19 красавiка 2024, Пятніца, 1:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навальны ў Еўрапарламенце: Накладзіце санкцыі на асяроддзе Пуціна

4
Навальны ў Еўрапарламенце: Накладзіце санкцыі на асяроддзе Пуціна
АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ
ФОТА: AP

Расейскія апазіцыянеры ўдзельнічалі ў пасяджэнні камітэта міжнародных справаў.

Расейскія апазіцыянеры, у тым ліку Аляксей Навальны, які праходзіць цяпер аднаўленне пасля атручвання, у пятніцу ўдзельнічаюць у дыскусіі ў камітэце міжнародных справаў Еўрапарламента. Дыскусія праходзіць у рэжыме онлайн у сувязі з карантыннымі абмежаваннямі.

Вядзецца наўпростая трансляцыя.

Акрамя Навальнага, у дыскусіі ўдзельнічаюць Уладзімір Мілаў, Ілля Яшын і Уладзімір Кара-Мурза.

Навальны выступіў на ангельскай мове. Ён заклікаў Еўразвяз распрацаваць новую стратэгію стасункаў з Расеяй. Цяперашнія ўлады Расеі ён назваў "групай злачынцаў, якая часова захапіла ўладу". Навальны заклікаў ЕЗ не прызнаваць вынікі выбараў у Дзярждуму, якія пройдуць у наступным годзе, у выпадку калі да ўдзелу ў іх не дапусцяць усіх ахвотных. Пра санкцыі Навальны сказаў, што Еўрапейскі звяз павінен засяродзіцца на крыніцах прыбыткаў людзей з атачэння Уладзіміра Пуціна, у тым ліку на так званых алігархах. Ён згадаў імёны мільярдэраў Алішэра Усманава, Рамана Абрамовіча, а таксама сям'ю Ротенбергаў як прыклад людзей, супраць якіх павінны быць уведзеныя санкцыі. "Пакуль яхты Усманава стаяць у Барселоне і Манака, ніхто ў Крамлі не будзе ставіцца да санкцый сур'ёзна" – сказаў Навальны, пажартаваўшы, што ЕЗ павінен зрабіць так, каб Усманаў быў вымушаны перанесці яхты ў Беларусь.

Уладзімір Кара-Мурза нагадаў пра забойства Барыса Нямцова і, гэтак сама як Навальны, адзначыў важнасць доступу ўсіх апазіцыйных сілаў да выбараў. "Калі Пуцін такі папулярны, чаму ён баіцца свабодных выбараў?" – задаў ён пытанне.

Уладзімір Мілаў адзначыў, што ў Пуціна ёсць праблема з легітымнасцю: улады Расеі сцвярджаюць, што Уладзіміра Пуціна падтрымлівае большасць жыхароў краіны, аднак у рэальнасці гэта не так. Ён паўтарыў тэзіс Навальнага пра тое, што ў выпадку нядопуску апазіцыйных сілаў да выбараў у Расеі выбары нельга ўважаць легітымнымі. На думку Мілава, сітуацыя ў Расеі падобная да сітуацыі ў Беларусі, дзе Аляксандр Лукашэнка таксама страціў легітымнасць.

Ілля Яшын заявіў, што Пуцін укладвае вялікія сродкі ў прапаганду, накіраваную на Еўрапейскі звяз, і імкнецца карумпаваць еўрапейскіх палітыкаў. Ён заклікаў еўрапейцаў не разменьваць правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці на ўгоды з Крамлём. Яшын таксама заклікаў замяніць эканамічныя санкцыі супраць Расеі на санкцыі супраць людзей з атачэння Пуціна – і асабіста расейскага прэзідэнта.

У дыскусіі выступілі дэпутаты Еўрапарламента ад розных палітычных групаў, большасць з іх выказалася ў падтрымку ідэі пра санкцыі супраць людзей з атачэння Пуціна. Некаторыя задаваліся пытаннем, ці не прывядзе абвастрэнне барацьбы за ўладу ў Расеі да таго, што Крэмль пачне праводзіць усё больш агрэсіўную знешнюю палітыку.

У верасні, пасля атручвання Навальнага, Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю, у якой усклаў адказнасць за замах на палітыка на расейскія ўлады. Дэпутаты заклікалі да міжнароднага расследавання таго, што здарылася, а таксама да ўвядзення санкцый, у тым ліку супраць герояў расследаванняў Фонду барацьбы з карупцыяй, створанага Навальным.

Расейскія ўлады афіцыйна не прызнаюць факт атручвання, а асобныя іх прадстаўнікі сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра правакацыі краінаў Захаду. Эксперты ў Нямеччыне і іншых краінах, а потым і ў міжнароднай Арганізацыі забароны хімічнай зброі прыйшлі да высновы, што арганізм Навальнага пацярпеў ад уздзеяння атрутнага рэчыва з групы "Навічок", гэта значыць хімічнай зброі. Навальны цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, куды ў жніўні быў вывезены на лячэнне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках