25 красавiка 2024, Чацвер, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калгас імя братоў Карычаў

18
Калгас імя братоў Карычаў
ІРЫНА ХАЛІП

Які жартаўнік назваў іх «інвестарамі»?

Гарадавы больш не самотны: у яго з'явіўся страчаны, як у індыйскім кіно, брат-блізнюк, з якім яго разлучылі ў дзяцінстве. Праўда, братачка стаіць крыху воддаль і пабочнаму воку не бачны. Магчыма, так гарадавы і стаяў бы, гібеючы на самоце, і не ведаў, што ён цяпер не адзін, калі б не нястрымная хвальба аднаго з сербскіх бізнэсмэнаў Карычаў, які прадэманстраваў таго сваячка гарадавога ва ўсіх сацыяльных сетках.

І вось ён, помнік Срэтэну Карычу, стаіць пасярод міленькага катэджнага пасёлка ў водаахоўнай зоне. Расхінуў рукі да неба, па-ленінску, з прыжмурваннем, усміхаецца, і дачыненне да Беларусі мае прыкладна такое самае, як той гарадавы: той служыў расейскай імперыі, а ягоны сербскі брат – Слабадану Мілошавічу. З капрызу лёсу абодва чужынцы перакінуліся чыгуннымі балванамі чамусьці на нашых менскіх вуліцах.

З гарадавым усё зразумела: гэта персанальны татэм былога міністра ўнутраных справаў, нічым больш не характэрны. Ды і асоба ўмоўная, накшталт бабы з семкамі ля Камароўкі. Ні імя, ні прозвішча, ні біяграфіі – татэм, інакш не назавеш. А вось Срэтэн Карыч, што лунае на ўскраіне Менска, – цалкам рэальная асоба з сямейкі «гаманцоў» Мілошавіча. Той, хто выставіў з гонарам фота гэтай статуі, – Багалюб Карыч, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку з 2006 да 2016 год і жыў у Беларусі з расейскім палітычным прытулкам. Выдатны сябар для Аляксандра Лукашэнкі атрымаўся: прыехаў сюды, будучы ў інтэрполаўскім вышуку, але з расейскімі ахоўнымі дакументамі; неадкладна разам з братам Драгамірам апынуўся ў блізкім коле Лукашэнкі (ён менавіта такіх і любіць); адправіў кіраўніка са світай за свой кошт на горналыжны курорт – і адразу ж атрымаў зямлю пад забудову. (Зразумела, што не толькі за паездку, але і за гатоўку, і не аднаразова, а на доўгія гады наперад. Гэтая схема ў свой час ужо без збояў працавала з сябрам Слабадана – праўда, мільёны яго не ўратавалі.) І з тых часоў усе гэтыя «Зомексы» і «Даны» метадычна нявечаць наш горад, ператвараючы цэлыя раёны ў бетонныя турмы без адзінага дрэўца, затое з сотнямі тысячаў квадратных метраў, на многія дзясяткі паверхаў. А нейкі жартаўнік назваў братоў Карычаў ледзь не галоўнымі інвестарамі беларускай эканомікі. Зрэшты, ведаем мы таго жартаўніка. Дурныя ў яго жарты, не смешна.

І на самай справе, што за інвестыцыі, калі разабрацца, гэтыя браты прынеслі ў нашу краіну або дасталі з уласнай кішэні? А ніякіх. Надзелы ім вылучаюць асабістым указам Лукашэнкі – і, як сказана ва ўказе № 541 ад 2009 года, «на аснове перамоваў без падраднага гандлю». На перыяд будаўніцтва зямельныя надзелы вылучаюцца ў часовае карыстанне, а пасля заканчэння працы – у сталае. Зямлі, якія не адносяцца да жылых дамоў, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, – у арэнду без правядзення аўкцыёнаў і без збірання платы за права заключэння дамоваў арэнды зямельных надзелаў. А права ж заключэння дамовы арэнды – самая «крывасмактальная» штука для любога інвестара. Таму што заплаціць за права арэнды надзелу на 99 гадоў абыдзецца ў палову ягонага кадастравага кошту, на 50 гадоў – у 31,3 адсотка, на год – 3,2. Прычым спачатку давядзецца заплаціць за права арэнды з мэтай будаўніцтва, а потым – за права арэнды з мэтай эксплуатацыі. Але братоў Карычаў ад гэтых выдаткаў вызвалілі персанальным указам.

А далей усё проста. Усіх інвестыцый – наняць экскаватар і пачаць капаць зямлю пад катлаван. Тры капейкі інвестыцый. І тут жа можна пачынаць прадаваць будучыя квадратныя метры. А за квадратнымі метрамі прыходзяць беларусы са сваімі ашчаджэннямі або ўзятымі пад суровы адсотак крэдытамі – і ўкладаюць грошы ў будучае жыллё. Гэта значыць будаўніцтва ідзе за кошт беларусаў, а зусім не за кошт нейкіх міфічных інвестыцый. Дарэчы, Багалюбу Карычу абвінавачанне было высунутае ў незаконным вывадзе капіталаў з Сербіі. Шкода склала 40 мільёнаў еўраў. Справа ў Сербіі была спыненая ў 2016 годзе з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці. Але да «афшорак» тэрмін даўнасці недастасоўны, так што ніхто не здзівіцца, калі частка беларускіх грошай шчасна сыходзіць менавіта туды. Зрэшты, гэтае пытанне другаснае: галоўнае, што ўсе гэтыя квадратныя метры ўзводзіліся не на прынесеныя інвестыцыі, а на крэўныя грошыкі саміх беларусаў. Інвестар містар пшык.

Затое цяпер яны могуць адліваць сваякоў у метале і расстаўляць па горадзе і фігачыць родавы герб на плошчы Каліноўскага замест Музея вайны. Не здзіўлюся, калі хутка ў Менску з’явіцца помнік Бакіеву. Ён, вядома, жывейшы за ўсіх жывых, дык жа на Усходзе і традыцыі іншыя, там не трэба чакаць смерці, каб вылепіць сябе і выставіць на плошчы на радасць людзям.

А ўвогуле браты Карычы з іх саранчовым нашэсцем на Менск нагадваюць чараду галубоў. Галубы ж пэцкаюць вуліцы і плошчы і не задумваюцца, навошта яны гэта робяць, і нават не жадаючы нікому прычыніць шкоду. Усяго толькі інстынкт, нічога больш. І мы не асуджаем галубоў за тое, што яны гадзяць на нашых вуліцах. Што з іх, бязмозглых, узяць? Так і браты Карычы: галубы, дальбог, галубы. Прычым добра накормленыя.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках