29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Год Зубра

44
Год Зубра
ФОТА: С.ПЛЫТКЕВІЧ

З Новым годам, Беларусь!

Гэты год быў найлепшым годам у жыцці нашай Беларусі! У гэтым годзе мы пераканаліся самі і пераканалі ўсіх, што мы можам!

А ў наступным годзе мы скажам, што змаглі!

У гэтым годзе мы пазнаёміліся самі з сабой.

Усё было, хадзілі побач, нават у твар пазнавалі, а вось так, каб адчуць сябе роднымі - упершыню.

Цяпер кожны ведае мінімум пару дзясяткаў чалавек са свайго двара, дзесьці сотню ў раёне і тысячы па ўсёй краіне. Паводле закону дотыкаў кожны ведае кожнага.

Уся нармальная Беларусь пазнаёмілася.

І ўвесь свет мы з сабой пазнаёмілі.

Раней жа як было? Мы, мужчыны, заўсёды цвёрда і горда казалі, што нашы жанчыны - самыя прыгожыя і самыя лепшыя. Пярэчанняў у гэтым мы не трывалі, нягледзячы на ўсю сваю талерантнасць.

Цяпер гэта прызналі ўсе. Варта назваць імёны - Ніна, Воля, Алена, - як з усяго свету даносіцца: Багінская, Хіжынкова, Леўчанка - гэта што, усе вашыя?

Вядома, нашыя. І спартоўцы ў нас найлепшыя ад усіх. Саша Герасіменя, Ягор Мешчаракоў, Надзея Астапчук, Саша Раманоўская. Яны алімпійскі агонь не з рук службоўцаў атрымлівалі, а ад тых самых алімпійцаў, якія былі героямі, увянчанымі лаўровымі вянкамі, а не рангамі афіцэраў КДБ.

І лекары ў нас найлепшыя, якія прысягалі не дыктатару, а якія далі клятву Гіпакрата, як Арцём Сарокін, які не дазволіў абгаварыць забітага, сказаўшы свае важкія «нуль праміле».

Лепшых за нашых пенсіянераў наогул няма нікога ў свеце. Ларыса Соўсь, якая перажыла халакост, і нязменны ўдзельнік пратэстаў паэт Ян Грыб. Яны дзівосна прыгожыя і спакойныя, нават калі іх арыштоўваюць. За сябе не хвалююся, хвалююся за сваіх блізкіх і за краіну.

А музыкі? Паша Аракелян, Ілля Чарэпка-Самахвалаў, TOR BAND... Іх сотні, іх хочацца слухаць бясконца!

Мастакі, акторы, студэнты...

І супраць гэтага дома, гэтай духоўнай і фізічнай прыгажосці нехта адважваецца махаць дубінкамі? Неспасцігальна.

Усе тыя, хто аддае загады пра гвалт супраць мірных грамадзян Беларусі і выконвае іх, кожны, хто выносіць незаконныя прысуды паводле сфабрыкаваных спраў, хлуслівыя сведчанні - распісваецца ў тым, што ніякага дачынення да нашай краіны не мае. Кожны ўзмах дубінкай - гэтая заява аб выхадзе з беларускага грамадства. Гладкай дарожкі.

Мы падымем першы тост у Новы год за тых, хто з віны злачынцаў сёння знаходзіцца за кратамі. Мы ведаем усе іх імёны і мы не забудзем імёны тых, хто іх кінуў у турмы.

Мы ўспомнім ў Новы год імёны ўсіх тых, хто аддаў жыццё за нашу Беларусь, за нас. Мы жывыя, бо яны загінулі, засланяючы нас, абараняючы Беларусь.

Гэты год у свеце стаў годам Беларусі, а наступны стане годам свабоднай Беларусі!

Для Беларусі наступны год - год Зубра, сімвала ўпэўненай сілы, свабоды і годнасці.

З Новым годам, Беларусь!

Жыве вечна!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках