23 красавiка 2024, aўторак, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі давядуць рэжым Лукашэнкі да паралюшу

40
Санкцыі давядуць рэжым Лукашэнкі да паралюшу

Захады павінны быць самымі жорсткімі.

Сёлета Еўразвяз не прызнаў Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, катэгарычна асудзіў гвалт сілавікоў на мірных дэманстрацыях і неўзабаве ўвядзе чарговы пакет санкцый. Як Еўразвяз можа дапамагчы беларусам? Пра гэта «Белсат» пагутарыў з дэпутатамі Еўрапарламента.

Самыя жорсткія санкцыі

Еўразвяз рыхтуецца аслабіць рэжым Лукашэнкі эканамічнымі захадамі і рыхтуе ўжо трэці пакет санкцый. Ён павінен быць больш жорсткім, чым усе папярэднія, абяцае кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў стасунках з Беларуссю Роберт Бедрань.

«На гэты раз яны будуць накіраваныя перш за ўсё на бізнэсы, якія працуюць з Лукашэнкам. Гэта будзе як быццам папярэджаннем для алігархаў з розных краінаў, якія маюць справы з гэтым рэжымам. Каб яны задумаліся, ці варта прадаўжаць утрымліваць з ім кантакт», – падкрэслівае еўрадэпутат.

Еўразвяз плануе ўвесці і персанальныя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. Аляксандр Лукашэнка таксама павінен увайсці ў гэты спіс.

«Прабачце, але цяпер такая сітуацыя, што ён павінен быць першай асобай з гэтага спісу! Пасля падзей жніўня гэты чалавек ніколі не павінен крочыць на тэрыторыю Еўразвязу», – кажа Бедрань.

Якія канкрэтна кампаніі патрапяць пад трэці пакет санкцый, стане вядома ўжо неўзабаве. Каб іх увесці, трэба атрымаць «зялёнае святло» ад міністраў замежных справаў усіх краінаў Еўразвязу. Далей – справа пары гадзінаў. Перш за ўсё Еўразвяз чакае, што гэтыя санкцыі давядуць рэжым Лукашэнкі да паралюшу.

«Мы не можам сабе дазволіць, каб дэмакратычныя краіны Еўразвязу хоць якім спосабам падтрымлівалі дзеянні Лукашэнкі», – кажа Роберт Бедрань.

З дыктатарамі нельга весці дыялог

Еўрадэпутаты падкрэсліваюць, што цяпер яны прадумваюць санкцыйны пакет такім чынам, каб эфект ад яго адчула беларускае кіраўніцтва.

Раней санкцыі Еўразвязу не мелі наступстваў перш за ўсё праз непаслядоўную еўрапейскую палітыку.

«Адной рукой Еўразвяз уводзіў санкцыі супраць беларускага рэжыму, а другой – пачаў з ім праграму суседства. Наступствы такой палітыкі мы бачым і сёння. Цяпер сітуацыя іншая: самі беларусы маюць іншыя чаканні ад Еўразвязу», – кажа Роберт Бедрань.

З непаслядоўнасцю еўрачыноўнікаў згодны і ягоны калега ў дэлегацыі ў стасунках з Беларуссю Пятрас Аўштравічус.

«Я думаю, што Еўразвяз зрабіў шмат памылак. Спрабавалі размаўляць з Лукашэнкам, але з дыктатарамі нельга весці дыялог. На Беларусь глядзелі як на цікавы рынак, з якім можна мець толькі эканамічныя стасункі. Ніхто не верыў, што там могуць адбыцца сур'ёзныя змены. Але сёлета самі людзі запатрабавалі змены і іншага будучыні. І Еўразвяз гэта ўбачыў», – кажа ён.

Іншыя захады

Санкцыі – не адзіны інструмент уплыву Еўразвязу на беларускі ўрад. Мары Арэна, кіраўніца Камітэта ў правах чалавека, кажа, што ў Еўрапарламента ёсць іншыя спосабы. Напрыклад, маскоўскі механізм АБСЕ. Гэта вельмі сур'ёзная праверка правоў чалавека ў краінах, якая за ўсю гісторыю ўжывалася восем разоў, прычым для Беларусі гэта будзе ўжо другі раз.

Таксама Еўрапейскі парламент мае намер дамагчыся пакарання для ўсіх сілавікоў, якія адказныя за гвалт. Калі не на нацыянальным узроўні, то на міжнародным.

«Пакуль існуе ілюзія беспакаранасці, гвалт можа доўга не спыняцца. Але для мяне як старшыні камітэта ў правах чалавека важна працаваць над тым, каб сілавікі былі змушаныя да адказнасці», – кажа Мары Арэна.

Што цяпер значыць Беларусь для Еўразвязу?

Ніколі яшчэ Беларусь не была ў такім цэнтры ўвагі ў Еўропе і ва ўсім свеце, як цяпер, падкрэслівае Пятрас Аўштравічус. Паводле ягоных словаў, Еўрапарламент вызначае сітуацыю ў Беларусі як крытычна дрэнную, як працэс, калі дзяржаўныя структуры ваююць супраць свайго народа непрымальнымі спосабамі.

«Мы павінны рэагаваць на пратэсты ў Беларусі. Мы бачым, як доўжыцца гэтая хваля, але бачым, што адбываецца з боку дзяржаўных структураў. Я не заўважыў элементаў, якія паказвалі б, што Лукашэнка змяніў сваю пазіцыю: папрасіў прабачэння перад людзьмі і пачаў нацыянальны дыялог. Наадварот, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, АМАП усё гэтак жа творча падыходзіць да спосабаў пераследу дэманстрантаў».

У той самы час Беларусь вельмі важная краіна для Еўразвязу, бо яна знаходзіцца на ягоных межах.

«Еўразвяз падтрымлівае дэмакратычныя рухі па ўсім свеце, напрыклад, у Ганконгу ці Алжыры. Але Беларусь для нас асабліва важная, бо яна такая блізкая ад нас», – адзначае Мары Арэна.

Важная настолькі, каб адразу падставіць сяброўскае плячо і ў выпадку перамогі.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках