20 красавiка 2024, Субота, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская лекарка: Рэжым проста капае для сябе яму

141
Беларуская лекарка: Рэжым проста капае для сябе яму
ФОТА: ТАЦЦЯНА ЗЯНЬКОВІЧ/EPA/ТАСС

Зацягванне з карантынам прывядзе да фатальных наступстваў.

Міністэрства аховы здароўя канстатуе рост выпадкаў заражэння каранавірусам. Але карантын у нашай краіне так і не ўвялі. Сам Лукашэнка заявіў, што «свет звар'яцеў ад каранавіруса» і што «для нас не гэта галоўнае і страшнае» і «ўсіх вылечыць трактар». Таксама ён адзначыў, што «сітуацыя з каранавірусам не такая праблема для раёнаў і раённых цэнтраў».

У той час, як улады еўрапейскіх краін уводзяць надзвычайныя захады і жорсткія абмежаванні ў сувязі з хуткім распаўсюджваннем каранавіруса, беларусы вымушаны змагацца самастойна.

Прафесійны лекар і актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Церашкова пракаментавала сайту Charter97.org магчымыя сцэнары развіцця пандэміі каранавіруса, і наступствы якія яна можа мець для Беларусі.

- Магу сказаць дакладна, што вірус будзе распаўсюджвацца і далей. Гэта бачна па дынаміцы ва ўсіх краінах. Моцная пандэмія будзе ўсюды, калі не будуць прынятыя жорсткія карантынныя захады. Рост колькасці хворых будзе ўсюды аднолькавы, толькі з папраўкай на перыяд з'яўленне віруса на тэрыторыі.

На жаль, страт не пазбегнуць. На жаль, у нашай краіне мы можам і не даведацца пра рэальныя лічбы. Пастаянна ідзе акцэнт на тое, што інфармацыю лепш закрыць.

Таму мы будзем паміраць ад таго, ад чаго нам скажуць паміраць, а не ад таго, ад чаго ва ўсім свеце. Да гэтага трэба быць гатовым і не ўспрымаць лічбы, якія дае афіцыйная беларуская статыстыка як праўду.

У варунках дыктатуры можна адмаўляць каранавірус, але цяжка з ім змагацца.

- Многія краіны закрылі межы, увялі жорсткія абмежаванні для сваіх грамадзян. Па сутнасці, людзі могуць выйсці з дому толькі ў краму і аптэку. Гэта дзейсныя захады?

- Гэта вельмі дзейсныя метады, бо мы не можам прадухіліць заражэння ўсіх і кожнага, гэты вірус досыць агрэсіўны, але мы можам «размазаць» эпідэмію па часе. Усе гэтыя меры для таго, каб адначасова на лекараў не звалілася ўся хворая краіна, каб людзі паспявалі ачуньваць і вызваляць месцы для тых, хто захварэе потым.

Напэўна, амаль кожны перахварэе гэтым вірусам, але мы ўсе разумеем, што медыцынскі рэсурс абмежаваны і чым пазней мы захварэем масава, тым лепш. Таму гэта апраўданыя захады.

Я яшчэ раз прашу ўсіх задумацца. Вы не ведаеце, хто побач з намі. Кожны чалавек можа быць інфікаваны і не ведаць пра гэта. Таму, калі ласка, абмяжуйце сацыяльныя кантакты, па магчымасці, не ўдзельнічайце ў мерапрыемствах, дзе шмат людзей, не хадзіце ў вялікія крамы. Цяпер ёсць магчымасць кожнаму наладзіць сваё жыццё так, каб мінімальна сутыкацца з іншымі людзьмі, хоць бы ў той час, калі вы можаце гэта рабіць. Весціся на заклікі, маўляў, вы ўсё адно ездзіце ў транспарце, значыць, можаце і ў краму схадзіць, гэта глупства. Мы не ведаем, у які момант да нас падыдзе хворы чалавек. Я мяркую, што такія захады справядлівыя і трэба ў гэтым кірунку дзейнічаць, не чакаць загаду зверху, а ўжо дзейнічаць.

- Беларускі Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што няма сэнсу ў карантыне, маўляў, дзеці не хварэюць на каранавірус. Што б вы адказалі нашаму міністэрству?

- Дзеці хварэюць на каранавірус, проста яны пераносяць яго досыць лёгка, таму бацькі не звяртаюцца па дапамогу ў паліклінікі, асабліва, у той час, калі схадзіць туды - гэта тое самае, што схадзіць у гандлёвы цэнтр. Там сціжмы людзей у абмежаваным памяшканні. Дзеці, як і ўсе хворыя, заразныя. Думаю, што заява Міністэрства аховы здароўя прадыктаваная палітычнымі матывамі, а не лагічнымі. Дзеці вяртаюцца дадому, а ад іх захворваюць дарослыя. У тым ліку - іх паджылыя сваякі, пра якіх быццам клапоціцца Міністэрства аховы здароўя.

Спакайней было б абвясціць карантын у школах, калі былі б зачыненыя гандлёвыя цэнтры і кінатэатры, каб падлеткі не шукалі сабе месца забаў, дзе яны таксама зазнаюць рызыку. Але гэта ўжо комплексная дзяржаўная палітыка, за якую нясе адказнасці кіраўніцтва нашай краіны.

Што да Міністэрства аховы здароўя, то ў пачатку эпідэміі мы дакладна ведаем, што прыйшла адна пастанова, а праз некалькі гадзін іншая, якая замяняе першую, а яшчэ пазней - трэцяя. Такая тактыка сведчыць аб паніцы. Гэта сведчыць пра тое, што нам трэба браць сваё здароўе ў свае рукі.

- Чаму нашы ўлады не гатовыя да таго, каб пайсці на такі крок і ўвесці карантын у краіне?

- Аўтарытарны лідар заўсёды хоча заставацца пераможцам. Дзякуй Богу, што нашым так званым «лідарам» не стае нахабства сказаць, што яны «ліквідуюць каранавірус», але пакуль колькасць выпадкаў заражэння мінімальная, то можна рабіць выгляд, што ў нас «усё добра».

У першую чаргу, гэта тычыцца людзей, якія жывуць у рэгіёнах, мала карыстаюцца інтэрнэтам і не надта ведаюць, што адбываецца ў краіне. Калі пачытаць «Фэйсбук», то там многія ўспамінаюць, што вясковыя жыхары проста «не ў тэме». У прынцыпе, не пашкодзіла б дзяржаве падумаць пра тое, што вымруць тыя, хто галасуе. Можна пазбавіцца ад свайго электарату проста за месяц. На выбарачныя ўчасткі ніхто не прыйдзе, бо будзе разгар эпідэміі і людзям будзе не да гэтага. А калі людзі не будуць удзельнічаць у выбарах, то цяжка будзе стварыць добры вобраз палітычнай гульні, не кажучы пра тое, што смерць кожнага нашага сваяка і знаёмага будзе вядома шырокаму колу людзей. Бо людзі пастаянна абмяркоўваюць тэму каранавіруса. Рэжым проста капае для сябе яму.

На месцы Лукашэнкі будзе разумна зараз паклапаціцца аб рэальных народных масах. Магчыма, разыгрываецца ягоная ўлюбёная карта «прыйшоў і расставіў усё на свае месцы». Тады мы можа чакаць увядзення захадаў з невялікім спазненнем разам з чарговым разгонам чыноўнікаў і передвыбарным «перафарматаваннем». Калі сапраўды рыхтуецца такі сцэнар, то гэта антынародная палітыка. Зацягванне прыняцця жорсткіх карантынных захадаў прывядзе да дрэнных наступстваў.

- Ці даюць рады нашы лякарні ўжо цяпер?

- З вялікай напружаннем працуе цяпер 6-ая клініка, якая фактычна стала ўжо інфекцыйнай. Мяркуючы з дынамікі, можа так атрымацца, што ўсе клінікі будуць пераведзены ў такі рэжым. Пакуль рана казаць, але гэта можа адбыцца ў перспектыве.

- Ці ёсць пагроза таго, што ў нас пачнецца паўнавартасная эпідэмія каранавіруса?

- Яна адназначна пачнецца, бо не прымаюць дастатковыя карантынныя захады. Адна знаёмая днямі вярнулася з Бразіліі. «Белавія» прапанавала ім запоўніць анкеты з кантактнымі звесткамі. Бяда ў тым, што ў нашым аэрапорце не было каму аддаць гэтыя анкеты. То бок, людзі проста выйшлі з багажом і пайшлі. Калі гэта карантын і кантроль, то я прашу прабачэння. Яны прыляцелі з іншай краіны, дзе ёсць каранавірус, але яны нікому не былі цікавыя. Адпаведна, з чым яны выйшлі з самалёта, з тым жа дадому і прыехалі. Ніхто не праявіў ніякай засцярогі ў дачыненні да іх.

- Ёсць ужо нейкія назіранні, як самі людзі ставяцца да віруса. Ці ідуць людзі самі правярацца на каранавірус?

- Мы завіслі ў нейкім памежным стане. У адных краінах правяраюць усіх, каб максімальна выявіць кантакты, у другіх - загадзя ўводзяць жорсткія карантынныя захады, а Беларусь знаходзіцца ў тым «шчаслівым» варыянце, калі нічога не робіцца.

На што разлічвае наша Міністэрства аховы здароўя і ўлады, мне не вельмі зразумела. У лекараў ёсць спіс чатырох краін, пасля наведвання якіх могуць праверыць людзей з высокай тэмпературай на наяўнасць каранавіруса. Гэты спіс трэба было ўводзіць месяц таму, а цяпер максімальна пашыраць. Калі ты проста хочаш прыйсці ў паліклініку і праверыцца, то хутчэй за ўсё цябе чакае расчараванне.

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках