26 красавiка 2024, Пятніца, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Маглі набыць сабе ўсё з адной паездкі: Машыну, мэблю, раяль»

«Маглі набыць сабе ўсё з адной паездкі: Машыну, мэблю, раяль»
ВАСІЛЬ РАІНЧЫК

Кіраўнік «Верасоў» расказаў невядомыя факты з гісторыі ансамбля.

70 гадоў таму 7 сакавіка ў Шклоўскім раёне нарадзіўся Васіль Раінчык. Кампазітар, мастацкі кіраўнік папулярнага савецкага ансамбля «Верасы», народны артыст Беларусі. Вашай увазе – рэдкія кадры з архіву кінафотафонадакументаў, на якіх вы можаце ўбачыць маладых Раінчыка, Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую на парозе ўласнай славы, піша tut.by.

Дзяцінства Васіля Раінчыка прайшло ў Шклове.

– Калі ў Шклове... адчынілі музычную школу, гэта стала сапраўднай падзеяй, і ўсе пацягнулі туды сваіх дзяцей, – расказваў Раінчык у інтэрв'ю «Рэспубліцы». – Пацягнулі і мяне. Асаблівага жадання вучыцца музыцы ў мяне, 10-гадовага хлапца, вядома, не было. Але давялося ісці. Па-першае, бацька ўжо набыў баян. Па-другое, мама пра адмову і слухаць не хацела. Карацей, пайшоў, каб не засмучаць бацькоў. Але ў музычнай школе мяне прызналі нягодным. Сказалі: ніякіх дадзеных. Бацька тады ўзяў той баян і панёс у школу аддаваць – навошта інструмент, калі сын бяздарны. Тут мяне надумалі праверыць яшчэ раз – і выявілі абсалютны музычны слых і рытм.

УДЗЕЛЬНІКІ ВІА «ВЕРАСЫ»: 1-Ы ЗЛЕВА – АЛЯКСАНДР ЦІХАНОВІЧ, 3-Я ЗЛЕВА – ЯДВІГА ПАПЛАЎСКАЯ, 2-І СПРАВА – МАСТАЦКІ КІРАЎНІК ВАСІЛЬ РАІНЧЫК. МЕНСК, 1979 ГОД. ФОТА: ЯЎГЕН КОКТЫШ

Са Шклова Раінчык з'ехаў у Магілёў, а адтуль у Менск. Ён збіраўся паступаць у політэхнічны інстытут, але ў выніку спыніў свой выбар на кансерваторыі. Яе ён, дарэчы, скончыў двойчы – у класе фартэпіяна прафесара Валерыя Шацкага (1974) і ў класе кампазіцыі прафесара Яўгена Глебава, аднаго з найлепшых беларускіх кампазітараў.

ВАСІЛЬ РАІНЧЫК. МЕНСК, 1985 ГОД. ФОТА: ЯЎГЕН КОКТЫШ

Кар'ера Раінчыка пачалася... у рэстаране.

– Дзевяць гадоў адпрацаваў за час вучобы ў Менску, плюс яшчэ праграмы рыхтаваў, аранжыроўкі рабіў, музыку запісваў, – расказваў кампазітар «Рэспубліцы». – І, трэба сказаць, быў багатым студэнтам. А адзін час нават жыў у «Каменнай кветцы». У той час гэта быў круты рэстаран, начны, працаваў да 4 раніцы.

У інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» Ядвіга Паплаўская ўспамінала, як ў 1974 годзе іх калектыў «Верасы» застаўся без кіраўніка.

– І я вельмі добра памятаю, як мы з Сашкам [Ціхановічам] выйшлі з філармоніі і абмяркоўваем: каго б нам узяць у кіраўнікі? І ледзь не ў адзін голас сказалі: «Давай Васю Раінчыка! Ён жа цяпер без працы». Ён тады скончыў кансерваторыю як піяніст, вечарамі працаваў у рэстаране і быў нашым сябрам.

КІРАЎНІК ВІА «САМАЦВЕТЫ» ЮРЫ МАЛІКАЎ (СПРАВА) ВІНШУЕ МАСТАЦКАГА КІРАЎНІКА ВІА «ВЕРАСЫ» ВАСІЛЯ РАІНЧЫКА ПАДЧАС СВЯТКАВАННЯ 25-ГОДДЗЯ АНСАМБЛЯ. МЕНСК 1995 ГОД. ФОТА: В. ТАЛОЧКА

Менавіта з 1974 года пачаўся паступовы ўзлёт «Верасоў», якія літаральна штампавалі хіты ўсю першую палову 1980-х. У «Песню года» (гэты фестываль праводзіўся штогод з 1971 года і адразу ж стаў самай чаканай музычнай падзеяй у СССР у сферы эстрады) патрапілі такія песні ансамбля, як «Люблю цябе» (1979), «Малінаўкі пачуўшы галасок», «Белы ветразь» (1980), «Я ў бабулі жыву» (1981), «Завіруха», «Любоў мая» (1982), «Пакуты» (1983).

– Людзей раздражняюць аповеды пра чужое багацце, – расказвала Ірына Цвяткова, жонка Раінчыка «Камсамольскай праўдзе». – Але «Верасы» ў 80-я рэальна былі мільянерамі – давалі сто канцэртаў на месяц. У 1983 годзе ва Узбекістане мы далі за месяц 120 канцэртаў, можаце сабе ўявіць? 20 канцэртаў запар у адным невялікім горадзе, напрыклад у Новакузнецку, – гэта было нормай. Уяўляеце, якія былі зборы? Мы прыязджалі з гастроляў і маглі набыць сабе ўсе з адной паездкі: машыну, мэблю, раяль – і заставаліся грошы яшчэ на адну машыну. Хоць Раінчык заўсёды быў багатым чалавекам: ён вельмі хутка піша ноты. Я падлічыла, ён напісаў 76 песняў для «Верасоў». А ўсяго песняў у рэпертуары ансамбля 156. А ўжо гарадоў, якія мы з імі аб'ездзілі, значна больш.

СТАРШЫНЯ ЖУРЫ МУЗЫЧНАГА ДЗІЦЯЧАГА КОНКУРСУ, ЯКІЯ ПРАВОДЗЯЦЦА Ў РАМКАХ «СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ Ў ВІЦЕБСКУ», ВАСІЛЬ РАІНЧЫК ПАДЧАС УРУЧЭННЯ ГРАН-ПРЫ ФЕСТЫВАЛЮ НОНІ – УДЗЕЛЬНІЦЫ З РУМЫНІІ. 2003 ГОД. ФОТА: С. АНТОН

У сваім класічным варыянце «Верасы» існавалі да 1980 года, калі калектыў пакінулі Надзея Мікуліч, Леанід Кошалеў і Люцына Шамяткова.

А ў 1986-м пасля скандалу з групы сышлі Ціхановіч і Паплаўская: Аляксандра спрабавалі абвінаваціць ва ўжыванні наркотыкаў, але справа развалілася.

Сямейны дуэт сышоў у свабоднае плаванне, а Раінчык застаўся на чале «Верасоў».

ВАСІЛЬ РАІНЧЫК І АЛЯКСАНДР ЦІХАНОВІЧ ПАДЧАС ПАДРЫХТОЎКІ БЕЛАРУСКІХ ПРАДСТАЎНІКОЎ ДА «ЕЎРАВІЗІІ-2004». МЕНСК, 2004 ГОД. ФОТА: Н. ПЯТРОЎ

У 1990-я гады ў ансамблі спявалі Ліка Ялінская (будучая Агурбаш) і Ірына Дарафеева. У 1996-м апошняя надумала рабіць сольную кар'еру, пасля чаго гурт спыніў існаванне. Цяпер адроджаныя «Верасы» працуюць у складзе Моладзевага тэатра эстрады. Некаторы час ягоным мастацкім кіраўніком з'яўляўся якраз Раінчык.

А яшчэ Васіль Пятровіч дзесяць гадоў узначальваў журы рэспубліканскага адборачнага тура дзіцячай «Еўравізіі». Супадзенне ці не, але перамогі Ксеніі Сітнік і Аляксея Жыгалковіча былі дасягнутыя якраз у гэты час.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках