29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Уласевіч: На БелАЭС разгараецца ўнутраны канфлікт

61
Мікалай Уласевіч: На БелАЭС разгараецца ўнутраны канфлікт

Ці запусцяць станцыю?

Літоўская выведка апублікавала справаздачу, у якой гаворыцца пра парушэнні міжнародных стандартаў бяспекі на будаўніцтве АЭС у Астраўцы, а таксама пра нарастальны канфлікт паміж адказнымі беларускімі ўстановамі, заказчыкамі праекта і прадстаўнікамі «Расатама».

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да актывіста з Астраўца Мікалая Уласевіча, які не першы год займаецца праблемамі БелАЭС.

– Як Вы ацэньваеце апублікаваную літоўцамі інфармацыю?

– Я, вядома, не валодаю ўсёй паўнатой інфармацыі з нагоды таго, што там адбываецца на самай справе. Відавочна, што ідзе нейкае тармажэнне з запускам станцыі з беларускага боку. Гэта, у сваю чаргу не падабаецца баку расейскаму.

У цэлым я задаволены такой сітуацыяй. Можа, нам давядзецца мець справу з тым, што АЭС не запусцяць. Тое, што такі канфлікт мае месца, як і варта было чакаць.

Ідзе шмат размоваў пра бяспеку, але калі меркаваць, што адбываецца фактычна, яна там ледзь выконваецца і наўрад ці можна спадзявацца, што станцыя будзе працаваць у нармальным рэжыме.

– Ці былі нейкія перадумовы да канфлікту паміж «Расатамам» з адказнымі беларускімі ўстановамі?

– Скажу так, з прыватных размоваў: сапраўды ёсць незадаволенасць з расейскага боку, бо беларускі бок высоўвае пэўныя прэтэнзіі.

Гэтая незадаволенасць сапраўды выяўляецца пакуль што ў невялікіх канфліктных сітуацыях.

Але не выключана, што гэтыя канфлікты «ў дробязях» могуць вырасці ў сур'ёзны канфлікт інтарэсаў паміж Беларуссю і Расеяй. Як на мяне, гэта ўкладваецца ў рэчышча той інфармацыі, якую мы атрымліваем.

– Следчы камітэт ужо пачаў расследаванне ў сувязі з інцыдэнтамі на будаўнічай пляцоўцы, у ходзе расследавання былі затрыманыя некалькі чалавек. Ці чулі Вы што пра гэта?

– Ад мясцовых жыхароў гэтая інфармацыя трымаецца ў таямніцы. Калі гэта так, то гэтага варта было чакаць. І добра, што хоць пазней, але гэта адбываецца. Хоць гэта і хаваецца, але мабыць у СК даволі сур'ёзна ставяцца да тых жа надзвычайных здарэнняў, якія мелі месца пры будаўніцтве станцыі. Увогуле АЭС трэба зачыніць і забыцца пра гэтую тэму.

– А мясцовыя жыхары пра дзеянні СК нічога не гавораць?

– Абсалютна. Калі я не маю інфармацыі, то наўрад ці мясцовыя будуць нешта ведаць.

– Атрымліваецца, што ўсё трымаецца ў поўнай таемнасці?

– Думаю так. Асабліва пасля таго, як я апублікаваў факт надзвычайнага здарэння з падзеннем корпуса рэактара. Пасля гэтага яны настолькі зрабілі больш жорсткай дысцыпліну на тэрыторыі АЭС, што адбіралі ў супрацоўнікаў мабільнікі з відэакамерамі, забаранялі ім выхад за тэрыторыю, каб ніякай інфармацыі не прасачылася. І ўвогуле пры прыёме на працу людзям даволі жорстка казалі, што ніякай інфармацыі яны не маюць права распаўсюджваць, інакш іх проста звольняць. Там жудасная сістэма наконт таго, каб кантраляваць інфармацыю. Засакрэчанасць там досыць высокая.

– Ці можна казаць пра тое, што беларускія чыноўнікі баяцца адказнасці за запуск і працу станцыі?

– Вядома, баяцца, але збольшага яны жывуць паводле прынцыпу «схавацца за чыю-небудзь спіну». Ёсць каманда, ёсць галоўны «адказны» ў нас у краіне чыноўнік – Лукашэнка.

Вось яны ў выпадку чаго будуць за ягонай спінай хавацца, калі, вядома, іх не прызначаць у якасці казлоў адпушчэння, ну што ж, іх гэта не ўратуе. Тут жа Лукашэнка будзе вызначаць ступень віны тых ці іншых, хоць мы цудоўна ведаем, хто вінаваты і хто галоўны чалавек, з чыёй волі будуецца атамная станцыя.

– Як Вы ў цэлым пракаментуеце халатнасць «Расатама» і надзейнасць аб'ектаў, якія ён узводзіць?

– Мы ўсе добра ведаем расейскае «авось» і мы ведаем столькі фактаў, не толькі звязаных са станцыямі, але і ўвогуле з расейскімі тэхналогіямі, таму я проста скажу: трэба вельмі асцярожна ставіцца да таго, што яны будуюць такі небяспечны аб'ект у Беларусі.

Лепш, вядома, каб ён у нас не запрацаваў і каб мы паставілі на гэтым велізарную тлустую кропку. Тым больш, што ніякай «эканомікі» за гэтым праектам няма. Лукашэнка сам прызнаў той факт, што «ніхто яму не растлумачыў, як яна будзе ўмантаваная ў эканоміку».

– Што трэба рабіць з АЭС і як дамагчыся таго, каб яна не была запушчаная?

– Сёння ўзровень процідзеяння будаўніцтву выйшаў на міжнародны ўзровень. Сёння на лязе гэтай барацьбы знаходзіцца Літва са сваёй магутнай палітычнай сістэмай, са сваім урадам і г.д.

Што тычыцца нас, мясцовых, і ўвогуле беларускіх грамадзянаў, вы ж выдатна разумееце, што нас ніхто не бярэ да ўвагі. Калі мы выказваем нейкую незадаволенасць, то нас яшчэ могуць пасадзіць альбо аштрафаваць. Нават калі мы змагаемся за незалежнасць нашай суверэннай дзяржавы.

Калі на высокім палітычным узроўні будзе прынятая пастанова, натуральна, пад ціскам Літвы і з дапамогі Еўрапейскага звязу, то, можа быць, атрымаецца яе зачыніць – і было б гэта вельмі добра. Што да Расеі, сёння стасункі Беларусі з Расеяй няпростыя, асабліва ў пытаннях забеспячэння энэргетычнымі рэсурсамі, а АЭС – гэта і ёсць адзін з найбуйнейшых энэргетычных аб'ектаў і на яго трэба таксама атрымліваць сыравіну, той жа ўран, з Расеі.

Думаю, гэта не проста недасканалы эканамічны праект – гэта расейская пастка, якую трэба зачыніць і паставіць, як той казаў, кропку.

– Што б Вы адчынілі на месцы АЭС?

– Там не адзін аб'ект можна было б абсталяваць. Скажам, буйны лагістычны цэнтр, можна было б нейкія перапрацоўчыя вытворчасці арганізаваць. Можна было б зрабіць культурна-забаўляльны цэнтр або музей галавацяпства нашай улады, таму што ў аб'ект велізарныя сродкі ўбухалі, а ў выніку атрымалі штык сабе ў спіну. Над гэтым трэба думаць і развязваць пытанне не адной галавой. Магла б і Літва далучыцца, свае прапановы ўнесці, каб не зусім зніклі сродкі, укладзеныя ў гэта будаўніцтва. Варыянтаў можа быць вельмі шмат.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках