19 красавiка 2024, Пятніца, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі карабель-трубаўкладнік не стаў дабудоўваць «Паўночны струмень – 2»

12
Расейскі карабель-трубаўкладнік не стаў дабудоўваць «Паўночны струмень – 2»
Фото: Vladimir Serebryanskiy

Яго вярнулі з Нямеччыны ў РФ.

Расейскі карабель-трубаўкладнік «Акадэмік Чэрскі», які павінен быў дабудаваць газаправод «Паўночны струмень – 2», вяртаецца ў Расею. Пра гэта сведчаць звесткі партала адсочвання караблёў «MarineTraffic», паведамляе «Гордан».

Карабель выйшаў з нямецкага порта Мукран, лагістычнай базы «Паўночнага струменю – 2», 26 лістапада і ўзяў курс на Калінінград. Там яго чакаюць у суботу, 28 лістапада.

Паводле звестак газеты «Коммерсант» паблізу «Акадэміка Чэрскага» знаходзяцца два караблі забеспячэння расейскай марской выратавальнай службы – «Балтыйскі даследнік» і «Умка», якія прыйшлі ў Калінінград у жніўні, а да гэтага ўдзельнічалі ў будаўніцтве газаправода. Статус першага – «абмежаваная манеўранасць», другога – «спынена».

Караблём «Акадэмік Чэрскі» валодае Самарскі цеплаэнэргетычны маёмасны фонд. Да гэтага карабель належаў «дачцэ» расейскага «Газпрама». Змену ўладальніка правялі летам гэтага года, каб «Газпрам» не патрапіў пад новыя санкцыі ЗША за будаўніцтва «Паўночнага струменю – 2».

«Паўночны струмень – 2» – газаправод, які павінен звязаць Расею з Нямеччынай па дне Балтыйскага мора. Даўжыня маршруту – больш за 1200 км, магутнасць новага трубаправода складзе 55 млрд м³ газу за год. Спачатку паведамлялася, што кошт праекта – € 9,9 млрд, пазней, паводле звестак The New York Times, ён вырас да амаль $ 11 млрд.

На стан снежня 2019 года было дабудавана 93,5% газаправода, паведамляў афіцыйны прадстаўнік аператара праекта – кампаніі «Nord Stream 2 AG» – Енс Мюлер.

Улады ЗША, Украіны, Польшчы, Вугоршчыны, Малдовы, Румыніі, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі ўважаюць «Паўночны струмень – 2» пагрозай для энэргетычнай бяспекі Еўропы.

Будаўніцтва газаправода было замарожанае, паколькі ў снежні 2019 года ЗША ўвялі санкцыі супраць еўрапейскіх падраднікаў, якія ўдзельнічаюць у праекце. Адразу пасля гэтага швэйцарская кампанія «Allseas» прыпыніла працы ў будаўніцтве «Паўночнага струменю – 2» і вывела з Балтыйскага мора свае караблі-трубаўкладнікі. «Газпрам» заявіў пра прадаўжэнне да заканчэння праекта расейскіх трубаўкладнікаў.

21 ліпеня 2020 года Палата прадстаўнікоў, ніжняя палата Кангрэсу ЗША, прыняла бюджэт Міністэрства абароны на 2021 фінансавы год, які прадугледжвае новыя санкцыі супраць «Паўночнага струменю – 2». 23 ліпеня праект абароннага бюджэту ўхваліў Сенат. Версіі дакументаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і Сэнатам, узгодняць, пасля чаго перададуць на подпіс прэзідэнту ЗША.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель яшчэ 1 верасня сцвярджала, што «Паўночны струмень – 2» дабудуюць, нягледзячы на пагрозы ЗША. 8 верасня яна сказала, што будзе ўзгадняць любыя дзеянні супраць Расеі ў сувязі з атручваннем расейскага апазіцыянера «Аляксея Навальнага» з еўрапейскімі партнёрамі, але яшчэ не пастанавіла, ці закрануць яны будаўніцтва газаправода. 11 верасня міністр замежных справаў Нямеччыны Хайка Маас заявіў, што будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень – 2» могуць замарозіць у якасці рэакцыі на атручэнне Навальнага, але ўжо 17 кастрычніка абвесціў, што газаправод будзе дабудаваны.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў пра цвёрдую пазіцыю датычна «Паўночнага струменю – 2». Ён хоча назаўсёды спыніць гэты праект.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках