20 красавiка 2024, Субота, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Змены ў транспартным падатку: Што трэба ведаць кожнаму кіроўцу ў Беларусі

50
Змены ў транспартным падатку: Што трэба ведаць кожнаму кіроўцу ў Беларусі
Фота: bymedia

Новаўвядзенні прадугледжаныя праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2021 год.

Пра тое, што ў дарожным зборы трэба нешта мяняць, улады кажуць не першы год. І цяпер, падобна, прыйшлі да канчатковага варыянту. Дзяржмыту заменяць падаткам, адвяжуць ад тэхагляду, але плаціць яго давядзецца ўсім без выключэння аўтаўладальнікам.

Як зменяцца плацяжы, каму дадуць зніжкі і як да навіны ставяцца баранавіцкія аўтамабілісты, даведалася Intex-press.

Плануецца, што транспартны падатак прыйдзе на змену дзяржмыце за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху (дарожнага збору) з 1 студзеня 2021 года. З праходжаннем тэхагляду новы падатак ніяк звязаны не будзе.

Новаўвядзенні прадугледжаныя праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2021 год.

Хто будзе плаціць

Транспартны падатак будуць салідарна выплачваць усе ўласнікі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у базе ДАІ МУС. Гэта значыць плацёж давядзецца ўносіць фізічным асобам і арганізацыям, прычым незалежна ад таго, удзельнічае аўто ў дарожным руху ці не.

Не будуць прызнавацца аб'ектамі падаткаабкладання транспартныя сродкі, выпушчаныя не пазней за 1991 год або тыя, звесткі пра год выпуску якіх адсутнічае, транспарт сацслужбаў, меддапамогі, да 31 снежня 2025 года – электрамабілі.

Плацельнікамі транспартнага падатку не будуць з'яўляцца рэспубліканскія органы дзяржкіравання, суды, органы пракуратуры, мясцовыя выканальныя і распарадчыя органы, арганізацыі-перавознікі, якія выконваюць аўтамабільныя перавозкі транспартам агульнага карыстання, а таксама войскі і вайсковыя фармаванні.

Ад выплаты транспартнага падатку вызваляюцца транспартныя сродкі, знятыя з уліку да 1 ліпеня 2021 года. Гэта неабходна ў тым ліку для прывядзення базы ўліку транспартных сродкаў у актуальны стан.

Колькі давядзецца плаціць

Падатак будзе спаганяцца зыходзячы з фізічных параметраў транспартнага сродку (напрыклад, для ўладальнікаў легкавых аўтамабіляў яго велічыня будзе залежаць ад масы аўто, аўтобусаў – ад колькасці пасадачных месцаў). Паводле разлікаў Мінфіна, гадавая стаўка падатку, у параўнанні з дзяржмытай для фізічных асобаў, знізіцца прыкладна на 25%, для прадпрыемстваў – на 15%.

Напрыклад, за аўтамабіль масай да 1,5 тоны стаўка падатку за год для фізічных асобаў складзе 61 рубель (цяпер дзяржмыта за такое аўто роўная 81 рубель), за аўто большае за 1,5 тоны, але не большае за 1,75 тоны – 81 рубель.

Калі не плаціць падатак, можа пагражаць пеня, выканальная вытворчасць, не выключанае і змушэнне да адміністрацыйнай адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату сумы падатку.

Як трэба будзе плаціць

Аплачваць транспартны падатак фізічным асобам трэба будзе адзін раз на год. Адпаведныя паведамленні аўтаўладальнікам будзе рассылаць падатковая інспекцыя. Яны будуць прыходзіць штогод не пазней за 1 верасня года, наступнага за мінулым падатковым перыядам. Аплачваць падатак трэба будзе штогод не пазней за 15 лістапада.

Напрыклад, паведамленне пра выплату транспартнага падатку за 2022 год дашлюць да 1 верасня 2023 года, тэрмін ягонай аплаты – да 15 лістапада 2023 года.

Сабраныя грошы абяцаюць выдаткоўваць на рамонт дарог.

Што будзе ў 2021 годзе

Наступны год будзе пераходным. Сума падатку за 2021 год для ўсіх аўтаўладальнікаў – фізічных асобаў складзе адну базавую велічыню (з 1 студзеня, як чакаецца, – 29 рублёў). Паведамленні з падатковай прыйдуць да 1 лістапада, аплаціць падатак трэба будзе не пазней за 15 снежня. Гэта будзе авансавы плацёж. Яго залічаць у 2022 годзе пры выплаце падатку за 2021 год з улікам фактычнага часу валодання фізічнымі асобамі транспартнымі сродкамі. Даплату трэба будзе ўнесці да 15 лістапада 2022 года (апавяшчэнне прыйдзе да 1 верасня).

Ільготы і паменшаны падатак

Плануецца, што стаўкі транспартнага падатку для пенсіянераў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў I або II групы будуць зніжаныя на 50%, для інвалідаў III групы – на 25%. Важны момант: у іх павінна быць сапраўднае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі.

Мясцовыя «саветы дэпутатаў» або на іх даручэнне выканальныя і распарадчыя органы атрымаюць права поўнасцю або часткова вызваляць ад выплаты транспартнага падатку людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (калі транспарт не выкарыстоўваецца для прадпрымальніцкай дзейнасці).

Аўтаўладальнікі, якія ўжо заплацілі дарожны збор паводле старой сістэмы, вызваляюцца ад падатку на ўвесь перыяд дзеяння дазволу на ўдзел у дарожным руху. Напрыклад, калі допуск да ўдзелу ў дарожным руху на падставе выплачанай дзяржмыты дзейнічае да 1 красавіка 2021, то за студзень – сакавік падатак налічваць не будуць.

Што кажуць аўтаўладальнікі

Некаторыя баранавіцкія аўтамабілісты кажуць, што навіна іх асабліва не хвалюе.

– Я і так плаціў дарожны збор, бо машыну выкарыстоўваю кожны дзень. Так што асабіста для мяне нічога кардынальна не зменіцца, – кажа Аляксандр Скварцоў, аўтааматар з 20-гадовым стажам.

Іншыя адзначаюць, што ва ўвядзенні транспартнага падатку ёсць плюсы: ён будзе ніжэйшы, чым дзяржмыта, і плацёж нарэшце «адвяжуць» ад тэхагляду.

– Цяпер у краіне мала хто праходзіць тэхагляд праз гэтую мыту. А гэта ж адбіваецца на бяспецы дарожнага руху, – тлумачыць сваё меркаванне кіроўца Аляксей Новікаў.

Паводле падлікаў УП «Белтэхагляд», за студзень – кастрычнік гэтага года ўсяго блізу 14% зарэгістраваных у краіне транспартных сродкаў праходзіць тэхагляд. Падзенне гэтага паказніка назіраецца з 2015 года – праз год пасля ўвядзення дзяржмыты на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху.

А галоўны мінус транспартнага падатку, на думку аўтамабілістаў, – у тым, што ягоны памер не залежыць ад таго, удзельнічае аўто ў дарожным руху ці не.

– Гэта вельмі несправядліва. Хтосьці ездзіць кожны дзень, а ў некага машына ўсю зіму ў гаражы стаіць. А плаціць давядзецца аднолькава, – кажа аўтамабіліст Алег Сцяпанішчаў.

А кіроўца Павал расказвае, што моцна не ўлазіў у падрабязнасці новага падатку, але мяркуе, што «ўсімі гэтымі маніпуляцыямі ўлады спрабуюць чарговы раз залезці ў кішэню беларусаў».

– Спрабавалі ўзяць грошы праз дзяржмыту – не атрымалася. Цяпер прыдумалі новы спосаб, каб ніхто не выкруціўся. Не здзіўлюся, калі хутка падатак і для пешаходаў увядуць, яны ж таксама ўдзельнікі дарожнага руху, – кажа мужчына.

Якія яшчэ варыянты разглядалі і што з імі не так

Прывязаць збор да добраахвотнага страхавання транспарту. Але гэта магло прывесці да таго, што аўтаўладальнікі перасталі б страхаваць свой транспарт;

уключыць збор у кошт паліва. Гэта выклікала б рост амаль усіх коштаў, асабліва негатыўна адбілася б на сельгасарганізацыях. Да таго ж давялося б вярнуць сродкі тым, хто ўжо заплаціў збор і вымушаны набываць падаражэлае паліва;

зрабіць асобным плацяжом і дазволіць аўтаўладальнікам аплачваць яго з прынцыпу «колькі ездзіш – за столькі плаціш». Кантраляваць аплату збіраліся аўтаматычна з дапамогай фотафіксацыі. Для ўкаранення такой сістэмы патрэбныя грошы і час. Не выключана, што менавіта таму такі варыянт не прынялі.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках