26 красавiка 2024, Пятніца, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці з малатка хочуць прадаць палац Радзівілаў

13
У Берасці з малатка хочуць прадаць палац Радзівілаў

На яго прызначаная зніжка 80%.

Былы палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у вёсцы Паланэчцы Баранавіцкага раёна, у якім да канца 90-х гадоў знаходзілася сельская школа, дзяржава спрабуе прадаць з малатка ўжо сёмы год, піша «Брестская газета».

Баранавіцкі райвыканкам спрабуе прадаць аб'ект з 2013 года. За гэты час яго кошт знізіўся практычна ў шэсць разоў.

У 2014 годзе аб'ект са зніжэннем кошту на 50% набыло менскае ТАА «Спецактыўбуд-інвест». Уласнік меў намер рэстаўраваць будынак і выкарыстаць яго ў турыстычных мэтах. Аднак інвестара, які б фінансава падтрымаў планы новага ўладальніка, знайсці не ўдалося, фірма не выплаціла канчатковы кошт аб'екта, і ў 2016 годзе аб'ект вярнуўся ў камунальную ўласнасць раёна.

З тых часоў будынак рэгулярна выстаўляюць на продаж, але ахвочых яго набыць не знаходзіцца. Пакуль людзі таргуюцца, гісторыка-культурная каштоўнасць руйнуецца.

Аўкцыён са зніжэннем кошту на 80% праводзіцца не ўпершыню.

У 2018 годзе абрынуліся сцены флігеля ў палацавым комплексе, аднак намесніца дырэктара фонду «Брэстаблмаёмасць» Надзея Стральцова тады адзначыла, што з гэтай прычыны пачатковы кошт палацу яшчэ больш зніжаць не будуць.

«Памяншаць кошт больш нельга. Паводле заканадаўства можна прызначаць аўкцыён з пачатковым коштам адна базавая адзінка, але ніжэй за 80% памяншаць кошт нельга», - тлумачыла перад адным з мінулых аўкцыёнаў для продажу палаца ў 2018 годзе прадстаўніца «Брэстаблмаёмасці».

Тады яна таксама адзначыла, што калі аўкцыён не скончыцца продажам, Берасцейскі аблвыканкам і Баранавіцкі райвыканкам будуць разглядаць іншыя варыянты рэалізацыі будынка: прадаць за эквівалент базавай адзінкі або бясплатна перадаць пад інвестыцыйны праект. Аднак аб'ект зноў выставілі на аўкцыён там жа стартавым коштам 19,2 тысячы рублёў, гэта значыць, са зніжкай 80%.

Адпаведна з умовамі аўкцыёну пакупнік павінен правесці рэстаўрацыю лота.

«Наколькі я ведаю, частка будынка, якая зруйнавалася, не мае гісторыка-культурнай каштоўнасці», - паведамляла прадстаўніца «Брэстаблмаёмасці».

Палац у вёсцы Паланэчцы з'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Ён быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на загад Мацея Радзівіла на вобраз і падабенства італійскай вілы Трывулзіна.

Нашчадкі Радзівілаў жылі ў Паланэчцы да 1939 года. Пасля вайны ў палацы размяшчалася школа-інтэрнат. З 1999 года ён пустуе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках