25 красавiка 2024, Чацвер, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці гатовая медыцына да прыходу каранавірусу ў Беларусь?

87
Ці гатовая медыцына да прыходу каранавірусу ў Беларусь?
ФОТА: TUT.BY

Прафесійны лекар – пра слабыя месцы сістэмы, створанай Лукашэнкам.

Учора быў зарэгістраваны першы выпадак каранавірусу ў Беларусі. 27 лютага тэсты, праведзеныя ў Рэспубліканскім навукова практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, паказалі наяўнасць каранавірусу 2019-nCoV у аднаго са студэнтаў БНТУ ў Менску.

Прафесійная лекарка і актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Церашкова апавяла сайту Charter97.org, ці гатовыя беларускія медыкі да прыходу каранавірусу ў нашу краіну і як супрацьстаяць захворванню

– Як Вы пракаментуеце заявы ўладаў з нагоды першага выпадку заражэння каранавірусам? Ці гатовыя яны супрацьстаяць эпідэміі?

– Рэч у тым, што супрацьстаяць эпідэміі аб'ектыўна цяжка. У Беларусі гэта ўдвая цяжэй, таму што мы не валодаем поўнай інфармацыяй. Улады звыкла заўсёды могуць хаваць звесткі, а мы, народ Беларусі, будзем мець інфармацыю з розных крыніцаў, як гэта заўсёды бывае пры такіх эпідэміях. Будуць ісці абвінавачванні і ў бок лекараў, і ў бок уладаў – у сувязі з тым, што не прымаюцца ніякія захады. На самай справе яны прымаюцца, але іх арсенал вельмі абмежаваны. Паколькі сімптомы каранавірусу вельмі падобныя на сімптомы іншых вірусных інфекцый, то на этапе, калі хвароба сябе толькі выявіла, мы не можам дакладна вызначыць, які менавіта вірус выклікаў захворванне.

Наконт захадаў, то ва ўсе медычныя ўстановы накіраваныя пратаколы, як сябе паводзіць. У першую чаргу мы павінны апытаць хворага і высветліць, ці былі ў яго кантакты з патэнцыйнымі носьбітамі вірусу, ці быў ён за мяжой, ці сустракаўся ён з хворымі з пацверджаным дыягназам – і на выпадак, калі адказ станоўчы, ёсць пратакол, куды размяшчаць гэтых хворых і як дзейнічаць далей.

Ёсць таксама людзі, якія проста адчулі сябе нядобра. Яны не могуць імгненна быць абследаваныя на прадмет каранавірусу, тым больш, што нават на самыя сучасныя тэсты адказ будзе ісці некалькі гадзінаў.

Трэба рыхтавацца да таго, што колькасць тых, хто хварэе, будзе павялічвацца даволі імкліва. Кожны павінен абараняць сябе сам, трымацца індывідуальных захадаў абароны, як пры любой эпідэміі. Гэта значыць: мыць рукі, пазбягаць натоўпаў, сачыць за сваім здароўем, быць добра апранутым, не пераахалоджвацца, каб паменшыць рызыку захворвання.

– Цяпер ужо абвешчаны карантын у Менскай інфекцыйнай лякарні. Ці зможа яна адна справіцца – бо ва Ухані, напрыклад, нават новыя лякарні будавалі?

– Не варта спадзявацца, што гэтая лякарня будзе адзінай. У многіх установах прыпыняецца планавая шпіталізацыя. Напрыклад, у 6-й Менскай лякарні вылучаныя ложкі як рэзерв, на выпадак, калі захворванне будзе пашырацца больш імкліва, чым мяркуецца. Медыкі рыхтуюцца.

– У аптэках учора за лічаныя гадзіны зніклі маскі. Ці справіцца грамадства з такім ажыятажам? Што рабіць у такой сітуацыі?

– Па-першае, самае эфектыўнае, што можна зрабіць з маскай – гэта надзець яе ўжо на хворага чалавека. Як прафілактычны захад маска не вельмі добра працуе. Можна яе надзяваць, але гэта нязручна. У той самы час кожны чалавек, які апынуўся побач з намі, на сёння павінен разглядацца як патэнцыйна хворы. Таму маску насіць у натоўпе – гэта лагічна, але калі ў вас захварэў сваяк – на яго трэба надзець маску абавязкова.

Да таго ж маска фабрычнай вытворчасці – двухслаёвая і працуе прыкладна дзве гадзіны. Аднаразовыя маскі мыць нельга, таму набыць маску на ўвесь перыяд эпідэміі вы не зможаце. Затое можна пашыць некалькі масак, калі вы вымушана працуеце з плынню людзей, і ўвечары іх мыць: элементарныя шасціслойныя марлевыя маскі могуць абараніць вас цягам 3-4 гадзінаў. Выснова: клапаціцеся пра сябе самі і не спадзявайцеся на тое, што нехта прыйдзе і скажа – вось вам куча масак.

– У дыктатарскіх рэжымах чыноўнікі і кіраўнікі, у тым ліку і ад медыцыны, баяцца праяўляць ініцыятыву. Ці не накладзе гэта адбітак на барацьбу з каранавірусам?

– Ініцыятыва – гэта з аднаго боку добра, але з іншага – бывае не вельмі. Увесь свет ідзе да таго, каб дзейнічаць паводле прынятых пратаколаў, якія прызнаныя найбольш эфектыўнымі. Магчымыя новыя выклікі, і пратаколы павінны тады мяняцца, але тое, што ёсць, некалі сябе добра зарэкамендавала.

Тут можна асуджаць толькі факты замоўчвання, калі такія будуць. Факты праявы ініцыятывы, не абгрунтаванай навуковымі даследаваннямі – гэта таксама не найлепшыя выпадкі. Проста павінна быць адкрытая інфармацыя.

– Улады Ірана хавалі факты выпадкаў каранавірусу ў краіне, а беларускі рэжым таксама мае такую схільнасць. Ці можа гэта накласці адбітак на развіццё эпідэмічнай сітуацыі?

– У Беларусі і Ірана ёсць агульныя праблемы – гэта дыктатура і адсутнасць празрыстасці ўлады перад грамадствам. Таму такая рызыка ёсць.

У той самы час медыкі глядзяць на сітуацыю досыць цвяроза. Яны яе ўвесь час аналізуюць і забяспечваюць сродкамі дыягностыкі. Нам дакладваецца, што мы павінны рабіць і як мы павінны абследаваць хворых і людзей з падазрэннем на гэтую заразу, і я не бачу на сёння прычынаў для панікі.

Так, людзі будуць хварэць. Так, нехта не выжыве. Але гэта будзе хутчэй за ўсё звязана не з уладамі, а з станам арганізма. Мы ўжо ведаем, што ў групе рызыкі пажылыя хворыя і людзі з хранічнымі захворваннямі, як гэта было заўсёды пры любой віруснай інфекцыі. На жаль, страты будуць.

Таму задача ўладаў – трымаць паніку пад кантролем і ўвесь час займацца санітарна-асветніцкай працай. Калі гэта будзе зроблена і будуць выконвацца эпідэміялагічныя мерапрыемствы, то павінна быць дастаткова, каб катастрофы не здарылася.

– У Іране, дзе ўлады хавалі інфармацыю пра каранавірус, заразіліся і памерлі ў тым ліку і чыноўнікі высокага рангу. Як у гэтым сэнсе можа развівацца сітуацыя ў Беларусі?

– Вірусу «да лямпачкі». Ён не будзе глядзець у пашпарт, правяраць нацыянальнасць і сацыяльны клас. Заразіцца той, хто не памые рукі і каму ў твар будуць кашляць і чхаць. Але галоўнае: першым заразіцца той, хто больш за ўсё гэтага баіцца. Страх, гэта даказана, зніжае імунітэт.

– Якія слабыя месцы беларускай сістэмы аховы здароўя можа выявіць эпідэмія каранавірусу?

– Слабое месца нашай медыцыны, якое кожны раз выпрабоўваецца рознымі нечаканасцямі – гэта тое, што яна закрытая для людзей. Інфармацыйная закрытасць – гэта сродак той самай дыктатуры і вынік адсутнасці свабоднай прэсы. Людзі будуць незадаволеныя атрыманымі адказамі, і гэта вынікуе праблемы менавіта ў медыцыне. Будзе куча скаргаў, скандалы, будуць напружаныя моманты, якія адрываюць лекараў ад працы.

Што тычыцца матэрыяльнай забяспечанасці, то мыла і гарачай вады, каб мыць рукі, павінна хапіць на ўсіх. Думаю, пакуль ніякіх спецыфічных лекаў ад вірусу не прапанавана, то агульных лекаў, як і дэзінфекцыйнай тэрапіі, павінна быць дастаткова. У той самы час, хацелася б, каб у шпіталях справы ішлі лепш, каб не цягнула скразняком з вокнаў, не развальваліся ложкі. Таму што ў такіх умовах папраўляцца людзям цяжэй. Хацелася б, каб лекары працавалі з нармальнай нагрузкай, таму што калі цяпер педыятры і тэрапеўты пачнуць бегаць па ўсім горадзе на тры стаўкі, гэта значыць, што яны самі могуць стаць крыніцай пераносу інфекцыі. Хацелася б, каб усё было зроблена разумна і не прымушалі нас рабіць лішнюю працу пры адсутнасці лішніх рэсурсаў.

– Была інфармацыя, што БНТУ пераводзяць на індывідуальную праграму навучання. Ці правільныя гэтыя захады?

– Гэта вельмі разумны падыход. Мы ведаем, што студэнты вучацца вялікімі групамі і плынямі. Гэта зручнае месца перадачы інфекцыі. Адзінае, студэнты павінны разумець, што гэта не дадатковыя вакацыі, а час для самаадукацыі. Праблемаў быць не павінна. Калі інстытуты прымаюць такую пастанову, яны адначасова распрацоўваюць план, паводле якога потым гэтыя хвасты будуць ліквідавацца. Нават калі цяпер абвесцяць вакацыі, а студэнты будуць вучыцца летам, гэта таксама будзе апраўдана.

Таксама варта падумаць, ці не дазволіць вольнае наведванне і ў школах. Я сама задумваюся, ці павяду дзяцей у школу, ці буду шукаць іншыя магчымасці на перыяд, пакуль не пройдзе захворванне.

– Што б Вы, як медык, параілі рабіць?

– Сітуацыя не такая непрыемная, як можа здацца, калі чытаеш у інтэрнэце. Звычайная гігіена, звычайныя засцярогі, каб не захварэць самому ад пераахаладжэння, звычайны прыём лекаў, які вам выпісалі ў выпадку хранічных захворванняў. Калі арганізм захаваны ў спрыяльных умовах, то менш рызыкі, што ён захварэе. Відавочна, не варта наведваць распродажы, магчыма, варта прапусціць кінасеанс. Ехаць за мяжу ці не ехаць, кожны пастановіць сам. Але калі ў вас ёсць магчымасць не выпрабоўваць лёс, а спакойна адседзецца на месцы, то гэта добры варыянт. Магчыма, гэта знак ці супадзенне, што вам ёсць чым заняцца дома.

Самае галоўнае, што мы павінны рабіць – гэта браць адказнасць, калі бачым, што чалавек захварэў. У першую чаргу хацелася б звярнуцца да працадаўцаў. Будзьце лаяльныя да сваіх супрацоўнікаў. Беражыце іх. Даслаўшы на бальнічны аднаго, магчыма, вы захаваеце здароўе цэлага аддзелу. Не павінна быць такога, што чалавек павінен пісаць справаздачы і смаркацца на ўсіх вакол. Калі ёсць магчымасць, трэба яго замяніць. Калі дапаможам адно аднаму, то перажывем не адну бяду. І не толькі гэтую.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках