26 красавiка 2024, Пятніца, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка цяпер зняважаны ўсімі

20
Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка цяпер зняважаны ўсімі
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG / ІВАН МЯЖУЙ

Ён у сваёй гульні ўжо саступіў.

Пра расейска-беларускія дачыненні ў інтэрв'ю mnews.world расказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч.

– Крэмль дагэтуль мае намер паглынуць Беларусь і стварыць адзіную дзяржаву з Расеяй. На якім этапе гэты працэс знаходзіцца цяпер?

– Расея сапраўды робіць намаганні, каб з'есці Беларусь. Анэксаваць і далучыць да сябе. Для гэтага яна выкарыстоўвае прагу Лукашэнкі да ўлады. Ён ужо больш за 20 гадоў нічым не заклапочаны, акрамя захавання ўлады. Першыя чатыры гады ён быў «законна абраным прэзідэнтам», а далей станавіўся фальшыва «абраным» кіраўніком, скажаючы вынікі ўсякага галасавання. Так што Лукашэнка далей імкнецца захаваць уладу, а Расея – з'есці Беларусь. Будзем наўпрост казаць пра гэта, не называючы працэс анэксіяй. Усе пры гэтым робяць добрапрыстойны выгляд: маўляў, мы ўзмацняем інтэграцыю абедзвюх краінаў.

Цяпер, калі Расея зацягвае пятлю на шыі Лукашэнкі, ён абвесціў усіх яе ворагамі. І далей за пацалункі і фразы пра выдатную Расею хоча атрымліваць нізкія кошты на нафту. Толькі гэты час скончыўся, Расеі больш не трэба завабліваць Лукашэнку ў фінансавы вір. Ён ужо заваблены і не ў стане плаціць, таму публічна пачынае скакаць і казаць, што на яго ціснуць, што на нашай тэрыторыі расейскія базы, якія нічога не плацяць, хоць гэта была ягоная ідэя. Пятля зацягваецца, і для Беларусі гэта дрэнна.

Лукашэнка яшчэ спадзяецца, што Захад чарговы раз дапаможа яму крэдытамі. Праўда, у гэтай гульні ён ужо пацярпеў паразу, Лукашэнка – завінавачаны, пазыку выплаціць не здольны, гэтак жа як і не здольны пацалункамі здабываць даброты. Мець такога лідара, які клапоціцца не пра краіну, а пра сябе, увогуле вельмі дрэнна. А выходзіць з гэтай сітуацыі яшчэ больш складана.

– А ў жніўні новыя прэзідэнцкія выбары.

– Так, і Лукашэнка зноў будзе іх фальсіфікаваць. Ён цяпер увогуле зняважаны ўсімі. А чаму? Фактычна ён сабраў каманду інтэлектуальна ўбогіх кіраўнікоў, пры гэтым сам дэманструе некампетэнтнасць. Гісторык паводле адукацыі, ён уручае ордэн святога Францыска Скарыны і кажа, што Скарына шпацыраваў па Санкт-Пецярбургу. Горад заснаваны ў 1753 годзе, гэта значыць праз паўтара стагоддзя пасля таго, як Скарына памёр. Лукашэнка можа расказваць, што вучыўся на вершах беларускага класіка Быкава, хоць той не пісаў вершаў. А ягоныя падначаленыя павінны выконваць толькі адно правіла. Яно простае, як было ў савецкі час: ты кіраўнік, а я дурань. Такая схема прыводзіць да крызісу.

Думаю, Беларусь чакаюць дрэнныя часы. Разлічвацца трэба за пазыкі дзяржаўныя. Хоць учынкі і лукашэнкаўскія, ён знойдзе спосаб унікнуць асабістай адказнасці. А прадаць ён можа ўсё, уключаючы і Беларусь.

– Гэта значыць зліццё Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву магчымае?

– Гэта вельмі небяспечна для нас. Бо беларусы глядзяць на гэта так, што ўмеюць жыць без Расеі значна лепш, чым з ёй. Паглядзіце, Расея – вельмі багатая краіна, 140 мільёнаў жыхароў. Паводле іхняй жа статыстыкі, з іх 22 мільёны жыве ніжэй за ўзровень беднасці. Расея – дрэнна кіраваная краіна, проста ў яе вельмі ашчадны народ. З 10 мільёнаў беларускіх грамадзянаў, з той жа афіцыйнай статыстыкі, толькі паўмільёна жыве ніжэй за ўзровень беднасці. Расея – краіна бедных грамадзянаў, краіна кантрастаў і краіна вывознага капіталу. Яе прыродныя багацці ідуць на ўзбагачэнне алігархаў. А Беларусь нават пры няўмелым кіраванні Лукашэнкі і то ў лепшым становішчы. І тут, вядома, Расея хоча атрымаць гэты прыдатак як больш інтэлектуальную частку ў палітычным і эканамічным сэнсе. Тое самае, што і з Украінай.

– А самі беларусы чаго б хацелі – жыць у незалежнай дзяржаве або пад расейскім кіраўніцтвам?

– Большасць беларусаў хоча жыць у незалежнай дзяржаве, і Лукашэнка гэтаму як бы «падгульвае». Маўляў, ён таксама «змагар за незалежнасць». І некаторыя нашы інтэлектуалы, тыпу Алексіевіч, пачынаюць хваліць яго: маўляў, як жа ўмела Лукашэнка «супрацьстаіць Маскве». Хоць ён недарэчна гэта робіць, Масква зацягнула на ім пятлю. Лукашэнка кажа адно, а робіць іншае. Гэта ягоная старая якасць, якую беларускія інтэлектуалы, на жаль, не разумеюць.

Прапаганда час ад часу апавядае пра дрэннае жыццё ва Украіне і пра тое, як добра ў Расеі. Значыць, давайце арыентавацца на Расею. Толькі вось нармальнага чалавека гэта не можа задавальняць. Тыя нешматлікія беларусы, якія ездзяць на закупы ў Польшчу ці ва Украіну, бачаць, як жывуць у іншых краінах. Такіх падмануць цяжка. Але гэта вельмі малы адсотак. Думаю, большасць беларусаў імкнецца да Еўропы. Але ж, каб верыць апытанням, то такіх няшмат. У плане інфармацыі беларусы арыентаваныя на тэлевізар, мяркуюць, што жывуць добра, і больш ні на што не прэтэндуюць. Ёсць і такія, хто мяркуе, што вайны няма – ужо добра.

– Так Пуцін дацісне Лукашэнку ў частцы стварэння адзінай дзяржавы?

– Думаю, мы здолеем гэтаму супрацьстаяць. Мы не заслугоўваем такой долі. Хоць у нас, як і ва Украіне, вельмі моцны расейскі мір. Шмат расейцаў на высокіх пасадах. Нават старшыні сілавых установаў і міністэрстваў – людзі не беларускага паходжання. Небяспечная сітуацыя, але думаю, што мы выстаім.

– Фактычна пагадненне пра «саюзную дзяржаву» з Расеяй Лукашэнка падпісаў яшчэ ў 1996 годзе. Палітолагі кажуць, у той час ён верыў, што зойме месца тагачаснага Барыса Ельцына і стане адзіным прэзідэнтам Расеі і Беларусі.

– У Лукашэнкі было шмат парываў, ён увогуле адчувае сябе такім разумным і адукаваным, што проста сорамна глядзець. Ён блытаецца ў элементарных рэчах у тэорыі эканомікі і культуры. Так, ён ездзіў па Расеі і быў перакананы, што паколькі Ельцын дэмакратычны прэзідэнт і слаба трымаецца за ўладу, то ён можа прэтэндаваць на ягоны пост. Ну, яму нос выцерлі. Яму не раўняцца з моцай расейскага КДБ – Пуцін яго не заўважыў, як дробную багоўку.

– Якія цяпер пазіцыі Лукашэнкі ў Беларусі?

– Цяпер ён апавядае ўсёй краіне, які ён «змагар за незалежнасць». Але кажа адно, а робіць зусім іншае. Становішча пагаршаецца. Наш ВУП вырас за мінулы год на 1,2 адсотка. Дарэчы, як і ў Расеі. А што ў тых краінах, якія пайшлі па шляху дэмакратызацыі? Напрыклад, Арменія: у яе 7 адсоткаў. Мы стартавалі з лепшых умоваў у 90-я гады, чым Польшча і краіны Балтыі. Але ў іх цяпер сярэдні заробак у 3-4 разы большы, чым у Беларусі.

– Захад увогуле зацікаўлены ў Беларусі?

– Няма больш бязглуздай структуры ў адносінах да Беларусі, чым Брусэль і Страсбург. Я шмат разоў сустракаўся з еўрадэпутатамі, і яны ўвогуле не разумеюць, што ў нас адбываецца. Яны нават не дапускаюць, што ў нас можа быць дэспатыя і ўціск дэмакратычных пачаткаў. Спачатку было вельмі шмат палітвязняў, а цяпер іншы захад – страшныя стропы, з якіх актывісты не могуць выблытацца. Захад не разумее, што гэта такое, і думаю, не зразумее. Ён быццам бы падтрымлівае лозунгі Лукашэнкі пра незалежнасць Беларусі, але ў рэальнасці не прызнаў ні адны выбары пасля 1996 года. Пры гэтым пастановы прызначанага Лукашэнкам парламента прымаюцца парламентарыямі іншых краінаў. Гэта недарэчная пазіцыя Захаду і час бы яму разабрацца, што адбываецца ў Беларусі.

– У Лукашэнкі ў Беларусі ёсць палітычныя апаненты?

– Іх вельмі шмат, але дзяржаўная прапаганда працуе толькі на кіраўніка. Вось ён паехаў у Егіпет і будзе казаць, якія важныя гэтыя стратэгічныя стасункі, хоць на самай справе Беларусі начхаць на іх, на ўзроўні кіраўнікоў. А вось у прыстойную краіну яго на ўзроўні кіраўніка не запрашаюць. Лукашэнка шмат разоў быў у ЗША, але як удзельнік мерапрыемстваў ААН. Ён там нават не сустракаўся не тое каб з прэзідэнтам, але нават і з нейкім больш-менш паважаным клеркам таксама.

У яго была апошняя добрая размова з Шыракам, але пасля таго як ён пачварна абышоўся з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі многіх краінаў, нацыянальны сход Францыі не ратыфікаваў гэтыя вынікі. Такім чынам, цягам сваёй дзейнасці Лукашэнка фактычна не быў на ўрадавым узроўні ні ў адной краіне. Хіба што ў Судане або ў Егіпце.

– Чаму ж Захад яго так не ўспрымае? Праз ягоную недэмакратычнасць?

– Нармальныя міжнародныя стасункі не будуюцца на лжывасці. Выгнаць амбасадара ЗША ў 2008 годзе можа дазволіць сабе толькі Лукашэнка, замест таго каб развіваць стасункі з вялікімі магутнымі краінамі і суседзямі.

– Гэта значыць, яго аб'ектыўна называюць апошнім дыктатарам Еўропы?

– Абсалютна аб'ектыўнае меркаванне. Ніякіх мэтаў, акрамя як утрымаць уладу, у яго няма. Таму ён і падбірае сабе такое асяроддзе, якое падпарадкоўваецца толькі аднаму прынцыпу: ты кіраўнік, я дурань. Там не трэба ні ідэалогіі, ні паліталогіі.

– Пуцін можа ваенным шляхам анэксаваць частку Беларусі?

– А тут ваенны шлях і не патрэбны. У Беларусі расейскія базы, у нас вітаецца ўдзел расейскіх частак у парадах, тут супольныя вучэнні... У нас нават мова беларуская ў войску адсутнічае. Усе каманды і ўсё справаводства вядзецца на расейскай мове, і ніякіх крокаў да самастойнасці няма. Тое самае з аўтакефаліяй. Украіна правільна зрабіла, сказаўшы: павінна быць уласная аўтакефальная царква. А ў нас дзякуюць і кланяюцца ў бок Кірыла. Гэта відавочна непатрэбная рэч і не вартая.

І ўвогуле, навошта ўводзіць расейскія войскі? Усё вельмі проста: Расея проста закруціць нафтавы кран. Лукашэнка будзе элементарна ўціснуты, а потым выйдзе і скажа: «Мы аб'ядноўваемся». У яго проста не будзе іншага выйсця.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках