29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Менск і Хабараўск сталі пратэстнымі гарадамі-пабрацімамі

3
Як Менск і Хабараўск сталі пратэстнымі гарадамі-пабрацімамі
Фото: tut.by

Cалідарнасць праз тысячы кіламетраў.

Некалькі месяцаў прадаўжаюцца пратэсты на двух краях постсавецкай прасторы: у Хабараўску і ў Беларусі. На расейскім Далёкім Усходзе яны пачаліся пасля арышту губернатара Сяргея Фургала. 9 ліпеня 2020 года яго затрымалі паводле абвінавачвання ў заказных забойствах 15-гадовай даўніны. 11 ліпеня жыхары Хабараўскага краю выйшлі на стыхійныя акцыі з патрабаваннем правядзення над ім адкрытага суда прысяжных у Хабараўску.

У Беларусі ўдзельнікі дэманстрацыяў пратэстуюць супраць фальсіфікацыі прэзідэнтаў выбараў у жніўні 2020 года і супраць гвалту з боку праваахоўных органаў. Нягледзячы на розныя прычыны незадаволенасці, на акцыях у Хабараўску можна пачуць заклікі салідарнасці з беларусамі, а ў Менску - з жыхарамі Хабараўска. DW наважыла высветліць, што агульнага і якія яшчэ ёсць адрозненні паміж акцыямі ў Беларусі ды ў Хабараўскам краі.

«І наш маніфест - мірны пратэст»

У абодвух выпадках пратэст носіць прынцыпова мірны характар. Хоць і ў Расеі, і ў Беларусі ўлады ўважаюць пратэстныя акцыі «няўзгодненымі», а значыць, парушэннем грамадскага парадку, падчас пратэстаў іх удзельнікі не білі вітрыны, не палілі аўтамабілі, не было нічога падобнага на сапраўдныя масавыя беспарадкі. Мітынгоўцы ў Менску здымалі абутак перад тым, як стаць на лаўкі, а дэманстранты ў Хабараўску прыбіралі смецце на плошчы Леніна (цэнтральная плошча горада, дзе традыцыйна праходзяць акцыі).

На Далёкім Усходзе негвалтоўнасць пратэсту падкрэсліваецца і ў песні мясцовага аўтара і выканаўцы Андрэя Батала «Нас будзе больш», напісанай пад уражаннем ад мітынгаў:

«Нас будзе больш, мур стане танчэйшым.

Мы духам адзіныя і наш маніфест - мірны пратэст»

І ў Беларусі, і ў Хабараўскам краі акцыі праходзяць стыхійна, без папярэдняга ўзгаднення з уладамі, прадугледжанага мясцовым заканадаўствам. Гэта дазваляе сілавікам арыштоўваць удзельнікаў акцый, хоць яны ўсяго толькі выказваюць сваё меркаванне ў мірнай форме.

Аднак у Хабараўску і ў беларускіх гарадах здараліся асобныя інцыдэнты сілавога супрацьстаяння грамадзян з праваахоўнікамі. Беларусы некалькі разоў давалі гвалтоўны адпор мясцоваму АМАПу і віжам. У Хабараўску на дэманстрантаў распачатыя, як мінімум, 4 крымінальныя справы за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў паліцыі. І там, і там мелі месца затрыманні і факты ціску на журналістаў з боку сілавікоў.

«Нас будзе больш!» і «Мы прыйдзем яшчэ!»

Агульнай рысай пратэстаў у Хабараўскам краі і Беларусі з'яўляецца іх масавасць. Падчас першага мітынгу ў Хабараўску 11 ліпеня жыхары самі былі здзіўленыя колькасцю ўдзельнікаў. Мясцовыя старажылы назвалі акцыю «самым шматлікім мітынгам з 1991 года». Паводле афіцыйнай ацэнкі МУС, «у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, арганізаваных камандай С.І. Фургала, узялі ўдзел ад 10 да 12 тысяч чалавек». СМІ ацанілі колькасць таго мітынгу на 30-35 тысяч чалавек.

З уражанняў відавочцаў, мітынгі і шэсці 18 і 25 ліпеня, 1 і 8 жніўня прыцягнулі яшчэ больш людзей. Варта адзначыць, што пры візуальна падобным запаўненні вуліц Хабараўска людзьмі на першых суботніх шэсцях у падтрымку Сяргея Фургала і на акцыях «Несмяротны полк» прэс-служба ўрада Хабараўскага краю ацэньвала колькасць апошніх у 50 тысяч чалавек. Насельніцтва Хабараўска складае амаль 600 тысяч чалавек.

У Менску, дзе больш за 2 млн жыхароў, на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і паліцэйскага самавольства, паводле ацэнак незалежных крыніц, выходзіць ад 100 да 220 тысяч чалавек, а МУС Беларусі называе лічбу 20 тысяч.

Атрымліваецца, што пры рознай колькасці насельніцтва ў Хабараўску і Менску, на вуліцы ў абодвух гарадах, паводле самых аптымістычных ацэнак, выходзіла да 10 адсоткаў жыхароў. З надыходам халадоў у Хабараўску колькасць мітынгоўцаў пайшла на спад. У лістападзе на суботнія акцыі выходзяць ужо па некалькі сотняў чалавек.

Вялікую ролю ў арганізацыі акцый пратэсту і ў Хабараўску, і ў Беларусі адыгрывае ўзаемадзеянне людзей у мэсэнджары Telegram і інфармаванне праз тэлеграм-каналы. Праўда, у Хабараўскім краі няма такіх жорсткіх абмежаванняў свабоды слова, як у Беларусі, працуюць незалежныя СМІ, няма адключэнняў мабільнага інтэрнэту падчас правядзенне стыхійных акцый пратэсту.

У хабараўскіх Telegram-чатах людзі дамаўляюцца аб удзеле ў акцыях пратэсту, збіраюць грошы на штрафы, на банэры і іншую пратэстную сімволіку, дзеляцца інфармацыяй пра затрыманні і арышты. Такіх інтэрнэт-супольнасцяў некалькі дзясяткаў, самыя буйныя з іх налічваюць больш за 2000 удзельнікаў.

Да маштабаў Нexta хабараўскія тэлеграм-каналы не дараслі, у самым буйным з іх, «Я/мы Сяргей Фургал», цяпер 6,2 тысячы падпісчыкаў. Многія хабараўцы аддаюць перавагу чэрпаць інфармацыю пра пратэсты з Instagram і YouTube.

Хабараўск - Менск: салідарнасць праз тысячы кіламетраў

Беларускія пратэсты сталі сталай тэмай для абмеркавання на хабараўскіх акцыях яшчэ да выбараў 9 жніўня. Пасля жорсткага разгону мірных акцый у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў на ўсіх мітынгах і шэсцях хабараўцы скандуюць «Жыве Беларусь!», «Беларусь, мы з табой!» і «Ад Хабараўска да Берасця, дыктатуры няма месца!».

23 жніўня ў Хабараўску нават правялі асобную акцыю салідарнасці з дэманстрантамі ў Беларусі. Дэманстранты ў Беларусі адказваюць хабараўцам узаемнасцю. Напрыклад, пасля акцый 27 верасня ў сацсетках хабараўцы актыўна рассылалі адзін аднаму відэаролікі пра тое, як пратэстоўцы ў Менску скандавалі «Хабараўску прывітанне!», а людзі ў невялікім горадзе Жабінцы крычалі на маршы «Хабараўск, мы з вамі!».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках