28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Унук Станюты: Чаму на вуліцы імя маёй бабулі першым з'явіўся помнік нейкаму сербу?

14
Унук Станюты: Чаму на вуліцы імя маёй бабулі першым з'явіўся помнік нейкаму сербу?
ДЗМІТРЫЙ СТАНЮТА

Скульптуру не ўзгаднялі з мастацкай радай Менгарвыканкама.

На вуліцы імя беларускай артысткі тэатра і кіно Стафаніі Станюты паставілі помнік сербскаму бізнэсмэну Срэтэну Карычу – аднаму з заснавальнікаў Dana Holdings, піша tut.by.

Статуя стаіць на прыватнай тэрыторыі, у закрытым пасёлку. Ці ўзгодненая ўстаноўка помніка і што пра яго думае ўнук Стафаніі Станюты.

Відэа з манументам размесціў у сваім Facebook Багалюб Карыч, адзін з уладальнікаў Dana Holdings. На пастаменце ў поўны рост – фігура ягонага брата, памерлага ў 2017 годзе Срэтэна Карыча. На граніце ўказаныя гады жыцця бізнэсмэна і родавы герб сям'і Карычаў – такі ж, як на фасадзе бізнэс-цэнтра, што будуецца на Кастрычніцкай плошчы. Аўтар працы – скульптар Яраслаў Філіповіч.

Унук беларускай артысткі: «Якім чынам ён можа быць звязаны з беларускай культурай?»

Пра гэтую вуліцу ў Менску пачалі казаць пасля таго, як сюды не пусцілі праўнучку артысткі, гімнастку Меліціну Станюту. Дзяўчыну не прапусцілі праз КПП і прапанавалі звярнуцца да забудоўніка пасёлка Dana Holdings.

Пазней нашчадкаў знакамітай актрысы ўсё ж правялі з экскурсіяй па пасёлку. На сустрэчы ў элітным пасёлку ўнук артысткі Дзмітрый Станюта апавядаў, што быў непрыемна здзіўлены таму, што вуліца, названая ў гонар ягонай бабулі, апынулася закрытай. Пра тое, што цяпер там усталявалі помнік сербскаму бізнэсоўцу, Дзмітрый даведаўся са СМІ.

– У мяне ніякіх каментароў няма. У мяне толькі пытанне. Якім чынам помнік Карычу ў закрытым пасёлку, дзе, як я зразумеў з экскурсіі, знаходзяцца службовыя катэджы неграмадзянаў Беларусі, якія адносяцца да Dana Holdings, можа быць звязаны з імем Стафаніі Станюты, з беларускай культурай, з беларускай тапанімікай у гэтым горадзе?

Пасля публікацыі пра тое, што нас з дачкой не пусцілі на гэтую вуліцу, было шмат водгукаў. Самым разумным быў, напэўна, наступны: гэта праблема гарадскіх уладаў, якія вуліцы называюць дарагімі для грамадства імёнамі. Шмат хто хацеў бы прайсціся там, ускласці кветкі, калі б было куды, успомніць постаць беларускай культуры.

Вельмі добра, што такая вуліца з'явілася ў Менску, але чаму б закрыты рэжымны пасёлак не назваць без імёнаў? Ёсць жа вуліца Цяністая, Вішнёвая, нават Вясёлая ёсць.

Тады памылка беларускіх уладаў і кіраўнікоў горада выклікала здзіўленне ўбок нейкіх сербаў. Гэта было няправільна, таму што ў нас шматнацыянальная краіна, у нас няма ксенафобіі. Але цяпер людзі, якія не маюць дачынення да беларускай культуры, там уладкоўваюць сваімі тапонімамі і культурнымі знакамі свой запаведнік або гета, які гістарычна апынуўся рэжымна адрэзаным ад грамадскага культурнага поля сталіцы. Чаму на вуліцы Станюты першым з'явіўся помнік нейкаму сербу?

Мабыць, год такі пачаўся. Як тут не ўспомніць «крыжалом» у Курапатах, які таксама выявіў неразвязаныя праблемы беларускага грамадства. Пытанні множацца. Хто такія дачаснікі? Як яны распараджаюцца беларускай сталіцай? Хто тут у фаворы? Чаму кампаніі забудоўнікаў «Дана» і «Тапас» будуюць, што хочуць, узаконьваюць, што хочуць? Ці не адчуваюць сябе карэнныя людзі, культурна звязаныя з гэтай зямлёй, пасынкамі? Калі ўсё зменіцца?

Прасіць дзяржструктуры перайменаваць вуліцу Дзмітрый Станюта не плануе.

У Менску ёсць некалькі месцаў, дзе ўвекавечаная памяць Стафаніі Станюты, – гэта шыльда з барэльефам на Незалежнасці, 19, а таксама помнік на магіле актрысы на Усходніх могілках.

А ці ўзгоднены помнік?

На жаль, пытанні Дзмітрыя Станюты рытарычныя. У іншым выпадку заказчыку працаў на іх давялося б адказваць перад мастацкай радай.

– Рада гэтага не разглядала, бо праца стаіць на прыватнай тэрыторыі, там можна ставіць, што захочаце. Ёсць права на прыватную ўласнасць, гэта пытанне іх светапогляду. Але ўсе помнікі, якія ўсталёўваюць у горадзе за прыватнай тэрыторыяй, узгадняюцца з кіраўніком дзяржавы, – сказаў кіраўнік Менскай гарадской мастацка-экспертнай рады Уладзімір Зінкевіч.

Кіраўнік рады не выказаў свайго стаўлення да сітуацыі, адзначыў: «Такая дадзенасць».

Нагадаем, пасёлак на вуліцы Стафаніі Станюты забудавалі ў 2015 годзе, ён размешчаны ля Цнянскага вадасховішча, вакол прыватныя дамы і лес. На надзеле памерам блізу чатырох гектараў пабудавалі 14 дамоў, тэрыторыю абгарадзілі па перыметры, на ўездзе ўсталявалі шлагбаум і КПП.

Усе будынкі знаходзяцца ва ўласнасці кампаніі «Дана Астра», зямля выдадзеная ў арэнду на 98–99 гадоў. Гадавая арэндная плата надзелаў пад дамы вагаецца ад 450 да 770 рублёў. Тэрыторыя каля дамоў з траўнікам і дарогай таксама вылучаная не для агульнага карыстання, а ў арэнду для эксплуатацыі аднаго з будынкаў. Гадавая плата за гэты надзел складае блізу 209 тысячаў рублёў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках