18 красавiка 2024, Чацвер, 22:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Улада можа панесці крымінальную адказнасць за сваю бяздзейнасць

55
Леанід Судаленка: Улада можа панесці крымінальную адказнасць за сваю бяздзейнасць

Праваабаронца папярэдзіў беларускіх чыноўнікаў.

Вядомы праваабаронца і прававы інспектар незалежнага прафзвязу РЭП Леанід Судаленка распавёў сайту Charter97.org аб артыкулах беларускага Крымінальнага кодэкса, пад якія могуць патрапіць улады ў сувязі з іх бяздзейнасцю падчас пандэміі каранавірусу.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі і свеце?

- Кожны дзень мы чуем жудасныя навіны. Статыстыка смерцяў нікога не можа пакінуць абыякавым. Мяне, у тым ліку як бацьку чатырох дзяцей, вельмі моцна палохае гэтая сітуацыя. Застаюцца незразумелымі паводзіны ўрада маёй краіны.

Чаму ўсе вакол, уключаючы Расею, закрылі свае межы, а мы чарговым разам хочам здавацца самымі разумнымі? Бо дэкрэтамі і ўказамі эпідэмію не спыніць, яна не падуладная таму палітычнаму ладу, які існуе ў нас у краіне.

- Чаму беларускія ўлады наважылі такім чынам сябе паказаць?

- Яны заўсёды так робяць. Яшчэ на світанку свайго праўлення Лукашэнка сказаў, што «сваю краіну за цывілізаваным светам не павядзе». Гэты жарт выявіўся вельмі злым.

Нагадаю, што сёння Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, дзе грамадзяне пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Наш урад адмаўляецца ратыфікаваць Канвенцыю аб асноўных правах і свабодах грамадзян. Да апошняга мы былі адзінай краінай у Еўропе, якая не ўваходзіла ў Балонскі працэс. Цяпер мы паказалі сябе адзінай краінай у Еўропе, якая не прызнае пандэмію каранавірусу.

Наступствы непрызнання яшчэ невядомыя, але я проста малю Бога, каб эпідэмія сапраўды абышла нашу краіну. Хоць афіцыйная статыстыка прызнае толькі 51 выпадак, заўтра можа быць і больш.

Не ведаю, ці зможа ўрад забяспечыць кожнага апаратамі для штучнай вентыляцыі лёгкіх. Бо чаму людзі паміраюць? У іх абцяжарваецца дыханне і кожнаму патрэбны такі апарат. Не ведаю, ці здольная Гомельская абласная інфекцыйная лякарня супрацьстаяць такім выклікам. Пакуль што ўлада кажа, што ў нас месцаў дастаткова і задзейнічаныя вайсковыя шпіталі.

Але размова ідзе не пра койка-месцы ў лякарні. Я магу і дома ляжаць, калі мяне падлучаць да гэтага апарату. Галоўнае, каб у пік хваробы чалавек проста не памёр, а хаця б проста мог дыхаць. Гэтыя пытанні хвалююць, але на жаль, улада не вядзе тлумачальнай і інфармацыйнай гутаркі, не кажа, што такое эпідэмія і як трэба паводзіць сябе ў гэтых варунках.

Яны не проста не закрываюць школы, а нават датэрміновых канікулаў дзецям не могуць даць. Я, напрыклад, абвясціў сямейны каранцін. Мой сын-школьнік не ходзіць у школу. Сам таксама стараюся не выходзіць без патрэбы на вуліцу. Балазе, месца маёй працы дазваляе мне дыстанцыйна кансультаваць людзей.

- Як вы ставіцеся да «народнага каранціну», які сёння абвясцілі беларусы?

- Я мяркую, што гэта правільная пазіцыя. Гісторыя нас пераконвае ў тым, што чыноўнікі - гэта апошнія людзі, хто будзе клапаціцца аб нашых жыццях і здароўі. Я ўзгадваю і чарнобыльскі прыклад, калі СССР утойваў ад нас наступствы аварыі, і іншыя выпадкі. Ім можа быць выгадна замоўчваць такія праблемы. Як гаворыцца, «выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў». Я заклікаю ўсіх бацькоў зладзіць сваім дзецям вакацыі. Адукацыю пры сённяшніх тэхналогіях можна атрымліваць дыстанцыйна. Дзеці могуць браць самастойныя віртуальныя ўрокі. Увогуле, ёсць шмат магчымасцяў для таго, каб не перарываць адукацыйны працэс. Здароўе важнейшае.

- Ці можна прыцягнуць улады да крымінальнай адказнасці за бяздзейнасць падчас пандэміі каранавірусу?

- Чыноўнікі могуць панесці крымінальную адказнасць, калі ў іх дзеяннях будуць выяўленыя прыкметы ўчынення злачынства. У такі час трэба абвяшчаць НС праз эпідэмію ў краіне. Усе нашы суседзі гэта зрабілі, а мы не.

Усе чыноўнікі, у залежнасці ад службовых паўнамоцтваў, у сілу сваіх абавязкаў павінны клапаціцца пра здароўе людзей. Не толькі Лукашэнка, але і яны на сваіх месцах павінны ў першую чаргу адказваць за тэрыторыю, якая знаходзіцца ў іх падначаленні.

Чыноўнікі нясуць і крымінальную адказнасць за неўжыванне захадаў, як у выратаванні, так і ў непаведамленні інфармацыі аб небяспецы для жыцця і здароўя. Таксама яны нясуць адказнасць за сваю бяздзейнасць. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі і абставінаў. Падкрэсліваю, сёння няма такой эпідэміі, каб у арыфметычнай прагрэсіі расла колькасць хворых, але я не ўпэўнены, што тая інфармацыя, якую я атрымліваю ад дзяржаўных СМІ, адпавядае рэчаіснасці. Я не ўпэўнены ў тым, што ад мяне не ўтойваюць інфармацыю.

- Ёсць крымінальная адказнасць за замоўчванне фактаў?

- У нас гэта прапісанае ў артыкуле 308 Крымінальнага кодэкса РБ. Ён устанаўлівае адказнасць за непаведамленне інфармацыі аб небяспецы для жыцця людзей. У выпадку, калі будзе даведзеная віна якой-небудзь службовай асобы аб тым, што яна ўтаіла інфармацыю ад насельніцтва, то наступствы могуць быць дастаткова сур'ёзныя – да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Гэтае злачынства заўсёды замахваецца на грамадскую бяспеку пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Цяперашняя пандэмія з'яўляецца нічым іншым, як такой сітуацыяй.

Нягледзячы на тое, што ў нас яшчэ не прызналі і не абвясцілі НС, у будучыні будзе ўжо цяжка давесці, чаму чыноўнік бяздзейнічаў і чакаў указа. Тут не трэба чакаць ніякіх указаў зверху, таму што права грамадзян на атрыманне поўнай дакладнай інфармацыі пра абставіны, якія пагражаюць жыццю і здароўю людзей, з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю.

Калі сёння ад нас пачалі ўтойваць інфармацыю, то для службовых асоб надыходзіць крымінальная адказнасць. Але падкрэслю, што ў нас павінна выконвацца прэзумпцыя невінаватасці, таму спачатку віна павінна быць даказаная прысудам суда.

- Якую параду вы б далі беларусам, каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх падчас пандэміі?

- У першую чаргу я б заклікаў кожнага не спадзявацца на тое, што хтосьці пра вас паклапоціцца, а клапаціцца пра жыццё, сваё здароўе і здароўе сваёй сям'і самастойна. Выконваць усе тыя рэкамендацыі, якія даюць лекары падчас эпідэміі. Не выходзьце на вуліцу без неабходнасці. Паглядзіце, у Францыі нават увялі штрафы за беспадстаўнае з'яўленне на вуліцы, такія ў іх ужытыя захады на ўзроўні дзяржавы. У нас нічога не прынятае.

Таму я б заклікаў не пускаць дзяцей у школу. Я заклікаю бацькоў самастойна ладзіць канікулы для сваіх дзяцей. Здароўе важнейшае, бо менавіта школьныя перапынкі, калі дзеці бегаюць паміж класамі, і ёсць тое становішча, пры якім вірус можа распаўсюджвацца імгненна.

Дзеці могуць не хварэць, але з'яўляцца носьбітамі або разносчыкамі каранавірусу. А потым яны прыязджаюць да бабуль і дзядуляў. Вядома, трэба скараціць да мінімуму наведванне людзей паджылага ўзросту, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, пенсіянераў, асабліва тых, хто пакутуе на хранічныя захворванні. Акрамя таго, трэба быць салідарнымі і надаваць ім дапамогу.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках