25 красавiка 2024, Чацвер, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі прыехала «хуткая», ён ледзь не выў»

8
«Калі прыехала «хуткая», ён ледзь не выў»
ФОТА: З САЦСЕТКІ

Брат памерлага студэнта БДАМ распавёў, як усё здарылася.

21-гадовы Арцём Казлоў памёр сёння ў інтэрнаце БНТУ, дзе адбываў карантын у сувязі з захворваннем на каранавірус. Сімптомы ў хлопца з'явіліся блізу два тыдні таму, але пазней, як паведамляў сам студэнт, яму станавілася лепш. Сёння раніцай у маладзёна з'явіліся прыступы, падобныя на эпілептычныя. Прыехала «хуткая», але выратаваць студэнта не ўдалося. Брат Арцёма Аляксей распавёў onliner.by, як усё адбывалася.

- Арцём хварэў практычна два тыдні, ішоў на папраўку. Два тыдні таму, у чацвер, яму было не вельмі добра: кашаль, тэмпература 37,3-37,5, якая трымалася да суботы. Мы казалі: «Арцём, ты ж не сядзі, ідзі да лекара». У панядзелак ён пайшоў да лекара, узялі мазок, адчуваў сябе добра, лекар памераў тэмпературу - 36,9, але прапаў нюх. Брат вярнуўся ў інтэрнат, яго змясцілі на паверх для кантактаў першага ўзроўню, там у яго ўсё было вельмі няблага. А ў сераду прыйшоў станоўчы вынік тэсту. Калі пацвердзіўся COVID-19, вечарам яго адправілі ў інтэрнат БНТУ для хворых на каранавірус. Арцём нармальна сябе адчуваў, сабраў рэчы, у яго была куча сумак, - узгадвае Аляксей.

Ён распавядае, што захварэлых выпускалі з інтэрнату толькі на дзве гадзіны за дзень: з 15 да 17 гадзін давалі магчымасць набыць прадукты і лекі.

- Ён скардзіўся, што ў інтэрнаце было халаднавата, але памёр ён, вядома, не ад гэтага. У першую ноч Арцёму стала горш: з'явілася тахікардыя, дыхавіца. На гэта звярнуў увагу ягоны сусед па інтэрнаце. Назаўтра паколвала сэрца, але і ў чацвер, і ў пятніцу ўсё было добра. Тэмпературы практычна не было, толькі адсутнічаў нюх. У суботу ўначы Арцёму зноў стала дрэнна: зноў дыхавіца і тахікардыя, толькі доўжылася гэта даўжэй, блізу гадзіна. Агулам усё было некрытычна, дачакаліся раніцы, выклікалі «хуткую». Да моманту прыезду «хуткай» Арцёму стала лепш. Узровень кіслароду ў крыві быў вельмі высокім - 97%. Кардыяграма паказала невялікае адхіленне ад нормы, але, калі «хуткая» не шпіталізавала, значыць, не было нічога крытычнага. Медыкі супакоілі Арцёма, крыху пазней прыйшоў лекар-тэрапеўт. Зноў замеры сатурацыі - у той раз узровень кіслароду быў 93 ці 92%, - успамінае брат памерлага. - Мы таксама тэлефанавалі Арцёму, супакойвалі яго, бо брату было вельмі страшна, ён казаў, што не хоча памерці.

ФОТА: З АКАЎНТА Ў САЦСЕТКАХ

Потым - з нядзелі да аўторка - хлопец адчуваў сябе добра, да яго пачаў вяртацца нюх. Фактычна студэнт хварэў два тыдні, і сваякі думалі, што ён здаравее.

- Але гэтай ноччу здарылася няшчасце. Сусед брата прачнуўся а чацвёртай раніцы ад таго, што Арцём выдаваў дзіўныя гукі. Ён цяжка дыхаў, закаціліся вочы, з рота выступіла пена, як падчас эпілепсіі. Арцём быў у прытомнасці, казаў, што яму дрэнна. Хлопцы адразу выклікалі «хуткую», да прыезду медыкаў брата пачало трэсці, лекары сказалі студэнтам трымаць ягоную галаву. Медыкі зрабілі ўкол, пасля гэтага брату стала лягчэй, яго паклалі на падлогу, хлопцам сказалі выйсці з пакоя. З іх слоў, яны былі за дзвярыма блізу гадзіна. Потым з пакоя выйшлі многія лекары і сказалі, што Арцёма не выратавалі, ён памёр. Толкам нічога не патлумачылі. Пазней прыехала міліцыя, задавала пытанні. Атрымліваецца, цягам гадзіны мой брат паміраў, і даволі пакутліва, калі прыехала «хуткая», ён ледзь не выў. Гэта жахліва, - кажа Аляксей.

Цяпер сям'я Арцёма чакае ўскрыцця, яно будзе заўтра а першай палове дня. Ягоны брат кажа, што хлопец ніколі не пакутаваў на эпілепсію, хварэў рэдка, хранічных захворванняў у яго не было выяўлена, але са жніўня студэнт стаў часта прастуджвацца. За паўтары-два тыдні да першых сімптомаў каранавіруса ён, здаецца, хварэў на звычайную прастуду.

- COVID-19 - штука непрадказальная, магла паўплываць на нервовую сістэму. Нам вельмі шкада, што так атрымалася, што Арцёма не змаглі выратаваць. Але мы нікога ў гэтым не вінавацім. Мы ўсе былі ўпэўненыя, што ў брата было лёгкае цячэнне хваробы: у яго не было стабільна высокай тэмпературы, не было хрыпаў. Да гэтага на каранавірус перахварэлі мы з жонкай, ён прайшоў у нас без праблем і ўскладненняў. Апошнія дні жыцця Арцём адчуваў сябе добра, і тое, што адбылося з ім, стала абсалютна раптоўным горам для нас усіх, - распавядае Аляксей.

ФОТА: З САЦСЕТКІ

Са слоў брата, у Арцёма з дзяцінства былі музычныя здольнасці, бацькі аддалі яго ў музычную школу, ён граў на акардэоне, захапляўся бас-гітарай. Вучыўся на трэцім курсе музычнай акадэміі, падпрацоўваў акампаніятарам на дзіцячых мерапрыемствах. 22 снежня Арцёму споўнілася б 22 гады.

- Калі бацька патэлефанаваў і сказаў: «Лёша, трымайся. Брат памёр», - гэта быў зусім раптоўны ўдар. А гадзіне ночы Арцём яшчэ быў онлайн. З ім гутарыла стрыечная сястра, ён адказваў. Нішто не прадказвала бяды. Мы ўсе былі ўпэўненыя, што ён ідзе на папраўку, наладжвалі яго на добры лад: цяпер шмат хто хварэе на каранавірус, моладзь наогул лёгка яго пераносіць...Мы не хацелі, каб ён панікаваў. Цяпер шмат цяжкахворых, і мы разумелі, што лекары не будуць кожнага другога студэнта праз дыхавіцу вадзіць на КТ. Мы ўпэўненыя, што лекары зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб выратаваць Арцёма. Вельмі цяжка, калі гэта адбываецца ў тваёй сям'і. Увесь час задаём пытанне: «Чаму ён?» Гэта нейкі жах, - падсумоўвае брат памерлага.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках