25 красавiка 2024, Чацвер, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вось дык альтэрнатыва!

7
Вось дык альтэрнатыва!
Валер Карбалевіч

Праз Клайпеду і Адэсу будзе пастаўляцца ў тым ліку і расейская нафта.

Беларускае кіраўніцтва любымі шляхамі імкнецца захаваць ранейшую ролю нафтавай галіны ў эканоміцы Беларусі, не зважаючы на тое, якую цану давядзецца за гэта заплаціць.

Ужо каторы дзень з пачатку года інфармацыйны парадак дня вызначаюць пытанні, так ці інакш звязаныя з нафтай. Вось хроніка толькі аднаго дня 25 лютага.

Што самае важнае, паводле БелТА, абмяркоўвалася на калегіі МЗС аб выніках працы органаў дыпляматычнай службы за 2019 год? Правільна, нафтавае пытаньне. Хаця, здавалася б, нафта і дыпляматыя — гэта зусім розныя кейсы. «Увядзеньне Расеяй абмежаваньняў на вываз нафтапрадуктаў, пастаўкі бруднай нафты прывялі да скарачэньня экспарту нашых тавараў, зьвязаных з нафтавай сфэрай, на 2 млрд 55 млн даляраў», — заявіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Што адмоўна адбілася на беларускім экспарце ў цэлым.

Затым СМІ паведамілі, што расейская «Транснефть» прыняла ад некалькіх неназваных кампаніяў заяўкі на пастаўкі ў сакавіку нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Таксама гэтым днём Беларусь і Расея нарэшце дамовіліся аб кампэнсацыі за брудную нафту.

І галоўная навіна. У сакавіку пачнуцца пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з Украіны па нафтаправодзе Адэса — Броды. Аб’ём — некалькі танкераў.

І ўсе гэтыя навіны былі ў топе. Бо нафта для беларусаў — гэта ўсё.

Між тым ужо два першыя месяцы году беларускія НПЗ працуюць менш як на палову сваёй магутнасьці. І гэта адразу адбілася на скарачэньні валавога ўнутранага прадукту краіны ў студзені на 2%. І пакуль ніякай канкрэтнай інфармацыі, падрабязнасьцяў пра абвешчаную Лукашэнкам кампэнсацыю расейскім бокам стратаў ад падвышэньня цэнаў на нафту не чуваць Наадварот, улады ліхаманкава шукаюць усё новыя альтэрнатыўныя варыянты паставак сыравіны.

У новай сытуацыі, якая стварылася ў сувязі з паступовым пераходам Расеі да сусьветных цэнаў на нафту для Беларусі і крызісам у двухбаковых адносінах, выкліканых гэтымі абставінамі, у кіраўніцтва краіны было прынамсі тры варыянты рашэньняў.

Па-першае, зьмірыцца з тым, што роля нафтаперапрацоўкі, увогуле нафтавай галіны ў эканоміцы Беларусі будзе моцна зьмяншацца. І прыйсьці да высновы, што Беларусі для ўласных патрэбаў хопіць ня больш за 7 млн т нафты (а не 24 млн т, як заплянавана на гэты год). Але гэта патрабуе зьмены сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Другі варыянт. Прадаць НПЗ расейскім нафтавым кампаніям. Магчыма, для заводаў, якія стануць іх уласнасьцю, мэнэджары кшталту кіраўніка кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына знойдуць варыянты паставак нафты па цэнах, якія б забясьпечылі іх канкурэнтаздольнасьць і працу з прыбыткам.

Але тут узьнікаюць дзьве праблемы. Ці трэба расейскім кампаніям цяпер беларускія НПЗ? Яны былі прывабным кавалкам тады, калі Беларусь была нафтавым афшорам. А пасьля выхаду на сусьветныя цэны на нафту яны перастануць быць такімі смачнымі. Вось з украінскімі НПЗ расейскія кампаніі не далі рады. У любым выпадку цяпер за гэтыя заводы расейскія алігархі шмат не дадуць. Яны моцна ўпалі у цане.

Яшчэ момант. Продаж НПЗ расейскім алігархам азначае, што яны больш не будуць для беларускай эканомікі курамі, якія доўгі час несьлі залатыя яйкі. Толькі падаткі ў бюджэт — і больш нічога, ніякіх мытаў.

І, нарэшце, трэці варыянт: пакінуць усё, як ёсьць, усімі сіламі імкнуцца захаваць статус-кво.

Можна лёгка здагадацца, што ўлады выбралі якраз трэці варыянт. Нічога не мяняць — гэта ў стылі Лукашэнкі. Таму ўсе высілкі скіраваны на тое, каб неяк усё ж дамовіцца з Расеяй. І адначасова ідуць ліхаманкавыя пошукі альтэрнатыўных варыянтаў пастаўкі нафты. То нарвэская праз Балтыку, то азэрбайджанская праз Чорнае мора. Зьвярніце ўвагу, што, каб запусьціць рэвэрс на нафтаправодзе Адэса — Броды, патрэбны доўгатэрміновыя кантракты. Дзеля аднаго танкера ўкраінцы на гэта не пагадзіліся б.

Прычым улады ня вельмі хвалюе, што нафта з альтэрнатыўных крыніц зьяўляецца відавочна даражэйшай за расейскую, пастаўленую праз нафтаправод «Дружба», нават і з прэміяй. Больш за тое, высьвятляецца, што і праз Клайпеду, і праз Адэсу будзе пастаўляцца ў тым ліку і расейская нафта. Вось дык альтэрнатыва!

Лёгіка тут такая: галоўнае, каб усё працавала. І няважна, зь якой эфэктыўнасьцю. Уласна кажучы, паводле такога прынцыпу працуе ўвесь беларускі дзяржаўны сэктар. А за ўсе страты заплаціць насельніцтва. Проста цэны на бэнзін пачнуць расьці хутчэй.

І адначасова гэта ціск на расейскія нафтавыя кампаніі — з тым, каб яны прапанавалі лепшыя ўмовы. Але, здаецца, апошняе пакуль ня вельмі ўдаецца.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках