28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнік элітнай нерухомасці ў Швайцарыі распавёў пра сваяцтва з Мішусціным

Уладальнік элітнай нерухомасці ў Швайцарыі распавёў пра сваяцтва з Мішусціным
АЛЯКСАНДР УДОДАЎ

Расейскі бізнэсовец Аляксандр Удодаў стаў фігурантам шматлікіх расследаванняў.

Бізнэсовец Аляксандр Удодаў, які згадваецца ў расследаваннях Фонду барацьбы з карупцыяй, "Адкрытых медыях" і "Рускай службы ВВС" аб нерухомасці прэм'ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна, распавёў "Известиям", што жанаты на сястры кіраўніка ўрада, паведамляе svoboda.org.

"З 2008 года я жанаты на ягонай роднай сястры Наталлі [Сценінай]. Агульных дзяцей у нас няма, у мяне ад першага шлюбу ёсць дачка-студэнтка. У жонкі сын і дачка ад першага шлюбу. Сын пасля вучобы і службы ў войску жыве і працуе ў Маскве. Дачка нейкі час вучылася ў Швайцарыі, цяпер заканчвае звычайную школу ў Маскве і збіраецца паступаць у тэхнічнае ВНУ. Цяпер мы з Наталляй ужо не жывем разам, але ў мяне захаваліся добрыя стасункі з ейнай сям'ёй, нашы мамы сябруюць", - адзначыў Удодаў.

Якія стасункі напраўду звязваюць Удодава і Сценіну, невядома. Радыё Свабода вывучыла старонку сына Сценінай у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" (цяпер профіль выдалены). На многіх здымках ягоная маці выяўленая разам з першым мужам - Сяргеем Сценіным, а Удодаў на фота не сустракаецца.

Бізнэсовец Аляксандр Удодаў падарыў сястры Мішусціна Наталлі Сценінай 1,3 гектара і два дамы, пісалі "Адкрытыя медыі". "Руская служба ВВС" называла Удодава партнёрам Сценінай урэстаранным бізнэсе. Акрамя таго, са звестак ФБК, Удодаў і Сценіна значацца заснавальнікамі некалькіх арганізацый, звязаных з Мішусціным. Напрыклад, хакейнага клуба "Спорціма", за які гуляе прэм'ер-міністр.

Падатковая справа

У інтэрв'ю "Известиям" Удодаў заявіў: "У дачыненні да мяне не распачыналася ніякіх крымінальных спраў" і "я не быў падазраваным ці фігурантам крымінальных пераследаў". Але, як раней распавядалі крыніцы РБК і "Коммерсанта", у красавіку 2011 года следства падазравала Удодава ў арганізацыі падатковай афёры на 2 млрд рублёў. Гаворка ішла аб кампенсацыі ПДВ. Аператыўнікі спрабавалі правесці ператрус дома ў бізнэсоўца, але зрабіць гэта не атрымалася, бо Удодаў вылецеў за мяжу. Следчыя дапытвалі бізнэсоўца двойчы: 18 красавіка і 12 снежня 2013 года, пісалі "Адкрытыя медыі".

З матэрыялаў справы вынікае, што група пецярбуржскіх бізнэсоўцаў спрабавала атрымаць з бюджэту 1,932 млрд рублёў паводле фіктыўных дакументаў. Для гэтага яны звярнуліся да Удодава, а той пазнаёміў іх са сваёй сяброўкай, намесніцай кіраўніка маскоўскага УФНС, Вольгай Чэрнічук. У працэсе аферы Удодаў часта стэлефаноўваемся з пецярбуржсікмі бізнэсоўцамі і, напрыклад, паказваў, хто можа дапамагчы падрабіць дакументы для ПДВ. Афера не ўдалася, таму што ўсе ўдзельнікі, уключаючы Удодава, у нейкі момант патрапілі пад праслухоўку ФСБ. Аднак пецярбуржскія бізнэсоўцы атрымалі турэмныя тэрміны, а Удодаў і Чэрнічук засталіся ў рангу сведак.

Гатэль у Швайцарыі

Са слоў Удодава, 15 гадоў таму ён купіў стары гатэль на беразе Жэнеўскага возера, разлічваючы яго перабудаваць і мадэрнізаваць, але не змог атрымаць дазвол у мясцовых уладаў. Давялося адмовіцца ад праекту і прадаць гатэль. У швайцарскай прэсе падзеі выглядае інакш. У 2007 годзе Удодаў набыў гатэль за 4 млн швайцарскіх франкаў і збіраўся ўкласці яшчэ 45 млн у перабудову. Аднак швайцарская пракуратура западозрыла яго ў адмыванні грошай (інвестар не змог даказаць, што ўкладвае сродкі, атрыманыя законным шляхам) і распачала крымінальную справу. У кастрычніку 2013 года Удодаў прадаў гатэль, а ў студзені 2014 года швайцарцы спынілі крымінальную справу, не атрымаўшы адказ на свой запыт ад расейскай Генпракуратуры.

"Папяровы дэвэлапэр"

Удодаў сцвярджае, што ён дэвелапэр, цяпер вядзе супольныя праекты з групай "Пік" і ГК "Аснова". Будуюцца два комплексы - прыкладна па 70 тысяч квадратных метраў кожны - на Сіманаўскай набярэжнай і ў Сетуньскім праездзе. Напраўду Удодаў - "папяровы дэвэлапэр" у гэтых праектах, тлумачыў РБК гендырэктар кампаніі "Гео Дэвэлапмэнт" Максім Лешчаў. Так называюць людзей, якія купляюць зямлю без дакументаў, афармляюць дазвольную дакументацыю і перапрадаюць надзел у некалькі разоў даражэй. Менавіта так выйшла з пляцамі на Сіманаўскай набярэжнай і ў Сетуньскім праездзе. Удодаў спачатку набыў іх, а затым атрымаў права забудоўваць. Надзелы былі выстаўленыя на продаж яшчэ ў 2017 годзе, Удодаў разлічваў сумарна атрымаць за іх блізу 4 млрд рублёў. Але фактычна купля зямлі адбылася толькі ў канцы 2019 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках