29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таямнічы візіт

13
Таямнічы візіт
ФОТА: ТАСС

З якімі прапановамі Сечын прыязджаў да Лукашэнкі?

У Менску 18 лютага адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ігара Сечына – кіраўніка найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі «Раснафта». Пра вынікі сустрэчы афіцыйна нічога не паведамлялася. «Белсат» наважыў разабрацца, з якімі прапановамі прыязджала ў Беларусь адна з самых уплывовых фігур у расейскай уладзе.

Візіт Сечына ў Менск можна назваць нечаканым, прынамсі, для СМІ. Раніцай у аўторак прэс-служба дыктатара паведаміла, што Лукашэнка 19-20 лютага будзе знаходзіцца ў Егіпце з афіцыйным візітам. А 10:54 тэлеграм-канал «Пул першага», магчыма, звязаны з прэс-службай Лукашэнкі, выклаў здымкі з Егіпта – атрымліваецца, лукашэнкаўскі пул журналістаў ужо прыляцеў у Каір. Ні СМІ, ні афіцыйна прэс-служба, ні «Пул першага» (канал нярэдка першым дае інсайдэрскую інфармацыю аб запланаваных нарадах і сустрэчах Лукашэнкі) нічога не паведамлялі пра візіт Сечына да самага пачатку перамоваў з Лукашэнкам.

Таму можна выказаць здагадку: магчыма, загадзя ў парадку дня гэтай сустрэчы не было і пра візіт Сечына бакі дамовіліся ў апошні момант. З іншага боку, старшыня Нацбанку Павел Калавур 12 лютага казаў журналістам, што на наступным тыдні (гэта значыць, ужо на цяперашнім) будуць прадоўжаныя перамовы з пастаўшчыкамі нафты. Не выключана, што візіт Сечына Калавур акурат і меў на ўвазе.

Аб выніках саміх перамоваў нічога не паведамлялася. Прэс-служба Лукашэнкі абмежавалася некалькімі цытатамі з пачатку сустрэчы. Напрыклад, Лукашэнка заявіў, што хоча абмеркаваць сітуацыю з пастаўкамі нафты ў Беларусі, і выказаў надзею, што Сечын яму «падкажа нешта».

«Хацелася б поўнай яснасці», - дадаў ён. Сечын у сваю чаргу заявіў, што настроены на канструктыўныя перамовы.

Прэс-рэліз «Раснафты» быў яшчэ менш інфарматыўным: там проста адзначалася, што «бакі абмяняліся меркаваннямі аб развіцці далейшага супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі».

Цікавы момант: на кадрах сустрэчы добра відаць, што Сечын прыйшоў да Лукашэнкі з партфелем. Адтуль на стол перад сабой паплечнік Пуціна выклаў прэзентацыйны буклет «Раснафты» і нейкі дакумент, які трымаў пад рукой падчас размовы з Лукашэнкам. Што ў ім было – невядома.

Сечын прывёз «пастанову Пуціна»?

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў у эфіры праграмы «Асаблівае меркаванне» заявіў, што перад візітам у Менск Ігар Сечын сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, і пасля гэтага павёз Лукашэнку «пастанову Пуціна» што да беларуска-расейскіх дачыненняў.

«І мы сёння-заўтра даведаемся, што Пуцін пастанавіў у дачыненні да Беларусі і нафтавага пытання», - падкрэсліў ён.

Палітолаг Андрэй Казакевіч скептычна ставіцца да версіі Венедыктава.

«Я ўсё ж больш схільны да версіі, што візіт Сечына - гэта не спецыяльнае пасланне Пуціна, а менавіта візіт кіраўніка найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі. Я думаю, што гэта спроба Менска дамагчыся ўзаемаразумення з нагоды паставак нафты ўжо на ўзроўні асобных кампаній», - адзначыў экспэрт у інтэрв'ю.

З улікам «асаблівых стасункаў» Сечына і Пуціна (Сечын – сябар і паплечнік Пуціна яшчэ з піцерскіх часоў), палітолаг не выключае, што кіраўнік «Раснафты» мог прывезці Лукашэнку «нейкую дадатковую інфармацыю», аднак наўрад ці гэта была асноўная мэта ягонага візіту. «Асноўнае пытанне - гэта пытанне коштаў», - падкрэсліў палітолаг.

Адзначым, што аб сустрэчы Сечына з Пуціным напярэдадні перамоваў у Менску (аб чым казаў Венедыктаў) нічога не паведамляла ні прэс-служба Крамля, ні прэса. Калі верыць расейскім СМІ, апошняя афіцыйная сустрэча Пуціна і Сечына адбылася 11 лютага і беларускае пытанне там не абмяркоўвалася.

Інтарэсы Сечына ў Беларусі

У «Раснафты» ў Беларусі 36 АЗС, пяць нафтабаз, а таксама 21% акцый Мазырскага НПЗ (42% акцый Мазырскага НПЗ належаць расейскай кампаніі «Слаўнафта», якая з'яўляецца супольным прадпрыемствам «Газпрамнафты» і «Раснафты»). Пасля візіту Сечына ў сетцы з'явілася версія аб тым, што «Раснафта» нібыта хоча цалкам прыватызаваць Мазырскі НПЗ і менавіта гэтая прапанова абмяркоўвалася з Лукашэнкам. Напрыклад, такое меркаванне выказаў экс-лідар АГП Анатоль Лябедзька на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Экспэртка ў нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак уважае варыянт з продажам Мазырскага НПЗ «Раснафце» малаімаверным.

«Ідэя цалкам выкупіць Мазырскі НПЗ дужа дорага каштавацьме «Раснафце». У «Раснафты» сапраўды вялікія геапалітычныя амбіцыі, у іх праекты ва ўсім свеце. Сечын раней ужо спрабаваў атрымаць кантроль над Мазырскім НПЗ, але беларускі бок выставіў такія ўмовы, што было відавочна: Лукашэнка не хоча нічога прадаваць. Не думаю, што Лукашэнка пагодзіцца і сёння. Навошта прыватызаваць заводы, дзе вялікія грошы выдаткаваныя ў мадэрнізацыю, у заводы, якія, як кажуць спецыялісты, будуць неўзабаве адпавядаць еўрапейскаму ўзроўню? Тым больш, што падатковы манеўр усё адно ніхто не скасуе – кошты нафты будуць усё адно сусветныя», – адзначае экспэртка.

На думку Манёнак, больш магчыма, што гаворка магла ісці пра нейкія іншыя праекты «Раснафты». Экспэртка кажа, што Сечын неаднаразова дэманстраваў зацікаўленасць у Беларусі: напрыклад, калі ішла гаворка аб інвеставанні ў «Гродна Азот», а яшчэ пра тое, што «Раснафта» хоча стаць манапольным пастаўшчыком нафты ў Беларусь. Манёнак таксама нагадала, што ў 2013 годзе Сечын дзякуючы інтарэсам На Мазырскім НПЗ дамогся аднаўлення паставак нафты ў Беларусь, хоць тады ў расейскім урадзе пагражалі Менску іх скарачэннем на фоне чарговага крызісу ў двухбаковых стасунках.

Што тычыцца цяперашніх перамоваў аб пастаўках нафты, то Манёнак прызнае: беларускі бок выявіўся ў крытычнай сітуацыі праз жорсткую пазіцыю Масквы. У гэтым сэнсе асаблівае значэнне набываюць менавіта наўпроставыя перамовы з найбуйнейшай расейскай кампаніяй. На думку экспэрткі, «Раснафта» можа выступіць у якасці «верхавода»:

«Калі «Раснафта» пагодзіцца на пэўныя зніжкі, то з яе прыкладу рушаць услед і іншыя расейскія кампаніі».

Манёнак адзначае: дагэтуль не зразумела, хто наогул быў ініцыятарам сустрэчы - Масква ці Менск. З рэплік Лукашэнкі ў яе склалася ўражанне, што ініцыятарам акурат быў беларускі бок, а зусім не Крэмль.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках