19 красавiка 2024, Пятніца, 12:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сілавікі ў Беларусі ўжо адзін аднаго фіксуюць, збіраюць кампрамат»

38
«Сілавікі ў Беларусі ўжо адзін аднаго фіксуюць, збіраюць кампрамат»
PHOTO: RADio svaboda

У сілавым блоку пачалася ўнутраная вайна.

У сеціве з'явілася відэа беларускіх пратэстаў, знятае на камеры, якія носяць на грудзях сілавікі. Яго апублікавала ініцыятыва By_Pol, якая аб'ядноўвае супрацоўнікаў сілавых установаў Беларусі, якія адмовіліся выконваць загады: яны публічна ці непублічна заявілі пра сваю нязгоду і звольніліся з органаў. Некаторыя з іх з'ехалі за мяжу, іншыя застаюцца ў Беларусі.

Відэа ўяўляе з сябе паслядоўнае злепліванне трох запісаў. Першы не мае датавання, з вопраткі затрыманых людзей можна выказаць здагадку, што ён зроблены восенню, а не летам. Людзі ў цесным аўтазаку стаяць на каленях, усярэдзіну ўцягваюць новых і новых затрыманых.

На другім відэа ёсць дата – 25 кастрычніка 2020 года. У гэты дзень сілавікі жорстка разагналі пратэстоўцаў на вуліцы Арлоўскай – каля будынка Цэнтральнага РУУС у Менску. Мяркуючы з ракурсу, відэа знятае адным з удзельнікаў разгону.

Трэцяе відэа датаванае 1 лістапада 2020 года, здымка вялася паміж станцыямі метро "Маскоўская" і "Усход". У нядзелю пратэстоўцы спрабавалі дайсці маршам да Курапатаў – мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Гэтыя відэазапісы журналісты "Настоящего времени" абмеркавалі з адным з арганізатараў ініцыятывы By_Pol Андрэем Астаповічам. У мінулым ён – следчы з Менска. Звольніўся пасля ўсплёску гвалту ў краіне, быў затрыманы і ўцёк з Беларусі. Цяпер жыве ў Варшаве.

– Як Вы здолелі атрымаць гэтае відэа?

– Наўпрост сказаць не магу, але растлумачу, што цяперашняя ўлада пачынае пераследаваць сваіх жа супрацоўнікаў унутры сістэмы. Я ўжо даваў каментар з нагоды ўсіх спісаў тых, хто аддаў подпісы за кандыдатаў: як яны пачынаюць вылічаць людзей, пачынаюць звальняць, разатэстоўваць, пазбаўляць выслугі, званняў і пенсій, – тых, хто супраць цяперашняй улады і застаецца яшчэ ўнутры сістэмы. Праз дзеянні той самай улады ўжо пратэставыя павевы ў самой сістэме – людзі пачынаюць сябе абараняць. Гэта інтэлектуальны блок, што гатовы цяпер паваяваць з сілавым блокам, які непасрэдна займаўся тым, што паказана на відэазапісах. Цяпер ужо пачынаецца ўнутраная вайна, паглядзім, хто пераможа: малпа з дубінкай або інтэлект.

– Унутры шмат незадаволеных?

– З цэнтральных апаратаў 700 подпісаў яны выявілі толькі са штаба Бабарыкі. Алічбаваных, якія яны дасталі з цэнтральнага апарату МУС – там 700 чалавек падпісаліся.

– Гэта яшчэ да выбараў?

– Так, гэта з пашпартнымі звесткамі подпісы ставяцца. Цяпер усе гэтыя подпісы з ЦВК цалкам аблічбавалі, прааналізавалі і пачынаюць людзей звальняць, выганяць, пераследаваць за грамадзянскую пазіцыю, проста за меркаванне, за подпіс. І пачынаецца зваротны працэс.

– Наколькі шмат людзей, якія, бачачы гэтую жорсткасць сілавікоў на вуліцах Менска і іншых беларускіх гарадоў, пастанаўляюць пакінуць органы?

– Не магу сказаць канкрэтны лік. Гэта вельмі складана адсачыць. Некаторыя звяртаюцца [да нас], некаторыя проста сыходзяць, не заяўляючы пра сябе ў мэтах асабістай бяспекі і гэтак далей. Калі ўзяць тых, хто афармляў заяўку ў BY_soul, там у іх лік дасягнуў ужо 1000 чалавек. Але я ведаю, што адсоткавыя суадносіны тых, хто туды звярнуўся, і сышоў, нават 50 на 50, напэўна, не будзе, – больш у бок тых, хто не звярнуўся.

– А тыя, хто застаецца і прадаўжае выконваць гэтыя загады: Вы разумееце, адкуль у іх такая жорсткасць?

– Па-першае, тыя, хто застаецца, не абавязкова выконваюць гэтыя загады. Сістэма сілавога блоку велізарная, і ўсіх пад адну марку браць нельга. Вельмі шмат людзей, якія займаюцца проста звычайнай злачыннасцю – у цяперашні момант яна нікуды не падзелася, – і яны не маюць дачынення да гэтых падзеяў. Вядома, калі гэта ўсё адбываецца і яны наўпрост з гэтым сутыкаюцца, сама менш як сведкі, яны не згодныя, плюс іх пачынаюць яшчэ ўнутраныя службы вельмі моцна прэсаваць, і пачынаюцца такія павевы: "Я пакуль застаюся ў сістэме, таму што мне так жыццёва неабходна з тых ці іншых прычынаў, але змагацца я цяпер буду як партызан – па-іншаму".

– Тыя, хто выходзіць на вуліцы, збівае пратэстоўцаў, і не проста збівае, а здзекуецца і катуе, у іх адкуль такая жорсткасць, Вы разумееце?

– Гэта больш пытанне да ваенных псіхолагаў.

– А даплачваюць асобна тым, хто выходзіць на вуліцы з боку сілавікоў?

– Таксама складанае пытанне. Разліковых не бачыў, хлусіць не буду.

– Паводле вашых ацэнак, што можа спыніць гэты гвалт?

– Я думаю, час рана ці позна спыніць гэты гвалт. Таму што няма прамога супраціву, няма ваенных дзеянняў, што вельмі добра. І [адбываецца] проста мірным шляхам высмоктванне рэсурсаў, расхістванне ўсіх сістэмаў. Змены будуць адбывацца паступова, таму што будзе стомленасць у тых, хто гэты гвалт увесь час ужывае. Сыходзяць увесь час велізарныя рэсурсы на падтрыманне ўсёй цяперашняй сістэмы ў такім выглядзе, у якім ёсць, калі ўвесь народ супраць і яе трэба ўтрымліваць. Прымусіць чалавека працаваць эфектыўна, калі ён супраць, немагчыма. Гэта зацяжны супраціў, калі ісці мірным шляхам. Але кожны думае па-свойму. Мы думаем, што мы даможамся свайго.

– А можа, думкі асобна ўзятага супрацоўніка зменіць які-небудзь зварот да яго? Напрыклад, калі хто-небудзь з пратэстоўцаў падорыць яму кветкі, ён можа расчуліцца? Або калі будуць заклікаць падумаць пра маці?

– Таксама пытанне да псіхолагаў. Але, на маю думку, для супрацоўнікаў сілавых установаў кветка, асабліва для нашых, гэта крыху не той падыход. Я не кажу, што іх павінны пераследаваць і збіваць, але гэта дакладна не спрацуе на тых, хто ўжывае гвалт і такую жорсткасць.

Спрацуе, хутчэй, увядзенне рэальных санкцый і небяспека крымінальнага пераследу на самай справе, і верыфікацыя кожнага, хто здзяйсняў. Тады яны будуць гэта разумець і разумець, што маска не дапаможа. Тады трошкі яны ўжо будуць думаць, што раптам рэжым зменіцца, Лукашэнка, нібыта, таксама стары і не вечны, хтосьці зменіцца. І ўся гэтая працэдура ўсё ж такі правядзецца ці ў рамках міжнароднага расследавання, – і ты з Беларусі нікуды не выедзеш, – ці ж тады, калі ўлада зменіцца, ніхто гэтага не забудзецца. Калі будзе разуменне, што цябе вызначылі, на табе вісіць ужо завочна адказнасць, якую проста ўспомняць рана ці позна, – гэта трошкі паўплывае на тых, хто здзяйсняў [гвалт]. Яны пачнуць баяцца і думаць пра сваю будучыню. І [паўплывае] на тых, хто можа гэта здзейсніць, але яшчэ не здзяйсняў, хто стаў сведкам. Гэта значыць, у плане сваёй абароны і пацверджання таго, што ён гэтага не здзяйсняў, ён проста будзе сведчыць на ўсіх астатніх, хто вельмі моцна зверстваваў, што ўжо, у прынцыпе, адбываецца: яны адзін аднаго фіксуюць, збіраюць кампрамат.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках