19 красавiка 2024, Пятніца, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блізкі сябар Рамана Бандарэнкі распавёў, якім ён быў чалавекам

5
Блізкі сябар Рамана Бандарэнкі распавёў, якім ён быў чалавекам
РОМАН БАНДАРЭНКА

Эмацыйныя ўспаміны пра загінулага Героя Беларусі.

12 лістапада не стала жыхара плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі. Мужчына памёр у рэанімацыі Менскай лякарні хуткай дапамогі, куды яго прывезлі збітага ў цяжкім стане з Цэнтральнага РУУС. Напярэдадні Раман выйшаў да знакамітага муралу, дзе на яго напалі незнаёмцы ў масках, якія прыехалі зразаць з паркана бел-чырвона-белыя стужкі. Смерць Рамана ўлады Беларусі выстаўляюць як бытавое злачынства. Belsat.eu пагутарыў з Дзмітрыем, блізкім сябрам загінулага.

Ганарыўся службай у спецназе

- Як вы пазнаёміліся з Раманам? Раскажыце аб вашай дружбе.

- Мы знаёмыя з 2008-2009 года. Усё банальна проста, ёсць кампутарная гульня «Lineage ІІ». Раман вельмі любіў у яе гуляць. Вось так усё пачыналася, з гульні, мы там ці ледзь не днямі сядзелі. Я быў не адным сябрам з Рэчыцы. Яшчэ пара маіх знаёмых, менскія хлопцы, чалавек сем. Мы цесна кантактавалі і запрасілі менскіх у Рэчыцу. Сустрэліся, адпачылі, на шашлыкі з'ездзілі. Потым астатнія менскія хлопцы зніклі, а мы з Раманам прадаўжалі мець стасункі. Пазней ён мяне ў Менск запрасіў.

Апошнія гады два-тры альбо я да яго ездзіў некалькі разоў на год, альбо ён прыязджаў у Рэчыцу. А цягам усіх гэтых гадоў хоць бы раз на тыдзень мы тэлефанавалі адзін аднаму. Маглі гаварыць гадзінамі. Я ведаў і маму Ромы, і ягоную жонку. Ён пазнаёміўся з маёй дзяўчынай. Калі мы пачыналі сябраваць, ні ў яго, ні ў мяне, натуральна, жонак не было.

- Раман быў мастаком, скончыў Акадэмію мастацтваў. Як ён апынуўся ў спецназе?

- Гэта вельмі цікавая гісторыя. Ягоны бацька калісьці служыў у ВДВ. Бацька жыў асобна, але яны шмат размаўлялі. Бацька быў для яго прыкладам. Калі Рома скончыў вучобу, яму прыйшла позва. Ён хацеў, скажам так, аддаць доўг Радзіме і пайшоў у ваенкамат. У той час ён працаваў, але прайшоў медкамісію. Па стане здароўя яму можна было ісці хоць у ВДВ. Ён хацеў трапіць у эліту. Сказалі прыходзіць у ваенкамат. Ён звольніўся з працы, заблакаваў сім-карту, хатні інтэрнэт, грунтоўна падрыхтаваўся і прыйшоў у ваенкамат.

Усіх забралі, а яму не выстарчыла месца, сказалі прыходзіць праз паўгода. Ён не хацеў адыходзіць, пайшоў прасіць, каб яго забралі ў войска. Яму сказалі, ідзі, маўляў, сам дамаўляйся, можа, кудысьці прымуць. Я дакладна ведаю, ён ва Уручча ездзіў, яшчэ ў нейкія вайсковыя часткі, але нічога не дамогся. Яму далі адтэрміноўку на паўгода, зноў пайшоў працаваць.

Прыйшоў праз паўгода, і яго забралі, адразу ў в/ч 3214. Ён вельмі гэтым ганарыўся. Ён мне казаў, што гэта ўнутраныя войскі, эліта, прэзідэнцкая частка. Усё так, як ён хацеў.

- Ён расказваў вам пра службу, як ён успамінаў вайсковы час?

- Пасля ВНУ ён служыў толькі год, а не паўтара. Ён паказваў відэа, якія здымаў на тэлефон. На ўсіх вучэннях ён з камерай бегаў. Груба кажучы, зрабілі яго там аператарам. Служба яму спадабалася. Іх нават адпраўлялі на ўзмацненне мяжы, былі палявыя выезды. Выезды на прыроду, вучэнні яму вельмі падабаліся.

- Чаму ён не застаўся служыць далей?

- Не памятаю, у якім стане ён скончыў, шарагоўца або сяржанта, не буду хлусіць. Наколькі я ведаю, яму прапаноўвалі, але ён адмовіўся. Яму падабалася, але ён меркаваў так: адслужыў, доўг аддаў, усё. У яго засталіся калегі, з якімі ён падтрымліваў сувязь. Пасля дэмабілізацыі дакладна з імі размаўляў.

- Раман не скардзіўся на дзедаўшчыну і нестатутныя дачыненні?

- Я ў яго пытаўся, але ён казаў, што не тая частка, дзедаўшчыны там, як такой, не было. Я так зразумеў, што старэйшыя вызначалі яго як больш адказнага хлопца. Яму ўсё ж ужо было тады 24-25.

Аднаўляў мурал на плошчы Пераменаў

- Вы ведалі, што Раман датычны да вядомага муралу на плошчы Пераменаў?

- Я нават пытаўся ў ягонай жонкі. Я ў навінах чытаў, што мурал малявалі невядомыя мастакі. Вакол гэтага графіці пачала ўтварацца кам'юніці. Жонка пацвердзіла, што пасля таго, як камунальнікі шмат разоў зафарбоўвалі, ён аднаўляў малюнак па контуры, абводзіў. Першы раз маляваў не ён. Плошча Пераменаў недалёка ад ягонага дома. Я ведаю, што ўвечары ён туды выходзіў, праводзіў час з мясцовымі, калі не кожны вечар, то вельмі часта. Ён маляваў, у футбол гулялі, проста бавіў час з задавальненнем, адпачываў.

- Калі вы бачыліся з Раманам апошні раз? Раскажыце аб вашай сустрэчы.

- Апошнім разам я бачыў яго ў канцы ліпеня. У мяне было вяселле. Яшчэ ў 2012-13 годзе, калі я пачаў сустракацца са сваёй дзяўчынай, пажартаваў, што ў наступным годзе - вяселле, ты будзеш сведкай. Ён сказаў, што згодны. І толькі сёлета я ажаніўся. Фактычна, пасля бацькоў гэта першы чалавек, які даведаўся, што ў мяне вяселле. У мяне ў пятніцу была ўрачыстасць, за некалькі дзён да гэтага я напісаў, каб прыязджаў. Ён адразу патэлефанаваў, насварыўся, што не сказаў раней, але сарваўся з працы з жонкай.

- Чаго вы не паспелі зрабіць разам? Магчыма, у вас былі агульныя планы, вы збіраліся сустрэцца?

- У мяне і яшчэ аднаго нашага агульнага сябра 8 лістапада быў дзень нараджэння. Апошнія тры гады Рома прыязджаў да нас у Рэчыцу. Сёлета работа перашкодзіла прыехаць, але паабяцаў, што ў яго перападлік да 10 лістапада, потым ён адразу звальняецца і прыедзе ў госці на пару дзён. Гэта значыць, у тыя дні, калі з ім гэта ўсё здарылася. Вось ён і не прыехаў.

Хацеў пачаць жыць з чыстага аркуша

- Чым цікавіўся Раман, у яго былі нейкія планы на жыццё пасля звальнення?

- У «Востраве чысціні» ён працаваў дастаткова доўга, гады тры. Ён казаў пра звальненне, нешта не ладзілася з начальствам. У яго быў калектыў, свая каманда, і ён яе абараняў, заступаўся за хлопцаў. Я так разумею, зверху пачалі ціснуць, не было згоды. Таксама ён мне сказаў, што не для гэтага вучыўся. Я пытаўся пра ягоныя планы на будучыню. Ён сапраўды не ведаў, але хацеў у сферу IT, вэб-дызайн. Год таму ён скончыў курсы тэстыроўшчыкаў.

Ён выдатна ведаў «Photoshop», выкладаў курсы «3D-Max». Я яму таксама казаў, што багаж ведаў у яго вялікі, а ён увесь час паўтараў, што ў яго няма партфолія, маўляў, хто на яго паглядзіць. У гэтым плане Рома быў перфекцыяністам. Але нешта ў ягоным светапоглядзе памянялася, мабыць, хацеў пачаць жыць з чыстага аркуша.

- Як вы даведаліся пра здарэнне? Калі здарылася бяда з Раманам, вы былі ў Менску?

- Мая сястра ў дэкрэце з дзіцем, яна чытае ўсе інфармацыйныя парталы. Яна патэлефанавала маёй жонцы і сказала, што затрымалі ў Менску Рамана, які служыў у 3214, скінула ёй спасылкі на відэа. Мая жонка пазнала яго, патэлефанавала мне і сказала, што Рома - у рэанімацыі. У той жа вечар мы пачалі збірацца ў Менск, у пятніцу ў мяне акурат быў выходны. І ў той жа вечар Рома памёр.

Мы былі з ягонай жонкай, а мама і стрыечная сястра займаліся ўсім, звязаным з целам, кантактамі з прэсай. Калі маму было каму падтрымаць, то жонка Рамана была адна дома ў вельмі дрэнным стане. Ды і цяпер не зразумела, чым ёй дапамагчы. Я страціў сябра, а яна страціла самага блізкага чалавека. Жонка яго ў той вечар не застала дома. Яна затрымалася на працы, а калі прыйшла, Ромы ўжо не было.

Ён казаў, што яго калі-небудзь забяруць

- Як Раман ставіўся да таго, што адбываецца ў краіне? Падтрымліваў пратэсты? У інтэрнэце некаторыя СМІ называлі яго «прыхільнікам апазіцыі».

- Ён неаднаразова паўтараў, што калі ідзе з працы ці на працу, усюды бачыць шмат мікрааўтобусаў з сілавікамі. Ён казаў мне, што яго калі-небудзь забяруць. Так і казаў: я буду ісці, і я магу патрапіць, мяне забяруць.

Шмат разоў было, што я тэлефанаваў, а ён ішоў з працы, і было чуваць, што сірэны, крыкі, пратэсты, але ён стаіць спакойна, размаўляе. Гэта значыць, ён стараўся абыходзіць бокам, каб пазбегнуць праблем. Шмат разоў было так, што ён назіраў, быў побач.

Сказаць пра нейкія выяўленыя палітычныя погляды не магу. Наколькі мне вядома, ён ставіўся да ўсяго нейтральна. Але з улікам таго, што адбывалася ў дзень выбараў 9 жніўня, гэта магло памяняцца. Я яму акурат тэлефанаваў, у краіне пачаў знікаць інтэрнэт. І ён сказаў, што робіцца нешта незразумелае. Ён выходзіць з пад'езда, а ў ста метрах стаіць натоўп людзей, натоўп міліцыі, АМАП.

Магчыма, гэта неяк памяняла ягонае стаўленне і погляды. Яго гэта ўсё шакавала. Ведаючы яго, магу сцвярджаць: ён не мог застацца абыякавым. Не магу сказаць, што ён нешта прапагандаваў, але гэта яго кранула.

Ніколі б не палез у бойку

- Вы, напэўна, ведаеце, як улады падаюць смерць Рамана, што пра яго казаў Лукашэнка. Следчы камітэт сцвярджае, што Рома быў п'яны. Вы верыце ў гэта?

- Рома быў чалавекам з галавой. Ён быў адказны. Гэта ўсё адно, што ён бы выйшаў на працу п'яным, чаго ніколі б не зрабіў. Я ў гэта не веру і не паверу.

- Вы верыце ў тое, што Раман мог надаць супраціў або быць агрэсіўным пры затрыманні невядомымі людзьмі ў масках?

- Слоўная сварка магла адбыцца. Я сумняваюся, што ён бы прамаўчаў, калі б яго пачалі абражаць. Бо ён за словам у кішэню не лез. І ён быў за праўду. Калі недзе бачыў несправядлівасць, ён выказваўся, не маўчаў, не праглынаў, заўсёды мог адказаць. Магчыма, ён задаў нязручнае пытанне. Але ведаючы яго, я дакладна магу сказаць: ён ніколі б не палез у бойку, не ўдарыў першым. Калі на яго нападуць, ён можа адказаць, цярпець не будзе. Але справакаваць бойкі ён не мог.

- Лукашэнка заяўляў, што ўзяў расследаванне абставінаў смерці Рамана пад асабісты кантроль. Справу перадалі ў Генеральную пракуратуру. У інтэрнэт таксама патрапілі магчымыя перамовы аб нападзе на Рамана. Як вы думаеце, забойцаў знойдуць?

- Калі шчыра, маё меркаванне, гэта ўжо ўсё адно. Чалавека не вярнуць. Усё, што я магу сказаць. Калі я ў Менску, імкнуся асабліва нічога не чытаць і не глядзець. У першыя дні навіны вельмі білі па маёй псіхіцы. Было не да таго. Цяпер такая сітуацыя ў краіне, што незразумела, каму верыць.

- Як вы ставіцеся да таго, што з вашага сябра зрабілі своеасаблівы сімвал пратэсту?

- Я не ведаю, што ён хацеў быць, як яго называюць, «Рома - ты наш герой». У мяне адна думка: лепш бы ён быў героем для мяне, для жонкі, для вузкага кола людзей, чым на ўсю Беларусь. Дык, можа, ён бы такога стаўлення хацеў, каб яго ўзнеслі, але лепш бы ён быў жывым і з намі.

- Якім вы запомнілі Рамана?

- Ён быў маім найлепшым сябрам. У мяне ў Менску няма знаёмых, хоць я часта там бываў. Але быў Рома, і я ведаў, што калі ў мяне сапсуецца аўто ці нешта здарыцца, ён прыедзе, забярэ, дапаможа, дасць начлег. Яму можна было даверыцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках