25 красавiка 2024, Чацвер, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта быў самы вядомы ў горадзе бізнэсмэн»

19
«Гэта быў самы вядомы ў горадзе бізнэсмэн»
ВАЛЕРЫЙ ЯНЧАК

Што апавядаюць у Докшыцах пра загінулага на паляванні прадпрымальніка.

У Гарадоцкім раёне падчас палявання загінуў прадпрымальнік. Распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Забойства праз неасцярожнасць», ім займаецца Следчы камітэт, піша kp.by.

– Гэта самы вядомы бізнэсмэн не толькі ў нас у горадзе, але і ў раёне, – апавядае жыхарка Докшыцаў (Віцебская вобл.), якая працуе ў адной з мясцовых крамаў. – У яго і клуб свой, і кавярня, і бізнэсам будаўнічым займаўся... Мы былі ў шоку, калі даведаліся, што здарылася.

Увечары 21 лютага Валерый Янчак паехаў у Гарадоцкі раён на паляванне. Адтуль бізнэсмэн не вярнуўся. Вядома, што СК распачаў крымінальную справу паводле артыкула «Забойства праз неасцярожнасць». Кажуць, што стрэл вырабіў хтосьці з тых, хто быў на паляванні разам з Валерыем. Пра затрыманне падазраванага пакуль не паведамлялі.

Родныя Валерыя Янчака казаць пра тое, што здарылася, не жадаюць. Добрым словам яго ўспамінаюць у вёсцы Параф'янава – там Валерый скончыў школу.

– Ён чалавек добры. Калі нейкая дапамога патрэбная, ён заўсёды дапамагаў. Калі ў мяне памерла свякроў, ён машыны падаў, ні капейкі за гэта не ўзяў. Нягледзячы на тое, што ён бізнэсмэн, багаты чалавек, ён памятаў усіх, з кім вырас і сябраваў, – нікога не забываўся. Нядаўна прыязджаў у сваю родную школу на сустрэчу выпускнікоў, падарункі ў школу прывёз.

Будаўнічую фірму «ЯВГ-сэрвіс» Валер Янчак адкрыў у 2010 годзе. Праз чатыры гады набыў у Докшыцах будынак, які даўно стаяў нявыкарыстаны, і адкрыў там клуб «Сфера». У красавіку 2019 года Валерый Янчак атрымаў у кіраванне гаспадарку ў вёсцы Замасточча, кіраўніцтва калгасам перадаў брату, Андрэю Янчаку.

– Калгас быў у пазыках, на мяжы краху. З прыходам новага дырэктара стала значна лепш – заробак падняўся з 350 да 520 рублёў, – пацвярджае «Камсамолцы» Уладзімір, працаўнік калгаса. – Валерый Генрыхавіч яшчэ і года не папрацаваў, але змены ёсць: прыбытак павялічыўся, рамонт пачаўся. Валерый Генрыхавіч прыязджаў у гаспадарку 3-4 разы на тыдзень. Ён вельмі таварыскі, людзей паважаў, заўсёды пагаворыць, спытае, як справы. Калі трэба было кудысьці адлучыцца – заўсёды адпускаў.

Пра тое, што здарылася, працаўнікі гаспадаркі даведаліся адначасова з братам Валерыя.

– Андрэй Генрыхавіч нам раздаваў падарункі да 23 лютага, калі яму патэлефанавалі. Ён адразу заплакаў і з'ехаў. У нядзелю адміністрацыя ездзіла на пахаванне, вянок ад калгасу перадалі. А як там у іх на паляванні гэта атрымалася, ніхто не ведае. Цяпер паляванне на дзіка, лася забароненае, а вось на ваўка паляваць можна круглы год. А ў Гарадоцкі раён паехалі, напэўна, таму што туды была пуцёўка.

ДАРЭЧЫ

За выпадковае забойства на паляванні мужчыну з Быхава асудзілі на 1,5 года калоніі

У кастрычніку летась у Кіраўскім раёне некалькі мужчынаў палявалі на лася і казулю. Праз неасцярожны стрэл аднаго паляўнічага загінуў іншы, 31-гадовы мужчына. Тады СК таксама распачаў справу паводле артыкула «Прычыненне смерці праз неасцярожнасць».

Некалькі гадоў таму ў Кобрынскім раёне падчас палявання мужчына выпадкова застрэліў свайго напарніка. Пяць чалавек палявалі на дзіка. У нейкі момант 57-гадовы мужчына выйшаў з бяспечнай зоны і стрэліў у жывёлаў, якія прабягалі міма. Дроб трапіў у ягонага 35-гадовага напарніка. Мужчына памёр па дарозе ў лякарню.

У 2015 годзе мужчыну з Быхава асудзілі за выпадковае забойства прыяцеля на паляванні да пазбаўлення волі на 1,5 года.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках