19 красавiка 2024, Пятніца, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бітва за нафту: Ці пабудуе Расея нафтаправод у абыход Беларусі?

24
Бітва за нафту: Ці пабудуе Расея нафтаправод у абыход Беларусі?
ФОТА: ТАСС

Лукашэнка «змагаецца» не за больш нізкі кошт на сыравіну для беларускіх НПЗ.

Расейска-беларускі нафтавы канфлікт па-ранейшаму не ўрэгуляваны – на фоне прагнозаў пра зніжэнне попыту на сыравіну праз эпідэмію кітайскага каронавірусу. Чым гэта можа пагражаць Беларусі, Расеі і расейскаму бюджэту? Пра гэта гаворыцца ў новым выпуску праграмы "Грошы на Свабодзе" з эканамічным публіцыстам Максімам Блантам.

"Нездарма мы на мінулым тыдні засумняваліся ў тым, што Лукашэнка так проста змірыцца з тымі ўмовамі пастаўкі расейскіх вуглевадародаў у Беларусь, перад якімі як перад фактам паставіў яго расейскі калега. Пасля вяртання ў Менск кіраўнік падумаў-падумаў, ды і выліўся цэлай кучай гучных заяваў. У Сочы, высвятляецца, яму хоць прама і не прапаноўвалі, але намёкі на далучэнне Беларусі да Расеі ў абмен на ўнутрырасейскія кошты на энэрганосьбіты рабілі. Беларускі кіраўнік нібыта ад зніжак на нафту і газ ганарліва адмовіўся", – гаворыцца ў праграме.

Але гэта яшчэ не ўсё. Лукашэнка нагадаў, што з ягонай краінай так пакуль ніхто і не разлічыўся за страты, атрыманыя летась праз аварыю на трубаправодзе "Дружба", і прыгразіў, што пачне адбор з гэтай асноўнай расейскай экспартнай нафтавай трубы. Матывуе ён гэта тым, што расейскія кампаніі ў студзені недапаставілі на беларускія НПЗ паўтара мільёна тонаў, і калі ў лютым Беларусь не атрымае прадугледжаныя міжурадавым пагадненнем 2 мільёны тонаў і паўтары, недапастаўленыя ў студзені, яна возьме з трубы іх сама.

Нарэшце, Беларусь прапрацоўвае пытанні рэверснага выкарыстання нафтаправода "Дружба" для паставак нафты з Еўропы, а таксама балтыйскіх партоў для закупкі нафты ў ЗША, Саудаўскай Аравіі і ўвогуле ў каго заўгодна, хто прапануе Менску здавальняльны кошт. Лукашэнка прызнае, што гэтыя варыянты для Беларусі могуць апынуцца даражэйшымі, чым проста набываць расейскую нафту, але нагадвае, што і Расея выдаткавала мільярды даляраў на пракладку трубаў у абыход Украіны, хоць украінскі транзіт быў значна таннейшы.

Такім чынам, непрыемная, балючая для расейскіх уладаў асацыяцыя з Украінай была ўведзеная ў зварот. Аналогія сапраўды ў нечым дарэчная, асабліва калі ўлічыць, што "газавыя войны" паміж Масквой і Кіевам абавязкова выліваліся ў несанкцыянаваны "тэхналагічны" адбор газу Украінай. Цяпер вось расейскія экспарцёры могуць сутыкнуцца з тэхналагічным адборам нафты з трубы. Уяўляю, як ажывілася кіраўніцтва дзяржаўнай "Транснафты" ў прадчуванні шматмільярдных інвестпраектаў будаўніцтва трубаправодаў цяпер ужо ў абыход Беларусі.

Зразумела, што Лукашэнка б'ецца не за больш нізкі кошт на расейскую нафту. Рынак і так даў яму вельмі нядрэнную зніжку. А за розніцу паміж тым коштам, паводле якога Беларусь набывае нафту ў Расеі, і тым, які можна атрымаць на сусветным рынку. Беларусь плаціла б і 100 даляраў за бараль, калі б на біржы гэты бараль каштаваў 150.

Але пакуль 150 даляраў за бараль фігуруюць хіба што ў марах Ігара Сечына. На парадку дня хутчэй далейшае падзенне катыровак. На днях Міжнароднае энэргетычнае агенцтва апублікавала лютаўскі даклад, у якім адзначаецца істотны ўплыў эпідэміі кітайскага каронавірусу на сусветны попыт на нафту. Так, паводле ацэнкі экспертаў, у першым квартале на рынку апынуцца незапатрабаванымі 435 тысячаў бараляў за суткі, і гэта будзе першым квартальным зніжэннем попыту за апошняе дзесяцігоддзе. Знізіла Агенцтва свой прагноз у росце попыту на нафту на ўвесь 2020 год на 365 тысячаў бараляў за суткі, асабліва адзначыўшы, што гэта будзе самы нізкі паказнік з 2011 года.

Як гэта адаб'ецца на кошце нафты, збольшага залежыць ад дзеянняў АПЕК+. І тут расейскія нафтавыя кампаніі апынаюцца перад вельмі непрыемнай дылемай. Альбо скарачаць вытворчасць, спрабуючы падтрымаць кошт, альбо напляваць на кошт і браць за кошт аб'ёмаў. Абодва варыянты дрэнныя, паколькі прыбыткі ў любым выпадку зваляцца. Гэта ж, дарэчы, адносіцца і да расейскага бюджэту. А для Фонду нацыянальнага дабрабыту, які папаўняецца пры высокіх коштах на нафту і пачынае выкарыстоўвацца пры нізкіх, і зусім пытанне можа ўстаць рубам.

Пра тое, што ўрад, мякка кажучы, перастараўся з напаўненнем уласнай скарбонкі, зладзіўшы форменную фінразвёрстку і прымусіўшы насельніцтва зацягваць паясы, мы казалі ўвесь мінулы год. Пацвярджэннем гэтаму служаць апублікаваныя Расстатам звесткі пра інфляцыю ў Расеі за студзень. У гадавым вымярэнні, гэта значыць да студзеня мінулага года, кошты ў Расеі выраслі на 2,4 адсоткі. Другі раз за ўсю гісторыю гадавая інфляцыя ў Расеі апынулася ніжэйшай, чым у ЗША, там кошты дадалі за год 2,5 адсотка. Першы раз, дарэчы, быў адносна нядаўна – у студзені 2018 года, калі ўрад ужо на ўсю моц падвышаў збіральнасць і адкладваў звышпрыбыткі "на чорны дзень".

Але сёлета, з улікам леташняга павышэння ПДВ, які аўтаматычна закладваецца ў кошты, вынік і зусім выглядае фантастычным. Або катастрафічным. Паколькі гэта сведчанне слабога плацежаздольнага попыту з боку насельніцтва і недафінансавання выдаткаў федэральнага бюджэту. Але гэта ўсё "грахі" мінулага кабінета. Цяперашнія ж не такія (асабліва міністр фінансаў). Цяпер жа рост эканомікі тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя будуць забяспечваць, нарошчваючы сацыяльныя выдаткі і стымулюючы попыт. Папаўненне скарбонкі перастала быць самамэтай.

Больш за тое, новы міністр фінансаў разам з кіраўніком ЦБ прыдумалі вельмі элегантны спосаб дастаць з гэтай скарбонкі ладную суму. Банк Расеі прадасць ураду ў асобе Фонду нацыянальнага дабрабыту кантрольны пакет Ашчадбанка і львіную частку грошай верне ў бюджэт, ператварыўшы рэзервы ў "нянафтавыя прыбыткі".

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках