16 красавiка 2024, aўторак, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто «хімічыць» з бензінам для беларускіх кіроўцаў?

86
Хто «хімічыць» з бензінам для беларускіх кіроўцаў?

Улады шмат чаго не дагаворваюць.

На днях беларусы пачалі заўважаць, што ў іх рэзка вырас выдатак паліва. Усе яны запэўніваюць, што манеру язды не змянялі, машыны спраўныя, ды і рэзкіх змяненняў надвор'я ў апошні час не было.

Сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым прадпрымальнікам і блогерам Віктарам Гарбачовым пра тое, з чым можа быць звязаная гэтая праблема.

– У чым можа быць прычына росту выдатку паліва?

– Пра недаліў я б не казаў, гэта было б заўважна і пра гэта заявілі б. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з якасцю паліва, якое стала нашмат горшым. Хутчэй за ўсё, «брудная нафта» змешвалася з нармальнай. На выхадзе маем менш якаснае паліва. Выдатак такога паліва нашмат большы. Заявы пра надвор'е, пра вецер – гэта ўсё глупства.

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна даследаваць пробу. Хто гэтым зоймецца? Зразумела, што наўрад ці хто. Узяць недзе ўзор на пробу. Якасць паліва стала нашмат горшая – гэта факт.

Апошнія падзеі, звязаныя з нафтай, паказваюць: улады эканомяць, на чым толькі могуць. Перапрацоўваюць і «брудную», і нешта дадаюць, хутчэй за ўсё. Хутчэй за ўсё, улада пайшла на такі ўчынак таму, што, магчыма, паліва, якое спажывае краіна, у найбліжэйшы час можа не хапіць. Яны цяпер робяць усё, каб не было ажыятажу. Яны ўсё запар змешваюць. Якасць дрэнная, але ім важна, каб аб'ёмы былі. Гэтыя паказнікі яны пакуль «утрымліваюць».

Калі цягам тыдня або двух дамовы з Расеяй пра нафту застануцца на словах і яе толькі танкерамі будуць дастаўляць, то цягам месяца ўзнікне такі ажыятаж, што могуць быць перабоі з нафтапрадуктамі.

– Быў ужо такі інцыдэнт, калі праз хлараваную нафту ў «Дружбе» рэзка ўпала якасць бензіну. Атрымліваецца, што аўтамабілісты зноў адказваюць за пралікі ўладаў?

– У нас за правіны ўладаў заўсёды адказвае насельніцтва. У любым выпадку, улада спрабуе сапхнуць на нас свае праблемы.

Думаю, што рэакцыя кіроўцаў на канфліктную сітуацыю хутка павінна выявіцца. Пачынаючы ад петыцый, сканчаючы паходамі, як нядаўна блогер правёў, калі выйшлі да «Белнафтахіму» наўпрост спытаць пра кошты на бензін.

– Як, на Вашу думку, можа развівацца сітуацыя?

– Усё залежыць ад актыўнасці насельніцтва. Яна цяпер не такая як 10–15 гадоў таму, але ў любым выпадку запалку нехта паднясе да гэтага бензіну, і што-небудзь «загарыцца». У любога цярпення ёсць мяжа. Цяпер павышаецца на капейчыну бензін і паралельна павышаюцца кошты на прадукты, таму што ўсё завязанае на паліве. Кошты на прадукты харчавання, на паслугі, на ЖКГ будуць павышацца.

У любым выпадку, недзе ўспыхне, нават неабавязкова ад паліва. Магчымых варыянтаў, як бачыце, шмат. Сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Улады шмат чаго не дагаворваюць, інфармацыя закрытая. Афіцыйна ўсё "добра", а ў рэальнасці сітуацыя іншая. Народ ад гэтага стамляецца, ён даведаецца ўсё толькі з незалежных крыніцаў. У любым выпадку, недзе нехта аб'яднаецца – і будзе выбух. Як толькі пачнуць пусцець усе «заначкі», тады народ пачне разумець, што час нешта рабіць. Час мяняць гэтую ўладу. Яна зменіцца адназначна, і яны адкажуць за сітуацыю, якую нам зрабілі.

– Што б Вы хацелі сказаць беларускім уладам і аўтамабілістам?

Хлопцы, хопіць хавацца на кухнях і сядзець на канапах. Няма прынца на белым кані і няма герояў, якія прыйдуць і вас выратуюць. Сёння кожны чалавек – гэта герой для сябе і сваёй сям'і. Таму вярніце сабе чалавечыя якасці, не хавайцеся за спінамі іншых. Ніхто вашыя праблемы не развяжа. Пачынайце самі са сваіх местачковых праблемаў рухацца ў маштабах краіны да вялікай праблемы – змяніць гэтую ўладу. І ўсё ў нас атрымацца. Жыць трэба сумленна. Не глядзець на гэтую кланавую сям'ю і чужыя "паняцці". Страху не павінна быць. Навучыцеся адказваць за свае ўчынкі.

А ўладам, зразумела, што яны накралі, у іх усё як бы добра: жывуць сваімі кланамі і думаюць, што будзе так заўсёды. Я хацеў бы сказаць: пачытайце гісторыю, паглядзіце, што адбываецца ў свеце з дыктатурамі. На некім яна з вас скончыцца і ў маштабах краіны гэта будзе вялікая праблема, і гора для тых, хто гэта сюды прынёс. Камусьці давядзецца адказваць.

На лаву падсудных, адназначна, вялікая колькасць чыноўнікаў сядзе, яны гэта ведаюць. Проста думаюць, што менавіта іх, Іванова і Пятрова, гэта не закране. Але закране Сідарава.

Таму спыніцеся, глупствам таксама не займайцеся і паспрабуйце быць разам з народам, не аддаляйцеся ад яго. Трэба разам выпраўляць гэтыя памылкі. Калісьці мы знішчым гэтую грань паміж чыноўнікам, які сядзіць у крэсле і робіць выгляд, што ўсё добра, і грамадзянінам. Як толькі мы навучымся дамаўляцца, сітуацыя ў краіне кардынальна памяняецца. Калі мы перастанем хадзіць на добраахвотна-прымусовыя суботнікі, а на кухні плакаць. Сёння кожны чалавек адказвае сам за сябе. З гэтай прычыны нам трэба навучыцца. Толькі тады мы зразумеем, што значыць адказваць за краіну.

Усё будзе добра, толькі трэба адарваць азадкі, паціснуць адзін аднаму рукі, паглядзець у вочы і зразумець, што нас настолькі шмат, што мы самі сабе нават не ўяўляем. Улада спалохаецца і сама ўцячэ.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках