць аб шпіталізацыі школьнікаў. Экспэрты кажуць пра тое, што новымі асяродкамі эпідэміі стануць калоніі і воінскія часткі. Сярод заражаных - прадстаўнікі інтэлігенцыі. У аўторак стала вядома пра смерць заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча, які, ужо будучы інфікаваным, браў удзел у рэпетыцыях, якія праводзяцца ў Тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Каранавірус ударыў па супрацоўніках МНС і МУС, пенсіянерах, жыхарах сельскай мясцовасці, дзе медыцына - на ўзроўні мінулага стагоддзя, нават трактарыстах.

Ужо позна казаць аб злачынным маўчанні і бяздзейнасці ўладаў. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта генацыд беларусаў.

Яўген Афнагель, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках