28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дошку ў гонар Язэпа Драздовіча адкрылі ў Глыбокім

1
Дошку ў гонар Язэпа Драздовіча адкрылі ў Глыбокім

Памятную дошку ўсталявалі на доме №111 па вуліцы Максіма Горкага.

Адначасова ўшанавалі і памяць былога гаспадара гэтага дома, героя Першай сусветнай вайны Вікенція Дразда. Ён узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі і калісьці нават ахоўваў стаўку Мікалая ІІ у Магілёве, паведамляе «Радыё Рацыя».

Мастак Язэп Драздовіч сябраваў з сям’ёй Драздоў, наведваўся да іх у госці, а часам і жыў у гэтым доме.

Як кажа Зоя Голікава (Дрозд), Язэп Драздовіч часта заходзіў да бацькоў у госці і вёў размовы на розныя тэмы:

– У нас вось там была руская печ, дык ён на печы любіў спаць. Ён быў пісьменны, разумны, але троху дзіўны. У яго ж не было сям’і. Але былі браты, сёстры, пляменнікі. Ён вёў вандроўны лад жыцця. Ён нейкі час працаваў у Глыбокім у гімназіі настаўнікам малявання. І мая стрыечная сястра вучылася ў яго. Дык гаварыла, што трэба было па-польску гаварыць, а ён усё роўна гаварыў па-беларуску. Ён доўга не папрацаваў, можа гады два-тры, не больш.

Паводле краязнаўцы Уладзіміра Скрабатуна, з сям’і Драздоў паходзіць даволі шмат вядомых людзей, а таксама і на самой вуліцы Максіма Горкага (былой Сінкевіча) жылі вядомыя людзі.

– Тут амаль на кожным доме можна вешаць мемарыяльную шыльду. Я ведаю дзе жыла Паўліна Мядзёлка, дзе стаў іх дом. Дзе жыў прафесар славянскай філалогіі Здзіслаў Нядзеля, таксама дом ведаем. І таксама вельмі слынны род Драздоў, у ім вельмі шмат выбітных асобаў. Тут спыняўся часта Драздовіч, і гэты дом адзін з нямногіх ацалеў у вайну.

Ганаровыя шыльды, якія ўсталявалі на доме №111 па вуліцы Максіма Горкага, вырабіў Аляксандр Тухто. Ідэя ўсталяваць іх належала сям’і Дрозд і глыбоцкаму райвыканкаму. А фундатарамі стала сям’я Сабалеўскіх, продкі якіх паходзяць з Глыбокага.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках