28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: У бандыцкага рэжыму час на зыходзе

4
The Times: У бандыцкага рэжыму час на зыходзе

Яго сфера скарачаецца ва ўсіх накірунках.

"Розніца паміж амерыканцамі і расейцамі палягае ў тым, што амерыканцы не могуць сабе і ўявіць, што найгоршае калі-небудзь адбудзецца, у той час як расейцы дакладна ведаюць, што так і будзе. Гэтую немудрагелістую думку ў незабыўным тэлесерыяле данёс да выдуманага мафіёзі Тоні Сапрана бандыт-імігрант з Усходняй Еўропы. Гэта трэба мець на ўвазе на фоне таго, як Уладзімір Пуцін, які пратрымаўся ў Крамлі 20 гадоў з дапамогай такіх хітрыкаў і сілы, як у Тоні Сапрана, рыхтуецца пераседзець і перайграць яшчэ аднаго прэзідэнта ЗША", - сцвярджае на старонках The Times аглядальнік Роджэр Боес (пераклад - inopressa.ru).

"Калі маскоўскія аналітыкі паведамілі Пуціну, што Джо Байдэн фактычна будзе Баракам Абамам 2, сэрца яго напэўна ёкнула. У свае 68 гадоў Пуцін, які жыве адзін у безмікробнай прасторы падмаскоўнай вілы, абароненай ад Covid-19 тоўстым пластыкавым тунэлем, апрацоўвае наведвальнікаў сродкам для дэзінфекцыі, не падаецца гатовым да новай вялікадзяржаўнай барацьбы. Расейскі лідар і Абама недалюблівалі адзін аднаго; ён можа ўхіляцца ад сутычкі, неабходнай для спаборніцтва ў яшчэ адным цыкле амерыкана-расейскага супрацьстаяння", - мяркуе аглядальнік.

"(...) У нядаўніх мемуарах Абама параўноўвае Пуціна з жулікам з маленькага гарадка, апісвае яго як "непрывабнага, невысокага і шчыльнага, які мае целасклад барца", пасмейваецца з ягонага голага торса як з эксгібіцыянізму падлетка ў Instagram. Калі прэзідэнцтва Байдэна будзе паўторам часоў Абамы, Пуцін можа проста запаўзці ў сваю ракавіну. Толькі калі Байдэн прыме некаторыя з дзелавых падыходаў, выкарыстаных Дональдам Трампам, магчыма, яшчэ будуць падпісаныя ўгоды", - гаворыцца ў артыкуле.

"(...) Ці варта Пуціну пайсці ці застацца? (...) Калі хворы Барыс Ельцын перадаваў яму ўладу, гэта рабілася пры тым разуменні, што ён гарантуе сям'і Ельцына бяспеку, абароніць ад судовых пазоваў або помсты. Ён выканаў абяцанне. Пуцін хоча больш цвёрдых гарантый. Што, калі наладжаны супраць істэблішменту і карупцыі рупар накшталт Аляксея Навальнага знойдзе спосаб абыйсці яго на выбарах? Закулісных угодаў не будзе", - упэўнены Боес, паказваючы на ўхвалены на мінулым тыдні закон, які надае былым прэзідэнтам і іх сем'ям імунітэт ад расследавання або судовага пераследу.

"Пуцін - чалавек-перастрахоўшчык. З аднаго боку, ён прыдумаў усё так, каб мець магчымасць прадаўжаць кіраваць да канца свайго жыцця. Але ён таксама падтрымаў законы, якія дазваляюць яму сысці ў адстаўку і не баяцца, што ў дзверы ягонага пенсійнага палаца пастукаюць. Гэта дае яму калі не душэўны спакой - малаімаверна, што ён, як і Тоні Сапрана, здабудзе яго - то, прынамсі, некаторую прастору для манеўру, калі з'явяцца спаборнікі", - піша ён.

"Усё зводзіцца да пытання аб тым, ці ёсць у Пуціна ўсё яшчэ воля да ўлады, - разважае Роджэр Боес. - У мінулым заўсёды былі буйныя праекты, такія як Зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы, або экзістэнцыяльныя пагрозы (небяспека таго, што Украіна можа схіліцца у бок Захаду, за межы маскоўскай арбіты), якія распалялі яго. Цяпер, аднак, яго на некаторы час разварушвае пагоня за "найлепшай у свеце" вакцынай супраць Covid-19, адна з ягоных дачок робіць прышчэпку, ён пераконвае зрабіць тое ж самае некаторых алігархаў, падштурхоўвае Вугоршчыну выпрабаваць вакцыну, а затым ягоная ўвага адцягваецца. Сам ён прышчэпкі не рабіў".

"Ягоная сфера скарачаецца", - піша аўтар, нагадваючы пра ўкладзены пры пасярэдніцтве Масквы мір паміж Арменіяй і Азербайджанам: "(...) Пуцін зрабіў з гэтага канфлікту толькі адну змрочную выснову: краіны на мяжы з Расеяй, якія саступаюць народнай уладзе і дэмакратызуюць свае ўрады, становяцца ўразлівымі для нападаў з боку суседзяў (...) ". Таксама Боес паказвае на Малдову і на Беларусь.

"Здаецца, што Расея адступае паўсюль. Прыватызацыя касмічнай прасторы азначае, што касманаўтаў да месца прызначэння дастаўляюць заходнія кампаніі, а расейскімі тэхналогіямі не карыстаюцца. Эканоміка абрынаецца не толькі праз пандэмію, але і праз падзенне коштаў нафты", - дадае ён.

"Па-ранейшаму энэргічны лідар прыклаў бы намаганні, каб знайсці сябе ў новай якасці - да прыкладу, скласці планы рэфармавання школьнай сістэмы, каб скараціць зеўру сацыяльнага разрыву (...), выяўлены Covid-19; знайсці шлях назад да людзей. Замест гэтага Пуцін, прыкаваны да тэлевізіі, вядзе субтрампаўскае існаванне, чакаючы магчымасці зазіхацець зноўку. Неўзабаве расейцы прыйдуць да высновы, што сістэма Пуціна пацярпела няўдачу, што гэты чалавек і ягоная маска сталі не адрозныя", - рэзюмуе аўтар публікацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках